Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Выбары ў Беларусі трэба адмяніць — з прычыны поўнай адсутнасьці сэнсу ў такой працэдуры»


Валянцін Жданко

Валянцін Жданко

У пошце Свабоды ўсё больш допісаў на тэму прэзыдэнцкіх выбараў, якія маюць адбыцца ў Беларусі гэтай восеньню.

Наш слухач Юры Насевіч з Баранавічаў, зь ліста якога пачну сёньняшнюю размову, уважліва сачыў за нядаўняй выбарчай кампаніяй у суседняй Польшчы. Там дзейны прэзыдэнт Браніслаў Камароўскі нечакана для многіх пацярпеў паразу: зь мінімальнай перавагай перамог прадстаўнік апазыцыйнай кансэрватыўнай партыі «Закон і справядлівасьць» Анджэй Дуда. Слухач з гэтай нагоды піша:

«Вось гэта — наглядны прыклад сапраўдных дэмакратычных выбараў прэзыдэнта краіны: вострая барацьба, канкурэнцыя, да апошняга імгненьня захоўваецца інтрыга, людзі адчуваюць, што голас кожнага будзе ўлічаны. А што ў нас? Выбары яшчэ толькі ўвосень, але ўсе ўжо цяпер ведаюць вынік. Многаму нам яшчэ трэба вучыцца ў іншых, пераймаць досьвед дэмакратычных краін.

І чаму так адбываецца? Няўжо беларусы не здагадваліся, што гэты чалавек, як кіруе намі ўжо 21 год, захоча заставацца пры ўладзе пажыцьцёва?».

Калі ў 1994 годзе грамадзяне Беларусі першы раз абіралі прэзыдэнта, дык, відавочна, разьлічвалі, што зьмена ўлады адбудзецца ў 1999-м (ці максымум — у 2004 годзе). Тагачасная Канстытуцыя мела засьцерагальнік ад празьмерна ўладалюбных валадароў: прэзыдэнтам можна было заставацца максымум два тэрміны. Але калі ў 2004-м Лукашэнка захацеў выдаліць з Канстытуцыі такое абмежаваньне — для ўсіх стала відавочным, чаго ён дамагаецца і колькі часу зьбіраецца валадарыць. Так што ведалі беларусы, спадар Юры, да чаго хіліць Лукашэнка. І наракаць цяпер могуць найперш на саміх сябе, на свой уласны выбар, зроблены шмат гадоў таму.

✉ ✉ ✉

Свой погляд на блізкую выбарчую кампанію ў нашага слухача Сяргея Богуша зь Менску. У сваім кароткім лісьце на Свабоду ён піша:

«Сёлетнія прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі трэба адмяніць з прычыны поўнай адсутнасьці сэнсу ў такой працэдуры. Мяркую, з гэтым пагодзіцца любы разумны чалавек. А грошы, выдаткаваныя на гэты тэатар аднаго актора, пусьціць на будаўніцтва дзіцячага шпіталя ці госьпіса. Выратаваць жыцьцё хаця б аднаго хворага дзіцяці — мэта нашмат больш высакародная, чым аплочваць зь дзяржаўнай казны гэты нікчэмны, марны кірмаш чалавечага славалюбства».

Паводле дзейнай беларускай Канстытуцыі выбары ў краіне не праводзяцца толькі ў пэрыяд надзвычайнага ці ваеннага становішча. Паколькі ні адно, ні другое ў Беларусі ў блізкай пэрспэктыве не прадбачыцца, адмяніць выбары наўрад ці магчыма. Для ўлады гэтая працэдура досыць важная, бо толькі яна дае ёй падмурак легітымнасьці. Нягледзячы нават на тое, што мала хто ў Беларусі і за яе межамі мае нейкія ілюзіі адносна законнасьці і справядлівасьці таго, як гэтая кампанія будзе праводзіцца.

✉ ✉ ✉

Аўтар наступнага ліста Мікола Канаховіч з Пружанаў зьвярнуў увагу на нядаўна апублікаваны Міжнародны індэкс шчасьця (World Happiness Report), падрыхтаваны інстытутам Гэлапа на замову ААН.

Даволі высокае 59-е месца Беларусі (сярод 158 краін, уключаных у рэйтынг) выклікала ў слухача шмат пытаньняў і падазрэньняў. Спадар Мікола піша:

«Як на маю думку, дык месца Беларусі ў гэтым рэйтынгу — недзе ніжэй за 120-ты радок. Відавочна, супрацоўнікі інстытуту блага ведаюць і разумеюць, што такое шчасьце і няшчасьце для беларускага народа.

Шчасьце кожнага чалавека (а значыць, і народа ў цэлым) вызначаецца ня колькасьцю зьедзеных скварак і выпітых чарак, а — сваёй свабодай, нацыянальнымі героямі, нацыянальнай ідэнтычнасьцю, павагай суседзяў, прагай да волі.

Вось украінскаму народу прызначылі індэкс шчасьця за нумарам 111, але гэта — памылка. Украіна ўсё гэта мае, а што маем мы, беларусы? Чым можам ганарыцца? Хіба тым, што дазволілі сябе абыдлячыць?

Так, вайна — гэта страшна. Але сьмерць сьмерці — розьніца. Памерці на полі бою за зямлю сваіх продкаў і будучыню нашчадкаў — гэта і ёсьць найвялікшае шчасьце.

А мы падпарадкаваліся волі аднаго чалавека, які пры ўладзе ўжо 21 год і да канца сваіх дзён не зьбіраецца пакідаць гэты трон. Гэта што — шчасьце?».

Пры складаньні гэтага рэйтынгу, спадар Мікола, улічваліся такія паказьнікі, як агульны дабрабыт, узровень жыцьця, занятасьць насельніцтва, якасьць сацыяльных паслугаў, свабода ў прыняцьці рашэньняў і маштабы карупцыі. У выніку на першых пазыцыях апынуліся ня толькі тыя краіны, якія прынята лічыць заможнымі і дэмакратычнымі. Напрыклад, у шэрагі першых трапілі Калюмбія, Фіджы, Аргентына, Саудаўская Арабія, Мэксыка, Бразылія...

А вось на апошніх месцах зь мінусавымі значэньнямі індэксу, побач з Палестынай, — краіны Эўразьвязу Румынія і (што асабліва ўражвае) Францыя.

Што да Беларусі, то яна сярод былых савецкіх рэспублік крыху вышэй за Расею (у якой 64 месца) і па суседзтве зь Літвой (тая ў рэйтынгу 56-я). Дарэчы, самыя шчасьлівыя людзі на постсавецкай прасторы, як выявіла дасьледаваньне, жывуць ва Ўзбэкістане (44-е месца ў сусьветным рэйтынгу). Як выявілася, жорсткі аўтарытарны рэжым незьмяняльнага прэзыдэнта Карымава гэтаму ня надта замінае.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду.
Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную нядзелю.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG