Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларусь — у дзясятцы самых нафтазалежных эканомік сьвету


Вяртаньне на рынак нафты з Ірану, «амніставанага» пасьля шматгадовых міжнародных санкцыяў, яшчэ больш зьнізіць цэны на сыравіну — экспэрты прадказваюць у агляднай будучыні 20 даляраў за барэль.

Дадатковыя паўмільёна барэляў іранскай нафты штодзень аказаліся зусім не да месца з гледзішча іншых краін-здабыўцоў — ва ўмовах перавытворчасьці гэта азначае яшчэ большае абвастрэньне канкурэнцыі і непазьбежны дэмпінг. Калі ўлічыць, што сабекошт здабычы нафты ў Іране складае 10 даляраў за барэль, цяперашні ўсясьветны паказьнік у 30 даляраў можа быць істотна адкарэктаваны. Пра міжнародныя наступствы іранскай нафтавай экспансіі — эканамічны аглядальнік Алесь Герасіменка:

Алесь Герасіменка

Алесь Герасіменка

«Выхад на адкрыты рынак нафты такога буйнога гульца, як Іран, канечне ж, стане дадатковым фактарам ціску на нафтавыя цэны. Бо Іран — гэта ня толькі буйны вытворца вуглевадародаў, ён яшчэ і суб’ект, які актыўна дэмпінгуе (дзеля справядлівасьці, ня ён адзін). Праблемы рынку ў тым, што асобныя кампаніі і нават цэлыя краіны намагаюцца любым шляхам атрымаць выручку і захаваць ці нават павялічыць сваю долю на рынку, проста скідаючы цэны. Шмат якія дзяржавы Пэрсыдзкай затокі, у тым ліку Іран, прадаюць нафту істотна таньней, чым паказваюць каціроўкі на біржы».

Карэспандэнт: «То бок прагназаваны абвал да 20 даляраў за барэль — не фантастыка?»

«Так, сёньня шмат якія аўтарытэтныя аналітыкі, інвэстыцыйныя банкі, фонды называюць лічбу 20 даляраў за барэль і нават ніжэй. На маю думку, далейшае зьніжэньне цаны на нафту цалкам імавернае — як з пункту гледжаньня фундамэнтальных, так і тэхнічных фактараў».

Беларусь не адносіцца да ліку дзяржаваў, якія вядуць рэй на сыравінным рынку. Яна, па-першае, практычна цалкам залежыць ад зьнешніх энэргарэсурсаў, па-другое, у немалой ступені грунтуе свой дабрабыт на перапрацоўцы сырой нафты і экспарце паліва. У гэтым зьвязку, удакладняе Алесь Герасіменка, апошнія падзеі паставілі беларускую эканоміку ў яшчэ больш складанае становішча:

«Што да Беларусі, то чаму для нас такая сытуацыя ня толькі сумная, але і небясьпечная? Амэрыканскае агенцтва „Блумбэрг“ ня так даўно праводзіла дасьледаваньне паводле крытэру нафтавай залежнасьці эканомік. Дык вось наша Беларусь хоць і не вялікая нафтаздабыўная краіна, тым ня меней яна ўваходзіць у дзясятку самых нафтазалежных эканомік сьвету. Адбываецца гэта зь дзьвюх прычынаў. Найперш — тое, што Беларусь — сур’ёзны гулец на рынку нафтапрадуктаў, бо мы закупляем вялікія аб’ёмы нафты ў Расеі, перапрацоўваем і прадаём на ўсясьветным рынку. Па-другое, традыцыйныя рынкі збыту практычна ўсёй нашай прадукцыі — гэта, зноў жа, Расея, таксама нафтазалежная краіна. Такім чынам, падвойны фактар, які робіць нас залежнымі ад каньюнктуры цэнаў на вуглевадароды».

Але ў той час як на ўсясьветным рынку нафта за год абвалілася прыкладна ў чатыры разы, для беларускіх НПЗ расейская сыравіна не патаньнела нават удвая — яе кошт зьнізіўся з 340 даляраў усяго да 220 за тону. Спробы кіраўніцтва Беларусі дамагчыся зьніжак плёну ня маюць. Як вынік, удакладняе эканамічны аглядальнік Алесь Герасіменка, — перапрацоўка на заводзкіх магутнасьцях стала стратнай і пры цяперашнім абвале нафтавых цэнаў губляе сваю мэтазгоднасьць:

Дынаміка цэнаў расейскай нафты для Беларусі непрапарцыйная дынаміцы ўсясьветных коштаў на нафту

«Праблема ў тым, што дынаміка цэнаў расейскай нафты для Беларусі непрапарцыйная дынаміцы ўсясьветных коштаў на нафту. Тое, што нашы НПЗ страцілі маржынальную „вілку“, ударыла найперш па іхніх фінансах, а яны — найбуйнейшыя падаткаплатнікі, адпаведна, менш могуць плаціць падаткаў. Апроч таго, там пэрманэнтна рэалізуюць вялікія інвэстыцыйныя праекты, у зьвязку з чым падае іх інвэстыцыйная магчымасьць. Гэта адзін бок праблемы. Другі бок палягае ў тым, што Расея ў значнай меры страціла сваю платаздольнасьць з-за таго, што істотна скарацілася паступленьне нафтадаляраў. Паколькі ўпала платаздольнасьць, яны менш сталі купляць тавараў, у тым ліку беларускіх. Сёньня наш экспарт у Расею таксама істотна абваліўся ў даляравым вымярэньні. Адсюль усе іншыя праблемы: дэвальвацыя расейскага рубля, абясцэньваньне рубля беларускага. Як вынік — дадатковае запавольваньне эканомікі і расейскай, і беларускай».

На навінах пра неспрыяльныя ўмовы на нафтавым рынку расейская валюта апусьцілася ніжэй, чым 85 рублёў за эўра, і вось-вось дойдзе да 80 за даляр. Аналягічную тэндэнцыю дэманструе і беларускі рубель, які ад пачатку году страчвае пазыцыі — мінус 1850 пунктаў, пачынаючы ад 1 студзеня. У камэрцыйных банках даляр купляецца і прадаецца ў межах 20 500 за даляр і больш як 22 000 за эўра. Імклівы рост курсу на тле замарожаных заробкаў адкідае прыбыткі беларусаў да ўзроўню сярэдзіны 1990-х, калі 100–150 даляраў у эквіваленце было нормай.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG