Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Аляксандар Лукашэнка ў разгар сацыяльна-эканамічнага крызісу раптам пачаў турбавацца пра тэрытарыяльную абарону?


Тры пытаньні для трох аналітыкаў: Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч, Ігар Карней.

Карбалевіч: Найперш варта адзначыць, што ўвогуле Лукашэнка, як і ўсякі дыктатар, заўсёды аддае шмат увагі сілавым структурам. Бо сілавы складнік аўтарытарнай улады — галоўны. Нават апошнім часам кіраўнік дзяржавы ўдзельнічаў у калегіі МУС, Сьледчага камітэту.

І вось цяпер узяўся за тэрытарыяльную абарону. 17–18 лютага адбываецца збор па тэрытарыяльнай абароне з удзелам старшынь аблвыканкамаў і Менгарвыканкаму. Аляксандар Лукашэнка заклікае ўсіх з усёй сур’ёзнасьцю паставіцца да гэтага віду абароны.

Валер Карбалевіч

Валер Карбалевіч

Зразумела, такі від войска, як народнае апалчэньне, у сучаснай вайне — гэта нейкі атавізм. У выпадку вонкавай агрэсіі яно наўрад ці дапаможа. Яшчэ з савецкіх часоў цывільных, якія прызываліся на кароткія вайсковыя зборы, у народзе называлі «партызанамі». Дык вось гэтыя «партызаны» з аўтаматамі ў сучаснай вайне, дзе асноўныя сродкі — гэта ракеты, авіяцыя, выглядаюць гратэскна.

Іншая справа, калі гаворка ідзе пра ўнутраны канфлікт такога кшталту, як ва Ўкраіне апошнія два гады. Вось пры такім разьвіцьці падзей узброены народ становіцца галоўным суб’ектам палітычнага працэсу.

Хачу нагадаць, што Лукашэнка пачаў раптам клапаціцца пра рэанімацыю тэрытарыяльнай абароны адразу пасьля вайны ў Лібіі, барбарскага забойства Муамара Кадафі. Думаю, яго гэты факт моцна ўразіў. І ён вырашыў, што ўзброены народ — гэта галоўны сродак у здушэньні нейкага вайсковага мяцяжу.

Дарэчы, у новай ваеннай дактрыне Беларусі ўнутраны сілавы канфлікт разглядаецца як адна з пагроз нацыянальнай бясьпецы. Думаю, гэта адбылося пад уплывам украінскіх падзей.

Але тут узьнікае іншая праблема. У момант вялікіх сацыяльных забурэньняў, якія перарастаюць у грамадзянскую вайну, узброены народ — гэта двугострая зброя. Чаму Лукашэнка ўпэўнены, што калі народ возьмецца за зброю, то пачне мужна абараняць ягоны рэжым?

Ну, і гэтае мерапрыемства — працяг той прапагандысцкай лініі, якую Лукашэнка праводзіць ужо два гады: галоўнае — не заробкі, не дабрабыт, а мір, бясьпека, парадак.

Юры Дракахруст

Юры Дракахруст

Дракахруст: Мне здаецца, гэта робіцца для таго, каб паказаць, што Беларусі ёсьць чым адказаць на гібрыдную вайну. Вядома, у сучасным адкрытым ваенным канфлікце гэтыя «партызаны» ня надта што могуць зрабіць. Але беларуская гісторыя нам кажа, што ў іншых умовах партызаны — гэта вялікая сіла. Пра гэта сьведчаць тыя ж самыя нацысцкія дакумэнты.

У сытуацыі як у Крыме і на Данбасе, калі зьяўляюцца людзі са зброяй, сытуацыі фактычна мяцяжу, іншыя людзі са зброяй у абароне могуць адыграць вырашальную ролю.

Да таго ж у новай ваеннай дактрыне чорным па белым напісана, што пагрозай зьяўляецца гібрыдная вайна. Дзе яна ідзе цяпер, мы разумеем — на Данбасе. Таму тут фактычна заяўляецца, што пагрозай зьяўляецца наш дарагі саюзьнік.

Ну, а наколькі на яго зробяць уражаньне гэтыя дэманстрацыі тэрытарыяльнай абароны, — гэта, зразумела, вялікае пытаньне. Тым ня менш, чым багаты, тым і рады. Дэманструецца тое, што ёсьць. Ваенны экспэрт Аляксандар Алесін кажа, што і беларускае войска праводзіць вучэньні якраз па сцэнары нэўтралізацыі гібрыднай вайны. Пэўны сымбалізм тут бачыцца: у той тыдзень, калі адмяняюцца санкцыі, калі шлях да Эўропы робіцца свабодным, ладзяцца гэтыя вучэньні, каб ніякіх, так бы мовіць, і думак кепскіх не ўзьнікала.

Ігар Карней

Ігар Карней

Карней: Гэта больш дэкляратыўныя заявы, чым практычныя. У Беларусі ўсё ж досыць баяздольнае войска. Тэхніка ня самая сучасная, але яна ёсьць. Калі яшчэ туды інтэграваць гэтую партызанскую самадзейнасьць... Мае таварышы, якія траплялі на вайсковыя зборы, распавядалі, што ўзровень падрыхтоўкі там быў кшталту нефармальнага адпачынку — сядзеньне ў акопах з «чарнілам» цягам двух месяцаў. Наколькі такая адзінка баяздольная?

Наконт партызанаў другой сусьветнай вайны, — дык тады эфэктыўна працавала Масква, дасылаючы сюды сваіх афіцэраў, якія фармавалі тут свае брыгады. Цяпер гэта аддаецца на водкуп беларускаму кіраўніцтву. Ці будуць тут такія імправізаваныя партызанскія «бацькі», камбрыгі — вялікі сумнеў бярэ. Можа, гэта яшчэ адзін спосаб адцягнуць увагу ад трывожнай эканамічнай сытуацыі, пагаварыць на тэму незалежнасьці, абароны, маўляў, ні пядзі не аддадзім.

Дракахруст: Сапраўды, у масе гэта такія партызаны, як вы сказалі, але на чале іх кадравыя афіцэры. Другое — што на што заточана? Зразумела, такая тэрытарыяльная абарона ня зможа супрацьстаяць, груба кажучы, спэцназу ГРУ Расейскай Фэдэрацыі. Але з супрацьлеглага боку такія самыя будуць. Таму адна паўпартызанская частка супраць другой паўпартызанскай часткі змагацца зможа.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG