Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Улады самі з задавальненьнем зрабілі б тое, што рабілі іхнія папярэднікі ў 30-гады»: у Менску адкрылі выставу «Праўда пра Курапаты».


У менскім Палацы мастацтваў адкрылася дакумэнтальна-мастацкая выстава «Праўда пра Курапаты. Факты, дакумэнты, сьведчаньні». Ініцыятарам імпрэзы выступіла грамадзкая ініцыятыва «Экспэрты ў абарону Курапатаў» пры падтрымцы шэрагу грамадзкіх арганізацыі і ініцыятыў.

Гэта першая ў Беларусі выстава, якая расказвае праўду пра гісторыю адкрыцьця, абароны і захаваньня Курапатаў ад часу іх першай публічнай згадкі ў 1988 годзе. Экспазыцыю выставы складаюць творы мастацтва: жывапісныя, графічныя і скульптурныя работы, інсталяцыі, фотаздымкі, копіі дакумэнтаў, рэчы абаронцаў Курапатаў 2001-2002 гадоў, газэты, судовыя матэрыялы у справе Курапатаў.

На адкрыцьцё імпрэзы прыйшло больш за сотню чалавек: вядомыя навукоўцы-гісторыкі, археолягі, мастакі, літаратары, палітыкі, былыя абаронцы Курапатаў і нашчадкі рэпрэсаваных, людзі, неабыякавыя да трагічнай мінуўшчыны сваёй краіны.

​Вядоўца імпрэзы — адзін арганізатараў выставы журналіст Марат Гаравы — першаму слова даў былому рэдактару газэты «Літаратура і мастацтва» Анатолю Вярцінскаму, які згадаў пра ўмовы, у якіх упершыню была апублікаваная праўда пра Курапаты ў артыкуле Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты — дарога сьмерці»: пра ціск і перасьлед з боку тагачасных камуністычных уладаў савецкай Беларусі.

Слова браў таксама мастак Васіль Шаранговіч, які ўзгадаў пра першую спробу ўшанаваць урочышча сіламі грамадзкасьці — творчы конкурс на мэмарыялізацыю Курапатаў, які адбыўся ў 1989 годзе і пра патрэбу ўзнавіць гэтую працу.

Рыгор Сітніца — старшыня Саюзу мастакоў, які паспрыяў, каб выстава адбылася ў Палацы мастацтва — падкрэсьліў, што ўлада ня мае сродкаў, каб ушанаваць памяць бязьвінна закатаваных, але мае сродкі на ўзьвядзеньне памяці пра іх ката — гэтак званай Лініі Сталіна. І дадаў, што толькі тады нацыя будзе моцнай, а краіна незалежнай, калі будзе годна ўшанаваная памяць бязьвінных ахвяраў рэпрэсіўнага рэжыму.

Сябра творчай суполкі «Пагоня», мастак Аляксей Марачкін, як адзін з актыўных удзельнікаў першага мітынгу ў Курапатах, адзначыў, што на імпрэзе не прысутнічалі чыноўнікі ад улады, не бываюць яны і ў Курапатах. У адрозьненьне ад іх, у Курапатах здолеў пабываць прэзыдэнт Злучаных штатаў Амэрыкі Біл Клінтан.

Удзел у адкрыцьці выставы прыняў таксама павераны ў справах ЗША ў Беларусі Скот Роланд, які камэнтуючы свае ўражаньні ад імпрэзы, сказаў:

«Я быў рады пачуць, калі адзін з выступоўцаў нагадаў пра візыт нашага прэзыдэнта Клінтана. Я таксама быў у Курапатах і бачыў помнік — лаву — падарак ад нашага прэзыдэнта. Гэта вельмі важна, што ён зразумеў значнасьць гэтага месца. Але гэта было 21 год таму і нам даводзіцца штогод тлумачыць наступным пакаленьням што гэта ўсё азначае. Забываць пра гэта нельга. Пакуль мы памятаем гэтае месца і гэтую трагедыю, то надзея на лепшае ёсьць. Я баюся, каб не прыйшоў час, калі мы гэта забудзем ці нехта скажа, што нельга пра гэта казаць. Гэта небясьпечная сытуацыя».

Удзельнікі імпрэзы, які бралі слова, ўзгадалі ўсю гісторыю Курапатаў пасьля іх адкрыцьця: і абарону ўрочышча ад пракладваньня праз магілы аўтамагістралі, і змаганьне супраць будаўнічага наступу, і судовае супрацьстаяньне з чынавенствам. Прамовы ўдзельнікаў адкрыцьця выставы суправаджалі сьпевамі, прысьвечанымі закатаваным землякам, бардаў Аляксей Галіч і Зьміцер Захарэвіч, які таксама быў адным з абаронцаў Курапатаў напачатку.

Паэт і палітык Уладзімер Някляеў, які таксама прысутнічаў на адкрыцьці свае ўражаньні ад падзеі выказаў гэтак:

«Гэтую выставу варта разглядаць, як надзею на тое, што нешта можа быць адносна Курапатаў і адносна ўвогуле ўшанаваньня памяці тых, хто быў зьнішчаны машынай рэпрэсій у 30-гады, зьменіцца. Гэта кладзецца ў кантэкст адносін з Эўразьвязам, у кантэксьце зробленага рэжымам для палякаў. А менавта — перадачы сьпісаў, расстраляных у Беларусі напярэдадні вайны. Словам — узьнікаюць нейкія спадзевы, але застаецца нязьменным пакуль што адно: існаваньне самога гэтага рэжыму, які гэтулькі часу замоўчваў Курапаты. Ведаеце па якой прычыне? Бо яны самі з задавальненьнем зрабілі б тое, што рабілі іхнія папярэднікі ў 30-гады. Яны б зрабілі, але зьмянілася сытуацыя, бо няма той жалезнай заслоны. І зараз да іх прыходзіць разуменьне, што ўжо ня зробіш, позна. І значыць трэба нешта рабіць з сабой. А што будзе далей — вельмі цікава».

Арганізатары выставы падчас адкрыцьця абвясьцілі пра пачатак Нацыянальнага конкурсу на лепшую мэмарыялізацыю Курапатаў, заклікаючы прыняць у ёй удзел перадусім моладзь. Каб памяць пра гісторыю масавых забойстваў бязьвінных людзей была ня толькі годна ўвекавечаная, але каб была ўшанаваная і не забытая і наступнымі пакаленьнямі беларусаў. Мовазнаўца і грамадзкі дзеяч, адзін з арганізатаў выставы ў складзе ініцыятывы «Экспэрты ў абарону Курапатаў» Вінцук Вячорка таксама падзяліўся ўражаньнямі ад падзеі:

«Вельмі задаволены, што прыйшло вельмі шмат людзей і розных узростаў, шмат моладзі. Бо адной з нашых найважнейшых мэтаў было перадаць нашую курапацкую справу, курапацкае ўсьведамленьне наступным генэрацыям. Якія насуперак адсутнасьці інфармацыі ў школьных падручніках, у мас-мэдыях — самі павінныя ўведаць і фактычны бок нацыянальнай трагедыі і яе экзыстанцыйны аспэкт. Гэта значыць, аспэкт, зьвязаны з выжываньнем беларускай нацыі: калі мы пераадолелі тую трагедыю, значыць мы не павінныя дапусьціць яе паўтарэньня. Бо пакуль што дэсталінізацыю і дэкамунізацыю мы не прайшлі».

Выстава «Праўда пра Курапаты. Факты, дакумэнты, сьведчаньні» будзе доўжыцца цягам трох дзён. У межах экспанаваньня адбудзецца таксама канцэрт бардаў Аляксея Галіча і Зьмітра Захарэвіча, а таксама дэманстрацыя дакумэнтальных кінастужак Міхася Жданоўскага і Вольгі Мікалайчык, прысьвечаных Курапатам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG