Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Кінуліся навыперадкі, каб хутчэй трапіць на закупы ў нібыта зьбяднелую і жабрацкую Ўкраіну...»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Тэма, якая вось ужо больш як год нязьменна прысутнічае ў пошце Свабоды, — драматычныя падзеі ва Ўкраіне, зьвязаныя з расейскай анэксіяй Крыму і наступным збройным канфліктам на паўднёвым усходзе, у Данбасе. Многія нашы слухачы пільна сочаць за становішчам у паўднёвых суседзяў. Асабліва тыя, хто часта там бывае.

Пачну сёньняшнюю размову з аднаго зь лістоў на гэтую тэму. Наш слухач Аляксандар Лешык з Баранавічаў піша:

«Усім, хто ўсяляк лае Ўкраіну і апісвае яе „бядотны“ стан, я б раіў пабываць на станцыі Гарынь за Лунінцам і зайсьці на мясцовы рынак, на які прыяжджаюць гандляваць многія ўкраінцы. Дык вось, там вы пераканаецеся: ва ўкраінскіх гандляроў усё значна таньнейшае, чым у нашых. А яшчэ раю ў суботу ці нядзелю паспрабаваць сесьці ў цягнік, які адыходзіць у 8:30 з Баранавічаў у Гарынь. Вось там вы нагледзіцеся на беларускіх багацеяў, якія рвуцца як найхутчэй прайсьці мытню, каб трапіць на закупы ў нібыта зьбяднелую і жабрацкую Ўкраіну.

Так, я не пярэчу: там шмат праблемаў. Але ў галоўным украінцы правільна зрабілі: пазбавіліся ад банды зладзюг, якія цягнулі краіну ў Расею.

А што такое так званы „беларускі эканамічны цуд“ — мы ўсе добра бачым. Асабліва на вёсцы.

Пабываў я нядаўна ў родных мясьцінах — гэта аграгарадок Востраў Ляхавіцкага раёну. Навакольныя вёскі нібы вымерлі. На 11 вёсак засталіся толькі дзьве фэрмы. Пацікавіўся, якія там заробкі. Аказалася, даярка зарабляе 1 мільён 300 тысяч, загадчыца — 1 мільён 800. Надоі мізэрныя, плаціць людзям няма чым. Дык яны рэжуць кароў (перадоек запушчаных), прадаюць мяса — і так разьлічваюцца.

Раней людзі трымалі кароў, дык у іх куплялі цялят. А цяпер скаціну ніхто не трымае, папаўняць статак няма чым.

Пасеялі гародніну — моркву, капусту, цыбулю. А палоць няма каму: бясплатна ніхто ня будзе. Узялі ў крэдыт пэстыцыды, угнаеньні... А потым гэтую гародніну ўдалося збыць зь вялікімі цяжкасьцямі: вельмі высокі паказьнік нітратаў аказаўся. Дык аддавалі ўсё за бесцань. Зноў адны страты...».

Ідэалізаваць эканамічны стан Украіны, спадар Аляксандар, відавочна, не выпадае. Таннасьць украінскіх тавараў тлумачыцца галоўным чынам тым, што заробкі ды пэнсіі ва Ўкраіне цяпер, пасьля двухразовай дэвальвацыі грыўні, даволі нізкія: у пераліку на цьвёрдую валюту — прыблізна ўдвая ніжэйшыя, чым у Беларусі.

Згадайма, што гэтак жа значна патаньнелі тавары ў Беларусі пасьля дэвальвацыі 2011 году. І тады сюды кінуліся на закупы расейцы. Але той спажывецкі рай праіснаваў нядоўга: празь які год напрамак шоп-тураў зьмяніўся на процілеглы. Тое ж самае неўзабаве, хутчэй за ўсё, адбудзецца і ў беларуска-ўкраінскім памежным гандлі.

✉ ✉ ✉

Украінскія падзеі цікавяць і турбуюць і нашага актыўнага слухача Паўла Саца зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну, які жыве зусім блізка ад украінскай мяжы. У сваім новым лісьце на Свабоду спадар Павал піша:

«У нашай мясцовасьці стала заўважна, што ўсё больш маладых хлопцаў прызыўнога ўзросту пераяжджаюць з Украіны да нас. У кагосьці ёсьць тут сваякі, а нехта проста шукае цяплейшага месца. Хоць галоўная прычына, відавочна — тое, што працягваецца вайна на Данбасе. Многія з тых, каго паслалі туды з заходніх раёнаў Украіны, назад не вярнуліся.

Унукі маіх сватоў (аднаму 17 гадоў, другому — 18) таксама пераяжджаюць у Беларусь (адзін з Чарнаўцоў, другі з Ратнага). У іх грамадзянства ўкраінскае, а вось у іхнай маці ды брата — беларускае. Дык праблему з дакумэнтамі спадзяюцца вырашыць хутка.

...А ўвогуле ўсё ідзе да таго, што ў ранейшых межах Украіна не захаваецца. Узьнікне некалькі краін. І ўсё гэта — праз сутыкненьні, канфлікты. Эўрапейскаму Зьвязу ды іншым суседзям (у тым ліку Беларусі) давядзецца прыняць у сябе мільёны ўцекачоў з Украіны. Заварылася каша, і канца не відаць.

Дарэчы, беларуска-ўкраінская мяжа ўмацоўваецца. У нас у вёсцы ў будынку старой школы рыхтуюцца разьмясьціць штаб памежных войскаў. А ў Ляхаўцах у былым праўленьні — казарма і сталоўка. Таксама на мяжы высякаюць лес, аруць: хутчэй за ўсё, будзе кантрольна-сьледавая паласа з дротам і прыборамі сачэньня... Карацей кажучы, адгароджваемся мы ад Украіны».

Адметна, што ў 90-я гады, калі вырашалася пытаньне пра дэмаркацыю беларуска-ўкраінскай мяжы, Аляксандар Лукашэнка абяцаў, што мяжа гэтая будзе празрыстай, эўрапейскай, без агароджаў ды іншых інжынэрных збудаваньняў.

У рэальнасьці, аднак, выходзіць зусім па-іншаму... Цяпер у Беларусі па-сапраўднаму празрыстай і амаль бесьперашкоднай застаецца толькі адна мяжа — усходняя, з Расеяй. І гэта пры тым, што асноўны паток нелегальнай міграцыі, наркотыкаў, злачыннасьці ідзе ў Беларусь менавіта адтуль, з усходняга напрамку.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду.
Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную нядзелю.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG