Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Маці Божая Нябеснай сотні» і «Супраціў дзьвюхгаловаму мутанту» на юбілейнай выставе «Пагоні»


Аляксей Марачкін

Аляксей Марачкін

У межах гэтай выставы будзе і асобная пэрсанальная экспазыцыя твораў аднаго з заснавальнікаў «Пагоні» Аляксея Марачкіна, які ўвесну адсьвяткаваў 75-гадовы юбілей.

Адзін з заснавальнікаў «Пагоні» і неадменны арганізатар выстаў творчай суполкі Аляксей Марачкін адказвае на пытаньні карэспандэнткі Свабоды.

«Мы не пайшлі шляхам Чаргінца і не зрабілі раздраю ў Саюзе мастакоў»

— З чаго пачыналася «Пагоня»? Чыя гэта ідэя? Ці зьвязаныя вы былі зь вядомым у 1970–80-я гады культавым месцам «На паддашку»?

— Вось вы згадалі «Паддашак». Сапраўды, спачатку былі нефармальныя сходы мастакоў у майстэрні Яўгена Куліка, разьмешчанай «На паддашку» — на цэнтральным праспэкце Менску насупраць КГБ. Там зьбіраліся мастакі — я, Маркавец, Басалыгі, Купава, Крукоўскі... Вядома, мы і раней ладзілі выставы з такім нацыянальным ухілам, дзе хацелі абудзіць гістарычную памяць беларусаў. Да гэтага былі выставы, прысьвечаныя Цётцы (Алаізе Пашкевіч), Міколу Гусоўскаму, іншым.

Нарэшце ў 1990 годзе мы афіцыйна аформіліся як творчая суполка «Пагоня». У нас было даволі шмат людзей. Гэта і мастакі, якіх ужо няма з намі — Яўген Кулік, Віктар Маркавец, а таксама Мікола Купава, Уладзімер Крукоўскі, я. Гэта было аб’яднаньне «дзеля абуджэньня нацыянальнай самасьвядомасьці народу, ягонага духоўнага, культурнага і дзяржаўнага адраджэньня» — так запісана ў статуце. Такім чынам, аўтары ідэі — Віктар Маркавец, Яўген Кулік, Мікола Купава і я. І мы думалі, як арганізавацца.

— І ўжо тады такая назва зьявілася? Яшчэ ж і незалежнасьць Беларусь, здаецца, не абвясьціла...

— Памятаю, Мікола Купава выказаўся — маўляў, «як карабель назавецца, так ён і паплыве», так што назоў павінен быць баявым. А Яўген Кулік з гумарам сказаў: «Ну канечне, Мікола, мы назавем яе „Пагоня“». «Безумоўна, толькі «Пагоня», і трымацца будзем толькі «Пагоні» — кажа Купава. Ну, а потым «Пагоня» стала афіцыйным дзяржаўным сымбалем. Дарэчы, менавіта сябры «Пагоні» Ўладзімер Крукоўскі, Яўген Кулік і Леў Талбузін распрацавалі дзяржаўную сымболіку незалежнай Беларусі ў 1991 годзе.

— І вас афіцыйна зарэгістравалі?

— Больш за тое, мы нават зарэгістраваліся як асобная арганізацыя, што мела для нас вельмі кепскія наступствы. Мы тады зарэгістраваліся як юрыдычная асоба, і на нас тады пачалі ківаць — маўляў, «вы развальваеце творчы Саюз мастакоў», то бок трэба будзе дзяліць маёмасьць. Тады старшынём быў, здаецца, Генадзь Буралкін. Але потым усё сьцішылася. Мы не пайшлі шляхам старшыні праўладнага Саюзу пісьменьнікаў Мікалая Чаргінца і не зрабілі раздраю ў Саюзе мастакоў. Мы засталіся пры Беларускім саюзе мастакоў сэкцыяй, але называем сябе суполкай «Пагоня».

Уладзімір Сулкоўскі - Каліноўскі. 1992 год

Уладзімір Сулкоўскі - Каліноўскі. 1992 год

Мы былі натхнёныя незалежнасьцю, думалі, што ўсё зьмянілася назаўжды. Але да 25-годзьдзя дажылі. Забягаючы наперад, скажу, што, канечне ж, наш атрад паменеў. Калі ў лепшыя часы нас было да сотні, то цяпер каля паўсотні. Шмат людзей адышло, але некалькі гадоў таму, дзякуючы старшыні нашай суполкі Генадзю Драздову, у Чырвоным касьцёле адбылася выстава знакавых мастакоў і для Беларусі, і для нашай суполкі — якія адышлі ад нас. Гэта Ўладзімер Сулкоўскі, Сяргей Цімохаў, Віктар Маркавец, Тодар Копша, Генадзь Сокалаў-Кубай, Генадзь Асташонак, Віктар Сташчанюк, Яўген Кулік, Яўген Шатохін, Пятро Шарыпа, Кастусь Харашэвіч, Лявон Раманоўскі, Вольга Раманоўская, Яўген і Генрых Ціхановічы, Рыгор Кійко...

«Смаленьне чорнага вепрука» — да 100-годзьдзя Леніна

«Смаленьне чорнага вепрука» — да 100-годзьдзя Леніна

«З 1990-га „Пагоня“ кожны год выстаўляліся, але прыйшоў новы мудры гісторык, і ўсё зьмянілася»

— Спадар Аляксей, ці маглі вы ўявіць сабе, ствараючы «Пагоню», што дажывяце да такога саліднага ўзросту, рэгулярна будзеце выстаўляцца ў Палацы мастацтваў?

— Сапраўды, 25 гадоў — гэта салідны ўзрост. Як гэта мы дажылі да гэтага часу? Шмат чаго зьмянілася, але шмат у чым — абсалютна нічога не зьмянілася. Нават ня думалі, што з 1994 году мы трапім у такую сытуацыю, калі нас будуць забараняць. Ад 1990 году мы кожны год выстаўляліся — і першыя чатыры гады звычайна да Дня Волі 25 сакавіка была справаздачная выстава. Гэта было сьвята, сьвята для мастакоў, сьвята для гледачоў.

Але прыйшоў новы мудры гісторык, і ўсё гэта зьмянілася. Нам забаранілі на Дзень Волі ладзіць выставы, але мы ўсё ж такі прабіваліся. То 10-годзьдзе суполкі «Пагоня», то 20 год, цяпер 25. І вось мы ў Палацы мастацтва з вамі знаходзімся. 24 лістапада а 17-й гадзіне мы адкрываем выставу нашай творчай суполкі.

І што цікавае і адметнае на гэтай выставе — удзельнічаюць і тыя мастакі, якія зь нейкіх прычын адышлі ад нашай суполкі, ці то з мэркантыльных, ці то з палітычных...

І ўсё ж такі мы дажылі да 25-годзьдзя! Гэта вельмі адказная для нас дата. Трэба паказаць зробленае за 25 гадоў. На нашай выставе будзе і рэтраспэкцыя — мастакі прыносяць творы, якія яны лічаць сваім здабыткам, якія яны лічаць вартымі такой выставы. Тут кожны стараецца паказаць штосьці адметнае, менавіта сваё.

«Зьмітраў хлеў»

«Зьмітраў хлеў»

— На юбілейнай імпрэзе могуць выстаўляцца ўсе, хто жадае, ці адбор быў?

— Перш за ўсё будуць прадстаўлены сябры творчай суполкі «Пагоня». Але ёсьць і запрошаныя. Усяго 50–60 чалавек выстаўляецца. На трэцім паверсе — моладзь, на другім — вялікая экспазыцыя: жывапіс, графіка, скульптура. Наведнікаў чакае шмат цікавага. Алесь Пушкін, Генадзь Драздоў прынесьлі тэматычныя, вострыя карціны. Галіна Горава прынесла карціны — яна ідзе па сьлядах Язэпа Драздовіча, піша фантастычныя палотны. Будзе і старэйшае пакаленьне — вэтэран Другой усясьветнай вайны Мікола Назарчук цікава піша на гістарычныя тэмы. Цікавая тэхніка ў Натальлі Піневіч — гэта і скульптура, і жывапіс. Будуць і сацыяльна вострыя карціны — калі яны пройдуць. Перад адкрыцьцём прэзыдыюм Саюзу мастакоў, кіраўніцтва будзе глядзець, а з нашым кіраўніцтвам мы ў рожкі не ідзем. У іх таксама спрацоўвае інстынкт самазахаваньня. Так што пакуль не магу сказаць, ці ўсе творы пабачыць глядач.

Інсталяцыя «Шляхамі Язэпа Драздовіча»

Інсталяцыя «Шляхамі Язэпа Драздовіча»

«Цэнзура, безумоўна, дагэтуль ёсьць»

— Выставы творчай суполкі «Пагоня» адметныя яшчэ і тым, што пастаянна забараняюць творы, прымушаюць здымаць. Здымалі плякаты Ўладзімера Крукоўскага, палотны Алеся Пушкіна, інсталяцыі Генадзя Драздова, вашы творы. Вось калі забаранялі — як тлумачылі? Чым?

— Ставіцца да нас сталі больш жорстка. Цэнзура, безумоўна, дагэтуль ёсьць. Ніякіх тлумачэньняў не было. Як не было тлумачэньняў, калі асабіста ў мяне здымалі мае працы. Я казаў: вы здымайце хоць усю выставу, толькі патлумачце, дайце афіцыйную паперу — зь якой нагоды, па якой прычыне. Але ніхто ня хоча засьвечвацца. Ціхай сапай, тэлефоннай размовай.

— Вось вы сказалі пра цэнзуру. А хто праглядае творы, хто дае дазвол ці забараняе? Як гэта адбываецца — напярэдадні выставы?

— Абавязкова! Міністэрства культуры і іншыя людзі ў цывільным глядзяць — і потым тэлефанаваньне кіраўніцтву Саюзу мастакоў: зьняць тую і тую працу.

У мяне так было на пэрсанальнай выставе, калі яшчэ жывы быў Сяржук Цімохаў, тады ён быў намесьнікам старшыні Саюзу мастакоў. Я зрабіў у верхняй залі выставу, мы прайшліся там. І пару-тройку маіх прац кіраўніцтва Саюзу не хацела выстаўляць. Я, як мог, абараняўся. Кажу: «Вы дайце мне афіцыйную паперу — зь якой нагоды, чаму забаранілі». Мяне падтрымаў Цімохаў. Карацей, яны нічога ўцямнага адказаць не маглі. Мае карціны засталіся на выставе. І сьвет не перакуліўся!

Але вось гэтая «бдительность», пільнасьць — яна пастаянна праяўляецца. Хоць чыноўнікі і хочуць паказаць, што ў нас няма цэнзуры, але яна ёсьць.

— Колькі па часе працягнецца выстава суполкі «Пагоня»?

— Графік у Палацы мастацтваў даволі жорсткі: нам адвялі шэсьць дзён — да наступнага панядзелка. Нам прапаноўвалі правесьці выставу ў мёртвы сэзон, у жніўні, але кіраўніцтва Палаца мастацтваў пайшло нам насустрач. Час спрыяльны — студэнцтва на месцы.

Мы чакалі гэтага сьвята, плянавалі да выставы выдаць альбом, але не хапіла рэсурсаў. Спадзяюся, пасьля Новага году выдадзім.

«Дабрасьвет»

«Дабрасьвет»

«Я — блазан, які кажа праўду»

— Спадар Аляксей, сёлета 30 сакавіка ў вас быў юбілей —75-годзьдзе. Увесну пэрсанальную юбілейную выставу не ўдалося арганізаваць. Але цяпер у межах выставы суполкі «Пагоня» будзе і ваша пэрсанальная выстава ў асобнай залі.

— Гэтая выстава будзе ў фае, зьлева ад цэнтральнага ўваходу. Трэба падзякаваць дырэктару Палаца мастацтваў Аляксандру Ўладзімеравічу Зінкевічу, гэта малады чалавек, які шчыра і аддана апякуецца мастацтвам. У залі, у якой я буду выстаўляцца, вельмі прыгожы і правільны інтэр’ер, вокны перакрытыя, сьвятло адрэгуляванае. І я зрабіў гэтую прастору замкнёнай. Памяшканьне невялікае, прахадное, але вельмі ўтульнае. Я думаю разьмясьціць дзясяткі два палотнаў, будуць і старыя працы — 70-х гадоў, і некалькі сучасных, якіх гледачы яшчэ ня бачылі — прысьвечаных агрэсіі Расеі і ўсяму, што з гэтым зьвязанае.

Адна работа называецца «Маці Божая Нябеснай сотні». У мяне ёсьць «Маці Божая Курапацкая», «Маці Божая Чарнобыльская»... І вось цяпер такі дыптых, прысьвечаны Нябеснай сотні. Другі дыптых — «Двубой, альбо супраціў дзьвюхгаловаму мутанту» — там таксама ёсьць пэўныя асацыяцыі. На гэты раз я абыдуся без асобаў, хоць раней я пісаў так, каб асобы прачытваліся.

Алесь Марачкін. Карціны "Маці Божая Нябеснай сотні" (уверсе) і "Двубой"

Алесь Марачкін. Карціны "Маці Божая Нябеснай сотні" (уверсе) і "Двубой"

Будзе яшчэ адзін твор, калі пройдзе... Ён называецца «Райханутыя» — ад слова «Райх». Хоць пра твор цяжка расказваць, трэба глядзець, але ў двух словах скажу. Я калі глянуў уважліва на расейскі «бамонд», на ўсіх гэтых Бабкіных, іншых прадстаўнікоў расейскай папсы, якія аж са скуры вылазяць: «Данбас наш», «Крым наш» — мяне гэта так уразіла... Вось ад гэтых «райханутых» жанчына абараняе шчытом хлопчыка, у якога і вочкі жоўта-блакітныя. А на галаве ў яе двухгаловы арол.

Нарэшце, я намаляваў партрэт свайго бацькі — Антона Мікалаевіча Марачкіна.

— Я ведаю, што менавіта бацька зрабіў на вас вялікі ўплыў, дзякуючы яму вы і сталі мастаком.

— Мой бацька ўсю вайну прайшоў як старшына санітарнай роты, цягаў на сабе раненых, перавязваў, сам быў паранены. Ён адзіны ў раёне меў ордэн Баявога Чырвонага Сьцяга. А пасьля вайны ён быў вясковым бібліятэкарам. Калі ён прыйшоў з вайны, ён не прывёз швейную машынку для маці, а прывёз вялікую кіпу паштовак — рэпрадукцыі карцін зь Люўру, Дрэздэнскай галерэі. Я сядзеў на пячы і разглядаў — можа, гэта на мяне і паўплывала, што я стаў мастаком.

Упершыню я выстаўлю ўнікальны твор — інсталяцыю «Сьцежкамі Язэпа Драздовіча». Гэта арыгінальны маляваны дыван Драздовіча і цікавыя прадметы вакол яго.

На гэтай выставе я ўпершыню пакажу і «Партрэт Анатоля Сыса» — гэта геній беларускай паэзіі. Дарэчы, я спачатку хацеў назваць сваю пэрсанальную выставу радком Анатоля Сыса «Ў гэтай краіне»:

У гэтай краіне ня маю я дому.
Вось воблака — сяду і ў сьвет палячу
Над гэтай гаморай, над гэтым садомам.
Ня грошай, ня славы — я волі хачу.

Але мая пэрсанальная выстава будзе безназоўнай.

«Партрэт Анатоля Сыса»

«Партрэт Анатоля Сыса»

— Спадар Аляксей, вы з маладосьці былі дысыдэнтам? Я мяркую нават па назвах вашых твораў... Бацька вас перасьцерагаў?

— Бацька ня раз паўтараў: «Ляксейка, кола гісторыі не павернеш назад, а пад кола трапіць можаш». У апошнія месяцы вайны бацька ўступіў у партыю. І вось калі я паступіў у віцебскі інстытут, бацька мне кажа: «Ты, Аляксей, у гэтую партыю не ўступай, там адны зладзеі». Так што многім у жыцьці я абавязаны бацьку.

— Спадар Марачкін, а ў Беларусі мастак можа пражыць творчасьцю?

— Не, не, цяжка. Даволі высокая плата за памяшканьне, за майстэрню — як зіму перажыць? 5 мільёнаў у месяц пры пэнсіі ў 4 мільёны.

— А што тады натхняе?

— Гледачы, выставы — мае працы цікавыя людзям. Вось нядаўна ў Жодзіне была мая выстава, у «Арт-сядзібе» дзьве выставы. Зараз вось у Палацы мастацтваў выстаўляюся.

Ірына. Партрэт жонкі

Ірына. Партрэт жонкі

— Вы, бадай, рэкардсмэн па колькасьці забароненых і нават канфіскаваных твораў. Нядаўна зьнялі з выставы дзьве вашы карціны — «Хакеіста» і «Навалу», узгадваю яшчэ «Якія самі, такі і наш Саня», «Здані», «Сьлязу Міндоўга». Хоць усё вярнулі?

— Не. Памятаеце, раней Віктар Шандаровіч вёў праграму на НТВ «Лялькі». Я напісаў карціну «Нашы лялькі», яна вялікая, пэрсоны там былі пазнавальныя, сарказму шмат... Вось яе шкада. Так і не вярнулі. Той, хто экспрапрыіраваў твор, сказаў: «Я яго зьмяшчу дзесьці ў гаражы».

Сойм рэспублікі абодвух народаў ВКЛ і Кароны Польскай. Варшава 1773. - Алесь Родзін і Зміцер Юркевіч, 2014 год

Сойм рэспублікі абодвух народаў ВКЛ і Кароны Польскай. Варшава 1773. - Алесь Родзін і Зміцер Юркевіч, 2014 год

— Нябось не гараж, а катэдж упрыгожвае...

— Магчыма. Але мне не шкада. Мой бацька любіў паўтараць: «Што схаваў — то прапала, што аддаў — то тваё».

Я ўзваліў гэты крыж і іду зь ім. Гумар і жарт мне дапамагаюць. Вось намаляваў я фігуру, падобную да начальніка краіны, карціну забаранілі. Але я ж нікога не абразіў. Да таго ж, калі вы такія датклівыя, памерайце яго нос, вусы — можа, гэта ня ён. Ну, а асацыяцыі — на тое і мастацтва.

Каралеўская і царская сям’я каля сябе заўсёды цярпелі блазнаў — толькі блазан, у якога нешта ня тое ў галаве, можа сказаць праўду. Вось я такі блазан, які кажа праўду. Што ж са мной зробіш? Галаву не адсячэш. Пасадзіць, праўда, могуць...

XS
SM
MD
LG