Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі грузаперавозчык учыніў пэрформанс на MAKS-2015


Прадпрымальнік-грузаперавозчык Сяргей Штода, вядомы сваёй актыўнасьцю ў змаганьні зь недасканалай сыстэмай спаганяньня грошай за карыстаньне платнымі дарогамі ў Беларусі, учыніў пэрформанс падчас Міжнароднага авіяцыйна-касьмічнага салёну MAKS-2015 у Маскве.

Як расказаў сам спадар Штода, яму не без складанасьцяў, але ўдалося залезьці ў кабіну вайсковага самалёта-зьнішчальніка, які экспанаваўся ў рамках выставы. Там ён разгарнуў самаробны плякат з надпісам «Лукашэнка! Патрабуем амністыі BelToll», а калегі зрабілі некалькі здымкаў. Перашкодаў з боку арганізатараў удалося пазьбегнуць.

Раней Сяргей Штода выклаў у Фэйсбуку здымак фуры на фоне знаку аплаты BelToll. Уздоўж борта прычэпа была прымацаваная расьцяжка з датай прэзыдэнцкіх выбараў і наступным тэкстам: «11.10.2015 —? Лукашэнка! Дзе абяцаная амністыя? Патрабуем адвязаць платныя дарогі ад эўра».

Сяргей Штода — адзін зь лідэраў пакрыўджаных BelToll’ам перавозчыкаў. За першыя месяцы працы ў новых умовах «наезьдзіў» на 10 тысяч эўра штрафаў. Па яго словах, ад самага пачатку сыстэма працавала са збоямі: бартавыя прыстасаваньні не спрацоўвалі пры праезьдзе пад брамамі ці давалі няправільныя зьвесткі пра транспартны сродак. Але кіроўцы пра гэта нават не здагадваліся — паведамленьні пра «парушэньні» пачалі прыходзіць празь некалькі месяцаў, абскардзіць іх не было магчымасьці.

Падманутыя кіроўцы і перавозчыкі прапанавалі ўраду правесьці «амністыю» — скасаваць штрафы за першыя месяцы працы сыстэмы, калі да яе толькі прызвычайваліся. У іншым выпадку, папярэджвалі яны, неадэкватныя спагнаньні прывядуць да банкруцтва прадпрымальнікаў. Грузаперавозчыкі абвінавацілі ўлады ў спробе зьнішчыць недзяржаўны сэктар міжнародных транспартных паслугаў — каля 5 тысяч юрыдычных асобаў сталі закладнікамі BelToll.

Спачатку Міністэрства транспарту пагадзілася ануляваць штрафы, але пазьней дало задні ход. У лютым на знак пратэсту Сяргей Штода заклікаў грузаперавозчыкаў на акцыю ля Дому ўраду, дзе паабяцаў учыніць публічнае спальваньне фураў. За дзень да прызначанай даты Штоду запрасілі на сустрэчу зь віцэ-прэм’ерам — нібыта абмеркаваць умовы «амністыі» — а ў выніку арыштавалі на 15 сутак. Абвінавачаньне традыцыйнае — «лаянка ў публічным месцы».

Каб змагацца з BelToll, быў заснаваны Саюз беларускіх грузаперавозчыкаў «Восьмы рэгіён». Пакуль грамадзкае аб’яднаньне не зарэгістраванае, але, як кажа Сяргей Штода, пляцоўка можа стаць агульнай для абмеркаваньня шэрагу рэзанансных момантаў, сярод якіх — функцыянаваньне сыстэмы платных дарог, памеры транспартнага мыта, абавязковыя сэртыфікаты для прадпрымальнікаў і скасаваньне дэкрэту «аб дармаедах».

XS
SM
MD
LG