Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Не дайшоў хворы вэтэран да помніка — не далі падарунка...»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

У пошце некалькіх мінулых тыдняў шмат допісаў на тэму памяці пра Другую сусьветную вайну. Назіраючы за тым, якімі маштабнымі і дарагімі былі ў Беларусі сьвяткаваньні 70-й гадавіны перамогі, колькі высілкаў было патрачана на правядзеньне ў Менску пампэзнага ваеннага параду, многія слухачы прыходзяць да супярэчлівых высноў адносна таго, ці такім чынам варта ўшаноўваць падобныя юбілеі.

Пачну сёньняшнюю размову з аднаго зь лістоў на гэту тэму. Наш слухач Мікола Канаховіч з Пружанаў піша:

«Што за сьвята мы адзначалі 9-га траўня? Замену аднаго калянізатара на другога? Бо хіба мы адваявалі сваю незалежнасьць у 1945-м? За што загінула і была рэпрэсаваная незьлічоная колькасьць беларусаў? Чаму Беларусь па выніках Другой сусьветнай вайны ня толькі не набыла новых земляў, а наадварот — страціла палову сваёй этнічнай тэрыторыі (а менавіта — Дзьвінскі край (Даўгаўпілс), Віленскі край — нашу старажытную сталіцу, Беластоцкі край — Белавескую пушчу, а таксама Смаленшчыну, Браншчыну? Адказ просты і празрысты: бо Беларусь, пачынаючы з 1772 году і па сёньняшні дзень, застаецца самай прыніжанай калёніяй Расейскай імпэрыі зь ейнымі драпежніцкімі паняцьцямі».

Пасьля вайны тагачасная БССР, сапраўды, страціла частку сваёй даваеннай тэрыторыі. Але страты ўсё ж былі не такімі маштабнымі і фатальнымі, як вы, спадар Мікола, пішаце. Паводле падпісанай Масквой і Варшавай 16 жніўня 1945 году дамовы Польшчы былі перададзеныя 17 раёнаў Беластоцкай вобласьці (разам зь Беластокам), а таксама 3 раёны Берасьцейскай вобласьці. Адбылося гэта ў выніку настойлівых просьбаў Варшавы, якая апэлявала да таго факту, што тэрытарыяльныя набыткі ПНР на Захадзе не кампэнсавалі тых стратаў, якія панесла Польшча на Ўсходзе. Масква, імкнучыся залагодзіць новага саюзьніка, пайшла насустрач. Думкі беларускага народа, у якога адабралі цэлую вобласьць, зразумела, ніхто не пытаў. Аб пратэстах тагачаснага беларускага кіраўніцтва нічога не паведамлялася. Калі б лідэры БССР былі больш прынцыповымі і настойлівымі — хто ведае, магчыма, стратаў удалося б пазьбегнуць. (Альбо хаця б атрымаць кампэнсацыю за страчанае).

✉ ✉ ✉

Пра сьвяткаваньне 9-га траўня разважае ў сваім лісьце на Свабоду і Іван Шынкевіч зь Менску:

«Мой бацька Міхаіл Міхайлавіч ваяваў пад Кёнігсбэргам, быў тройчы паранены (апошні раз — вельмі цяжка, 3 траўня 1945-га). Бацькі яго нават атрымалі „пахаронку“ і ўжо адпелі ў царкве — а ён вярнуўся.

...Мне цяпер чамусьці ўспамінаецца папярэдні юбілей Перамогі — 2005 году. Бацька яшчэ быў жывы, хоць і вельмі слабы. 9 мая ў Пескаўскім сельсавеце Лідзкага раёну ўганароўвалі вэтэранаў — уручалі крышталёвыя вазы з надпісам „60 год Перамогі“. Але ўручалі іх чамусьці толькі тым, хто змог прыйсьці на мітынг да помніка. А бацьку дайсьці туды было не пад сілу.

Калі нявестка са старэйшым сынам выказалі з гэтай нагоды зьдзіўленьне, то на другі дзень бацьку прыйшлі віншаваць школьнікі — з букетам кветак.

...У наступным годзе бацька памёр. А мне кожны раз у гэтыя травеньскія дні ўспамінаецца бацька, ягоныя ваенныя расповеды і той апошні віншавальны букет».

Букет быў, а крышталёвай вазы, як вынікае зь ліста, не падарылі... І засталася ў старога заслужанага чалавека крыўда. І ня толькі ў яго, але, як бачна, і ў ягоных дзяцей... Здавалася б, дробязь: цана той вазы — капейка. Але нават дробязі ў такой справе дорага каштуюць і надоўга западаюць у памяць.

✉ ✉ ✉

У нашай пошце па-ранейшаму нямала допісаў на тэму збройнага супрацьстаяньня на паўднёвым усходзе Ўкраіны. Даўні слухач і аўтар Свабоды Барыс Руцько зь Менску піша:

«Што адбываецца сёньня ва Ўкраіне? Яна на мяжы хаосу і ўсенароднага бунту. І ўсё гэта спарадзілі Злучаныя Штаты ды Эўразьвяз, сваім умяшаньнем і патураньнем нацыянал-фашыстам і проста бандытам.

Калі толькі войскі Кіева сунуцца ў Наваросію, іх там усіх зьнішчаць. І тады добраахвотнікаў там зьявіцца ў сотні разоў болей, чым цяпер.

Парашэнка будзе зрынуты, гэта — справа часу. А калі ён зноў наважыцца аддаць загад наступаць, дык наступны парад новарасійскіх войскаў будзе ўжо не ў Данецку, а ў Кіеве.

Выратаваньне Ўкраіны — толькі ў фэдэралізацыі. У іншым выпадку яе напаткае развал».

Вы, спадар Руцько, часта пішаце нам на гэтую тэму, і кожны ліст — нібы пераказ нейкай чарнасоценскай расейскай газэты з наборам прапагандысцкіх штампаў. Ну, вядома, хто ж яшчэ, калі не ЗША, вінаваты ў тым, што Масква пад шумок, скарыстаўшыся слабасьцю суседа, адарвала ад яго кавалак тэрыторыі, інсьпіравала забурэньні сэпаратыстаў, забясьпечвае іх зброяй і амуніцыяй, пасылае туды войскі...

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду.
Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную нядзелю.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG