Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскія археолягі знайшлі доказы стасункаў ВКЛ з заходнеэўрапейскімі краінамі яшчэ ў XIV ст.


Дасьледаваньні ўкраінскіх археолягаў пацьвердзілі стасункі ВКЛ з эўрапейскімі краінамі ўжо ў часы бітвы на Ворскле, за 11 год да перамогі пад Грунвальдам.

Падчас шостай Глінскай археалягічнай экспэдыцыі ўкраінскія гісторыкі знайшлі рэчавыя доказы цесных стасункаў Вялікага княства Літоўскага з эўрапейскімі краінамі ў часы князя Вітаўта, які кіраваў дзяржавай у пачатку 15-га стагодзьдзя. Паводле дасьледнікаў, стасункі былі наладжаныя яшчэ раней за славутую Грунвальдзкую бітву.

Пра гэта сьведчаць знаходкі, зробленыя на раскопках ва ўрочышчы Леваднюкава гара непадалёк ад мястэчка Глінск па Палтаўшчыне.

Там было знойдзена пахаваньне 5 вершнікаў, якія, верагодна, служылі ў войску князя Вітаўта і загінулі падчас няўдалай для князя бітвы з войскам Залатой Арды на рацэ Ворскла ў 1399 годзе. Пра тое, што пахаваныя менавіта вайскоўцы, сьведчаць рэшткі зброі і вайсковых прыладаў, знойдзеныя пры раскопках.

На прыналежнасьць пахаваных да вершнікаў указваюць асаблівасьці іх костак. Да язды на конях людзей у тыя часы трэніравалі з дзяцінства, што адбівалася на пабудове шкілету. Знойдзеная на пахаваньні эўрапейская манэта можа сьведчыць пра тое, што нехта з загінулых вайскоўцаў быў з Эўропы і паступіў на вайсковую службу да князя Вітаўта.

Аднак, паводле беларускага гісторыка Аляксандра Краўцэвіча, эўрапейская манета — не прыкмета прысутнасьці еўрапейцаў:

«Як вядома, у часы Вітаўта асновай грашовага звароту ВКЛ была эўрапейская манэта — праскі грош. У войску Вітаўта на Ворскле былі дапаможныя атрады эўрапейскіх рыцараў, напрыклад, Тэўтонскага ордэну».

Пра бітву на Ворксле, якая адбылася за 11 год да Грунвальдзкай перамогі аб’яднаных сілаў князя Вітаўта і польскага караля Ягайлы над рыцарамі Тэўтонскага ордэну, таксама вядома, што падчас яе былі выкарыстаныя гарматы.

Гісторыкі не выключаюць, што гэта адбылося ўпершыню ва Усходняй Эўропе, але робяць папраўку: тыя гарматы былі не з цэльнага мэталу, а драўляныя, з меднай акоўкай. Ужываньне артылерыі, аднак, не ўратавала Вітаўта ад вайсковай паразы. Вядома, што войска князя страціла больш як 70 рыцараў і мусіла адступіць за Дняпро.

Паводле ўдзельніка экспэдыцыі, украінскага гісторыка Яраслава Валадарэц-Урбановіча, знаходкі шостай Глінскай археалягічнай экспэдыцыі таксама абвяргаюць некаторыя высновы савецкай гістарычнай навукі адносна паходжаньня насельніцтва Палтаўшчыны ды іх эканамічных зносін з суседзямі.

Знойдзеныя навукоўцамі рэшткі майстэрні па апрацоўцы бурштыну сьведчаць пра разьвітыя зносіны з Прыбалтыйскімі тэрыторыямі, мяркуе навуковец.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG