Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Марачкін намаляваў бацьку, маці, жонку і сябе — у выглядзе дзьмухаўца


У вялікай залі гарадзкой галерэі Жодзіна завяршаецца пэрсанальная выстава жывапісу старшыні суполкі «Пагоня» Аляксея Марачкіна. На афішах удакладняецца, што імпрэза пад назвай «Да вытокаў» прысьвечана 75-гадоваму юбілею мастака і Дню гораду.

На фоне аўтарскіх працаў

На фоне аўтарскіх працаў

Сам аўтар, які з-за сваёй актыўнай грамадзянскай пазыцыі ня так часта мае магчымасьць ладзіць выставы пад афіцыйным патранатам, да жодзінскай экспазыцыі ставіцца з асаблівым пачуцьцём. Яшчэ падчас армейскай службы ў Пячах пад Барысавам ён арганізаваў дзіцячую студыю ў Доме афіцэраў, а пасьля войска асеў у суседнім Жодзіне, некалькі гадоў адпрацаваўшы настаўнікам у школе № 4.

Прысьвячэньне Генадзю Бураўкіну

Прысьвячэньне Генадзю Бураўкіну

Выпусьціў цэлую плеяду таленавітых вучняў — Аляксандра Сабалеўскага, Мікалая Андруковіча, Мікалая Шышлова, Уладзімера Гладкевіча ды іншых мастакоў. Горад аўтамабілебудаўнікоў наўпрост асацыюе са сваімі першымі крокамі да вялікага мастацтва, таму і выстава атрымала адпаведную назву — «Да вытокаў». Этапы кар’ернага росту Аляксей Марачкін вызначыў такім чынам: «Жодзіна — маё сэрца, Віцебск — мае крылы, а ў Менску я ўжо сталеў». У Віцебску ён скончыў мастацка-графічны факультэт пры пэдагагічным інстытуце, а ў Менску — Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут.

Выява жонкі. Ірына Марачкіна. Мастак – у выглядзе дзьмухаўца

Выява жонкі. Ірына Марачкіна. Мастак – у выглядзе дзьмухаўца

Цалкам зразумела, што паказаць палотны на «злобу дня» азначала б датэрміновае закрыцьцё выставы. Таму калекцыя фармавалася з ухілам на вобразныя працы. Маючы маральны абавязак перад жодзінцамі, упершыню на публічны агляд ён выставіў карціны асабістага характару: паваенны партрэт бацькі Антона Мікалаевіча, а таксама сылюэты маці Хадоры Хролаўны і жонкі Ірыны, якая не дажыла месяц да залатога вясельля ў 2012-м. Сябе побач з жонкай намаляваў у выглядзе дзьмухаўца.

Выява маці. Хадора Хролаўна Марачкіна

Выява маці. Хадора Хролаўна Марачкіна

Пра бацьку ўспамін асаблівы: менавіта ён, словамі спадара Марачкіна, неасэнсавана падштурхнуў яго да заняткаў жывапісам:

Выява бацькі. Антон Мікалаевіч Марачкін

Выява бацькі. Антон Мікалаевіч Марачкін

«Карціна памяці майго бацькі, ардэнаносца... Ён быў вясковым бібліятэкарам і шмат у чым дзякуючы менавіта яму я стаў мастаком. Памятаю, яшчэ зусім малы, прыходзіць у шынялі нейкі дзядзька, вакол гоман — ня бойся, гэта ж твой тата. Замучаны, з пустой торбай. Гэта пазьней хваліліся, што нехта швейную машынку „Зінгер“ прывёз, нехта цэлую шафу. А ў яго было нешта большае каштоўнае — цэлае бярэмя паштовак з калекцыямі карцін Люўра, Дрэздэнскай галерэі. Я сядзеў на печы, перабіраў іх і быў на сёмым небе ад захапленьня. Дагэтуль перад вачыма „Люстэрка Вэнэры“. Што там намалявана? Вэртыкальная праца: Вэнэра аголеная, прыгожая, стаіць і глядзіць на лужыну. А ў лужыне яе адлюстраваньне. Вось такое люстэрка. Пройдзе час, і я ўсё ацаню ў арыгінале, але разуменьне таго, што ўпершыню гэта было ўбачана на печы ў маёй вёсцы, засталося самым галоўным».

Мечыслаў Бурак і Аляксей Марачкін

Мечыслаў Бурак і Аляксей Марачкін

Увогуле на жодзінскай выставе багата асабістых прысьвячэньняў: фантастычныя кветкі — для Рыгора Барадуліна, вясковы пэйзаж — Генадзю Бураўкіну. Жодзінскі краязнаўчы музэй атрымаў у падарунак карціну «Раніца» з пажаданьнем ад аўтара — «Каб вада не высыхала».

Урачыстая перадача аўтарскай працы

Урачыстая перадача аўтарскай працы

Пакуль выстава працавала, Аляксей Марачкін асабіста наведваўся ў жодзінскую галерэю, каб ладзіць імправізаваныя экскурсіі для наведнікаў. У адзін з апошніх прыездаў майстра чакаў сюрпрыз — урачыстая перадача ягоных карцін аматарам жывапісу.

Шчасьлівыя ўладальнікі карцін Марачкіна

Шчасьлівыя ўладальнікі карцін Марачкіна

Ініцыятыву праявіў сябра Аляксея Марачкіна яшчэ з часоў арганізацыі Беларускага Народнага Фронту — мэцэнат, навуковец, супрацькрызісны мэнэджэр Мечыслаў Бурак. Дазнаўшыся, што перад лістападаўскай выставай мастакоў суполкі «Пагоня» патрабуюцца сродкі на выпуск буклета, спадар Бурак паспрабаваў аб’яднаць карыснае з прыемным: ён скіроўвае заможных людзей укладаць грошы ў мастацтва, і некаторыя з набытых такім чынам карцін потым аддаюцца ў дар шчырым прыхільнікам творчасьці Марачкіна. Акурат такі акт удалося зафіксаваць карэспандэнту Свабоды.

Спадар Бурак выказвае перакананьне, што адухоўленасьць творчасьці мастака, ягоныя маральная пазыцыя і адважнасьць характару робяць Аляксея Марачкіна «волатам беларускай духоўнасьці».

Старшыня суполкі “Пагоня” Аляксей Марачкін

Старшыня суполкі “Пагоня” Аляксей Марачкін

Аляксей Марачкін (творчы псэўданім Алесь Мара) нарадзіўся 30 сакавіка 1940 году ў вёсцы Папоўшчына (цяпер Новая Слабада) Чэрыкаўскага раёну на Магілёўшчыне. Скончыў Віцебскі пэдагагічны інстытут і Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. Сябра Саюзу мастакоў. Заснавальнік мастацкай суполкі «Пагоня», сябра аргкамітэту Беларускага Народнага Фронту. У 1989 годзе адмовіўся ад званьня заслужанага мастака БССР.

XS
SM
MD
LG