Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларускі цуд скончыўся», — магілёўцы пра імклівае абясцэньваньне беларускага рубля


Апытаньне Свабоды: «Беларускі рубель імкліва абясцэньваецца адносна цьвёрдых валют. Як вы думаеце — чаму? Як да гэтага ставіцеся?». Адказвалі жыхары Магілёва.


— А каму гэта будзе даспадобы, калі твае ашчаджэньні раптам абясцэньваюцца? Такое адчуваньне, што беларускі цуд скончыўся. А паколькі ён быў завязаны на расейскім цудзе, дык... Я не зьдзіўлюся, калі ў Беларусі будзе нафта таньнець, а бэнзін даражэць. У нас такая краіна цудаў.

— Вядома ж, адмоўна стаўлюся. Але ж вы самі разумееце, што ў нас палітыка і эканоміка ўзаемазьвязаныя. Відаць, трэба шукаць праблемы ня толькі ў нас. Мы ж уцягнутыя ў сусьветную эканоміку, значыць, гэта глябальныя праблемы.

— Крах нашай эканомікі. Лепшага тут ужо ня будзе. Усе ведаюць, хто вінаваты. Але ўсе людзі вінаватыя, ня толькі ён адзін. Усе мы чакалі нечага. Дваццаць год нічога не мянялася. Мы ўсё сядзелі і думалі пра чарку ды скварку. Нехта хацеў пераменаў, але большасьць маўчала.

— Ува ўсім сьвеце гэтак, напэўна. Нафта таньнее. Гэта нейкія гульні ў карпарацыях. А ў нас жа нічога няма, і нафты няма, а рубель залежыць ад гэтага. Кепска, вядома ж, як іначай да гэтага ставіцца. Заробкі на адным месцы стаяць. Усё ад даляра залежыць. Што тут паробіш! Няхай урад вырашае. Гэта іхная праца.

— Адмоўна стаўлюся. Кепска народу. Заробкі падаюць, узровень жыцьця падае. Гэтак, відаць, у нас выбудаваная эканоміка. Яна не эфэктыўная. У ёй усё савецкае. Не туды рушылі.

— Эканоміка ў нас слабаватая. На біржах вакансіяў няма, хоць і напісана, што ёсьць на заводах. Калі б было больш працоўных месцаў, дык працы было б болей. Эканоміка б узьнялася. Заводы б запрацавалі. А так для іх няма ні сыравіны, нічога.

— Найперш расейскі рубель падае, а за ім і наш. Якія тут могуць яшчэ быць тлумачэньні? Мне, вядома ж, не падабаецца такая сытуацыя, але прымаю яе як факт. Што тут паробіш.

— Здаецца, што ўсё ў нас коціцца некуды. Эканоміка ў жахлівым стане. Хацелася б, каб было нейкае іншае выйсьце. Не хацелася б бачыць гэтыя капейкі нашы.

— Гэта ўплыў таго, што нафта падае ўва ўсім сьвеце. Дый крызіс ня толькі ў нас, але і ўва ўсім сьвеце. Войны амаль усюды ідуць. Нармальна да гэтага я ставіцца не магу, але што тут паробіш — жыць жа неяк трэба...

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG