Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паўфуры тушонкі, кансэрваў, згушчанкі: расейскія вайскоўцы ў поўнай «боегатоўнасьці» едуць зь Беларусі на мяжу з Украінай


Знак на мяжы з Расеяй

Знак на мяжы з Расеяй

«Бляшанкі з тушонкай, рыбнымі кансэрвамі і згушчанкай; скрыні з сокамі, крупамі і гаспадарчым мылам; цюкі з бушлатамі, камуфляжам і афіцэрскімі ботамі... Падпалкоўнік вяртаўся дадому цалкам «укамплектаваны», — менскі грузаперавозчык пра тое, як суправаджаў на новае месца службы афіцэра расейскай арміі.

Усё, што нажыта «непасільнай афіцэрскай службай»

Кіраўнік сталічнай транспартнай фірмы Сяргей Штода зарэгістраваны на спэцыялізаваных сайтах грузаперавозак і штодня маніторыць, куды выгадней адправіць машыну. Неяк пабачыў абвестку пра кватэрны пераезд, прычым нязвыкла загадзя — за месяц. Затэлефанаваў, дамовіліся пра дзень, пра суму, склалі дамову. З пашпартных зьвестак вынікала, што замоўнік — грамадзянін Расеі, туды ж і пераяжджае. Крыху пазьней аказалася, што гэта афіцэр, які пераводзіцца для далейшай службы ў Курск:

«Адзінай яго ўмовай было, каб прыехалі са сваімі грузчыкамі, — расказвае Сяргей Штода. — Мінімальны час працы грузчыкаў — 2 гадзіны, але ён запэўніў, што справяцца і за 45 хвілінаў. Прайшла гадзіна, тэлефануе кіроўца: якія 45 хвілін? За паўдня пасьпець бы! Кажу, калі што, працягніце на гадзінку. Праз 3 гадзіны зноў званок: ні канца ні краю не відаць! Я якраз быў недалёка, дый з грузчыкамі трэба разьлічыцца. Паверце, у мяне даўно не было такога зьдзіўленьня. Па-першае, грузу было на 40 кубоў, гэта паўфуры. Па-другое, у маім разуменьні вайсковы чалавек пастаянна жыве на чамаданах: сёньня ў адным месцы, заўтра ў іншым. Таму невялікія пажыткі: торба, заплечнік. Тут жа паўмашыны загрузілі аднымі скрынямі! І нясуць грузчыкі, сагнуўшыся ў тры пагібелі. Хоць яўна ня цэгла».

Цікаўнасьць не адпускала. Сяргей Штода падняўся ў кузаў і прыадчыніў пару скрынак, каб пераканацца, што груз прынамсі легальны. Кардонкі з-пад садавіны былі пад завязку набітыя «няхітрым афіцэрскім скарбам»: бляшанкамі з тушонкай, рыбнымі кансэрвамі, згушчанкай; у іншых былі спакаваныя сокі, розныя крупы, гаспадарчае мыла; цюкі з салдацкай амуніцыяй — бушлатамі, камуфляжам, афіцэрскімі ботамі.

«Чаго там толькі не было, нават чатыры лапаты для прыбіраньня сьнегу. Потым разгаварыліся, запытваю: а дзе ж ты служыш, у якім званьні? Кажа, пасада штабная, асаблівыя даручэньні, падпалкоўнік. Жонка да адʼезду працавала ў расейскай амбасадзе ў Менску, сыну гадоў 10. Сам грамадзянін Расеі, перасылаў мне для дамовы копію пашпарту, аднекуль з Уладзівастоку. Быў прыкамандзіраваны да вайсковай часткі ў ваколіцах Менску, дзесьці ў Калодзішчах ці ва Ўруччы. І вось паступіў загад на пераезд у Курск. Ад каго — не сказаў, толькі ўдакладніў, што шмат хто таксама накіроўваецца ў той рэгіён, ня толькі ён. Папрасіў каардынаты, каб дапамог зь пераездам і ягоным сябрам».

З далейшай гутаркі вынікала, што ўмацоўваецца расейскае памежжа з Украінай — Бранск, Белгарад, Варонеж, Курск. Як потым расказаў кіроўца, вярнуўшыся з рэйсу, адкамандзіраванаму падпалкоўніку адразу выдзелілі ў Курску кватэру, засяляйся і жыві.

«Мы яму суму назвалі, ён нават не таргаваўся — маўляў, бяз розьніцы, вайсковая частка ўсё кампэнсуе. Заплаціў, мы дакумэнтальна ўсё аформілі, на месцы яму грошы вярнулі. Усе гэтыя скрыні, адпаведна, перакачавалі ў новую кватэру. А столькі нахапаў, дагэтуль не магу супакоіцца: палову фуры займалі толькі скрыні з харчамі. Ставілі адну на адну, дакладна вышэй за 2 мэтры. Цэлую вайсковую частку можна пракарміць. І гэта адзін такі, а ў яго ж яшчэ сябры! Вывозілі з двухпакаёўкі, нават не ўяўляю, дзе яны там самі жылі. Бо, апроч харчоў, у некалькіх экзэмплярах яшчэ былі лядоўні, пральныя машыны, дываны. Нават тыя ж сьнегавыя лапаты: навошта табе ажно чатыры? Ну, кажа, легкавік адкопваць раніцай. А астатнія? Ды ясна, што не за свае куплена...»

Грузаперавозчык Сяргей Штода

Грузаперавозчык Сяргей Штода

Суразмоўца перакананы, што «несуны» ў арміі — абавязковы атрыбут яшчэ ад савецкіх часоў. І расказвае, як сам нядаўна сутыкнуўся з паслугамі «тылавога забесьпячэньня»:

«Ня так даўно зламалася машына — лопнулі ззаду пару лістоў рэсораў. У мяне ёсьць знаёмы падпалкоўнік у адстаўцы, некалі служыў у Калодзішчах. Расказваю яму пра сваю бяду, кажу, нібыта ад ГАЗ-66 падыходзіць, буду шукаць. На паўслове перабівае: ды няма праблем, вось затэлефануй па такім нумары. Набраў, дамовіліся, паехаў туды. Мне ў аліве вынесьлі новыя рэсоры на два бакі, то бок па камплекце. Хоць трэба было толькі па лісьце. І гэта мне абышлося ў бутэльку каньяку і 10 эўра, насамрэч каштуе ў 10 разоў даражэй. А тут бяры што хочаш, ніякага кантролю. Трэба — тэлефануй, прыяжджай. Як такое можа быць? Супакоілі, што „гэтак склалася гістарычна“».

Яшчэ не «пятая калёна», але з гаспадарскімі замашкамі

Сяргей Штода кажа, што яшчэ летам чытаў у інтэрнэце пра тое, як Расея перакідвае войскі бліжэй да мяжы з Украінай. Але ня мог і падумаць, што хоць і ўскосна, але сам будзе датычны да гэтага працэсу:

«Пісалі, што Расея перакідвае цэлыя вайсковыя часткі. Чытаў на аўтамаце, а цяпер задумаўся: відаць, сапраўды маштабная перадыслякацыя, калі нават зь Беларусі пачалі тузаць сваіх людзей. Але на якой падставе ён тут сядзеў? У нас што, няма каму служыць? Нейкім чынам сюды ўсунулі, а ён яшчэ нахапаў па поўнай праграме, павёз дабро ў Расею. І ня ён адзін. Бо калі грузіліся, ён паралельна з кімсьці сазвоньваўся, таксама ішла машына на Курск. То бок рэальна ўмацоўваюць. Можа, на ўсялякі выпадак, можа не на ўсялякі, але ж да нечага рыхтуюцца. Прынамсі, пераканаўся, што перакідка войскаў рэальна існуе. Што б хто ні гаварыў, такі рух ёсьць, асабліва ў кірунку Бранску, Курску. Дарэчы, там участкі, дзе да мяжы з Украінай кілямэтраў 80. І кіроўцы кажуць, што ў адным месцы бачылі тэхніку, у другім. Дый пішуць пра гэтыя рэчы таксама».

На якіх умовах расейскія афіцэры інтэгруюцца ў сыстэму Ўзброеных сілаў Беларусі? Экспэрт у вайсковай галіне Аляксандар Алесін кажа, што гэтая прысутнасьць не такая малая, як можа здацца недасьведчанаму чалавеку. Але неабходна бачыць розьніцу паміж тымі, хто прымацаваны да штабных структураў, і хто служыць на расейскіх абʼектах на тэрыторыі краіны:

Аляксандар Алесін

Аляксандар Алесін

«Ёсьць людзі, прымацаваныя да інтэграцыйных вайсковых структураў, якія функцыянуюць па лініі адзінай рэгіянальнай сыстэмы супрацьпаветранай абароны, ёсьць іх прадстаўнікі пры нашым штабе. А таксама ў пляне сумеснай групоўкі сухапутных войскаў, іх людзі таксама прысутнічаюць у структурах кіраваньня. Думаю, што гэты чалавек — адзін зь іх. Значыць, ёсьць расейскія афіцэры, закліканыя забясьпечыць ваенную інтэграцыю ў выпадку ўзьнікненьня няштатнай сытуацыі. Пастаянна ідуць вучэньні, існуе вялікі апарат расейскага вайсковага аташэ, а ён тут у чыне генэрала, ня меней, вялікія зоркі на пагонах. І яго галоўная задача не як ва ўсіх аташэ, каб весьці вайсковую палітыку, ён тут якраз на выпадак узьнікненьня надзвычайнай сытуацыі і сумесных ваенных дзеяньняў войскаў Беларусі і Расеі. Таму маецца цэлы кантынгент афіцэраў пры штабных структурах, нават прыкамандзіраваныя генэралы».

Таксама ў Беларусі дзейнічаюць два вялікія расейскія вайсковыя абʼекты са статусам вайсковых частак — станцыя папярэджаньня аб ракетным нападзе ў Ганцавічах і станцыя далёкай сувязі з атамнымі падводнымі лодкамі ў Вілейцы. На абедзьвюх служаць па некалькі соцень расейскіх салдат-кантрактнікаў і афіцэраў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG