Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары Замкавай гары ў Мсьціславе — як жыць, калі пад табой тры з паловай мэтры культурнага слою


Від з замкавай гары на цяперашні Мсьціслаў, на велічныя будынкі езуіцкага касьцёла

Від з замкавай гары на цяперашні Мсьціслаў, на велічныя будынкі езуіцкага касьцёла

У кожнага гораду ёсьць мясьціны, якія робяць яго адметным. У Мсьціславе — гэта Замкавая гара. Зь яе мсьціслаўскае навакольле выглядае фантастычна: манумэнтальныя муры касьцёлаў, гонкія вежы цэркваў, старадаўняя забудова гораду, абарончы яр, рэчышча Віхры — усё, як на далоні.

Гэты ўсходнебеларускі горад са слаўнай гісторыяй цяпер перажывае не найлепшыя часы. Тое, што ацалела ў дзевяцісотгадовым Мсьціславе, — драбінка ў параўнаньні з тым, што зьнішчана ў мінулым стагодзьдзі. Нямы сьведка заняпаду — мясцовае замчышча.

«У XII-XVII стагодзьдзях на Замкавай гары ўзвышаўся велічны драўляны замак. Тут было шмат жылых і гаспадарчых пабудоў: стаялі храм і княжацкі палац, віравала шматлюднае гарадзкое жыцьцё. Цяпер жа — толькі агароды і некалькі драўляных будынкаў на ўскрайку Замкавай гары», — гэтак сьцісла падае мінулае і сучаснае мсьціслаўскай мясьціны археоляг Алег Трусаў.

З Замкавай гары пачалася мая карʼеры археоляга — Трусаў

«Замкавая гара, — кажа ён, — сэрца гэтага гораду, ягоны сымбаль. «Як для Кракава Вавэль, гэтак для Мсьціслава — Замкавая гара», — кажа старшыня Таварыства беларускай мовы.

Замкавая гара ў Мсьціславе

Замкавая гара ў Мсьціславе

«Дзякуючы „мсьціслаўскаму сэрцу“ я стаў археолягам, навукоўцам, — адзначае ён. — Мая першая настаўніца, маці Міхася Ткачова (беларускі гісторык, геральдыст, грамадзкі дзеяч, нарадзіўся ў Мсьціславе — РС), завяла нас на Замкавую гару, калі Аляксееў (Леанід Аляксееў — савецкі, расейскі гісторык і археоляг — РС) праводзіў там раскопкі. Я хлапчуком пабачыў падземны Мсьціслаў: ягоныя зрубы, хаты, маставыя. Пабачыўшы гэта я вырашыў стаць археолягам».

На ўскрайку Замкавай гары жыве сямейная пара — Віталь і Ніна. Іхная сядзіба адзіная на замчышчы. Паводле слоў гаспадыні, яе продкі пасяліліся на Замкавай гары ў пачатку 20 стагодзьдзя.

«Гэта наша родавае гняздо. Тут зусім іншая, чым у самім горадзе, аўра», — не бяз гонару, сказала гаспадыня. Жанчына з ахвотаю апавядае, дзе і хто зь яе радзіны жыў на Замкавай гары.

«Продкі жонкі, як апавядаў ейны дзед, аселі на гары ў 1905, ці 1906 годзе, — дапамагае суразмоўніцы ейны муж. — Першы дом яны паставілі акурат там, дзе цяпер уваход на гару. Гэтага дому ўжо і няма. А дом, у якім мы жывём, ставілі ў 1950-ыя гады».

На рулю ад мушкету неяк наткнулася. На ёй было напісана «Парыж»

Паводле Ніны і Віталя ў савецкі час пры дарозе на гару яе наведнікі бачылі непрыкметную шыльду са сьціплым надпісам: «Замкавая гара, археалягічны помнік». Увагу на замчышча жыхары Мсьціслава зьвярнулі пасьля таго, як на ім пачаліся раскопкі.

Іх распачалі, прыгадала Ніна, яшчэ ў яе дзяцінстве. «Прыяжджалі археолягі з Масквы, і туды ж вывозілі адшуканае», — казала жанчына.

«Археоляг Аляксееў кіраваў працамі. Старажылы апавядалі, што ён шмат цікавага расказваў пра Замкавую гару і пра знойдзенае на ёй», — дадае Віталь.

Яшчэ адзін від з Замкавай гары на прыватную забудову райцэнтру

Яшчэ адзін від з Замкавай гары на прыватную забудову райцэнтру

«Першыя раскопкі праводзіліся яшчэ ў савецкі час, а пазьней ужо нашы археолягі далучыліся. А наагул, уся гэтая гара ў чалавечых касьцях, — заявіў гаспадар сядзібы. — Мы з жонкай зь дзясятак чарапоў перапахавалі. На агародзе іх адкапалі. Тут жа замак быў, ды яго палілі ня раз падчас войнаў».

Акрамя чалавечых парэшткаў, расказвалі суразмоўцы, яны знаходзілі і прадметы даўніны. Гаспадыня прызналася, што знаходкам асабліва не надавала ўвагі, бо ня ведала, што яны важныя для гісторыі.

«Я тут нядаўна знайшла кісьцень (старадаўняя зброя, — РС). Я і ня ведала, што гэта. Аддала знаходку Ігару Марзалюку (доктар гістарычных навук, археоляг — РС). Ён патлумачыў, што гэта такое. Я ж думала, што гэта звычайная гірка. На рулю ад мушкету неяк наткнулася. На ёй было напісана „Парыж“. Скуль тут, падумала адразу, парыскае. Манэтаў шмат знаходзілі. Усё аддавалі археолягам».

А як не паедуць турысты, дык, які сэнс у адбудове гарадзішча

Не адзін ужо год на Замкавай гары ладзяць сьвята сярэднявечнай культуры «Рыцарскі фэст». Ён на некалькі дзён ажыўляе замчышча. Жыхары замчышча гэтаму ажыўленьню асабліва ня рады. Наракаюць, што ад мітусьні фэсту няма куды ім падзецца. «Але, — з усьмешкай адзначае Віталь, — два-тры дні пацярпець можна».

Сядзіба на ўскрайку Замкавай гары

Сядзіба на ўскрайку Замкавай гары

Узімку ж пра Замкавую гару забываюць, паскардзіліся суразмоўцы. «Асабліва цяжка даводзіцца, калі выпадае шмат сьнегу, — наракае гаспадар. — Не дапросісься, каб пачысьцілі. Аднак, пакуль сілы хапае, дык самі спраўляемся».

«Дарогу тут самі рамантавалі. Умацоўвалі яе камянямі да самага падножжа. Але яе ўжо пасьпелі разьбіць машынамі. Абяцалі адрамантаваць», — дадала Ніна.Сёлета на Замкавай гары пачалі ўзводзіць гарадзішча, накшталт таго, якое магло тут існаваць у сярэднявеччы. Плянуецца, што забудуюць Замкавую гару да абласных Дажынак.

Узводзяць вежу на Замкавай гары. Адна з будынінаў гарадзішча

Узводзяць вежу на Замкавай гары. Адна з будынінаў гарадзішча

Задуму пра гарадзішча Ніна і Віталь ухваляюць, аднак, непакояцца, каб іх з Гары па завяршэньні прац «не папрасілі».

«Зыходзячы з таго, што тут задумалі ўзьвесьці, дык наша хата будзе псаваць карціну. Тут жа зьбіраюцца ўзводзіць і двухмэтровую агароджу — будзем жыць тады, нібы, у пограбе», — выказваюцца «гаспадары» Замкавай гары і тут жа дадаюць:

«Але ж ведаеце, якія грошы патрэбныя, каб нас адсюль выселіць. Дзе ж іх узяць. Краіна ў такім цяжкім становішчы цяпер».

«Каб толькі фінансавыя ўкладаньні ў гэтае гарадзішча апраўдалі сябе. Каб турысты пачалі сюды часьцей прыяжджаць. А як не паедуць, дык, які сэнс у гэтай будоўлі?», — ставіць пытаньне Віталь.

Гэтак будзе выглядаць да дажынак Замкавая гары. Гарадзішча ў накідах

Гэтак будзе выглядаць да дажынак Замкавая гары. Гарадзішча ў накідах

«Але жыць тут, вы не паверыце, нават з усімі цяжкасьцямі — цуд, — на разьвітаньне зьмяніла тэму гутаркі Ніна. — Тут жа сонца цэлы дзень на вачах. Робіць свой круг, нібы аглядаючы гару. І суседзяў няма...».

Гара — Замкавая, але ад замку на ёй нічога няма

Паводле археоляга Алега Трусава таўшчыня культурнага слою на Замкавай гары больш за тры з паловай мэтры. «У ім добра захаваліся рэшткі драўлянай забудовы замка XIII-XVI стагоддзяў», — адзначае навуковец.

Від з замкавай гары на Мсьціслаў. З правага боку будынак касьцёла Кармэлітаў

Від з замкавай гары на Мсьціслаў. З правага боку будынак касьцёла Кармэлітаў

«Гэта рэшткі жылых дамоў, драўляныя насьцілы паміж імі, а ўсярэдзіне замчышча знайшлі падмуркі вялікага васьміграннага драўлянага збудаваньня канца XV-XVI стагоддзяў, якое можа быць або абарончай вежай-данжонам, або старажытным храмам, прыстасаваным да абароны».

«Без сумневу, пра Замкавую гару ведае кожны мсьціславец, — упэўнена заявіў малады жыхар райцэнтру, пераняты журналістам непадалёк ад уваходу на яе. — Мне даводзілася бачыць цэнтры іншых старых гарадоў. Яны адметныя перадусім сваёй архітэктурай. Наша ж гара адметная тым, што завецца Замкавай, але на ёй жа нічога ад замку і няма».

«Нам бы захаваць тое, што разбураецца ў самім горадзе, а потым ужо думаць пра Замкавую гару, — выказаўся наступны мсьціславец пра пэрспэктывы аднаўленьня замкавага комплексу, які апісаў Алег Трусаў.

«Грошы няма ні ў людзей, ні ў райвыканкаму, а вы пра Гару. Былі маладымі, дык зьбіраліся там, піва пілі. Цяпер наведваемся сямʼёй як рыцары зьбіраюцца», — падсумаваў мсьціславец.

Помнік невядомаму рыцару каля падножжа Замкавай гары

Помнік невядомаму рыцару каля падножжа Замкавай гары

«Ды ніхто замак адбудоўваць ня будзе. Узьвядуць драўляныя будыніны, і на гэтым усё скончыцца, — выказаў меркаваньне мужчына сярэдняга веку. — Былі на гары раскопкі. Казалі, крыж залаты знайшлі, шкілет, рукапісы. А яшчэ рыцара паднялі зь Віхры, дык пахавалі пад гарой. Во гэта была падзея».

Залатая выява скандынаўскага бога Одына

Згаданы Трусавым Леанід Аляксееў у 1959 годзе першым пачаў раскопкі на Замкавай гары.

«Аляксееў адкрыў для Беларусі Мсьціслаў, Друцк, ды Браслаў. Ён быў расейцам, але беларускім патрыётам. Добра ведаў беларускую мову. Пачынаў карʼеру ў нашым інстытуце гісторыі. Працаваў у гарадзенскім музэі. Ягоны бацька быў зь меншавікоў і савецкую ўладу Аляксееў не любіў», — адзначае старшыня Таварыства беларускай мовы.

Шыльда герою Грунвальду Сямёну Лугвену Альгердавічу

Шыльда герою Грунвальду Сямёну Лугвену Альгердавічу

У 2015 годзе калекцыю археалягічных артэфактаў, знойдзеных падчас раскопак Аляксеевым на Замкавай гары ў Мсьціславе, вярнулі на Магілёўшчыну. Паводле гісторыка Ігара Марзалюка, у калекцыі — тысячы прадметаў: ад гліняных чарапкоў да каштоўных аздобаў. Сярод іх залатая выява скандынаўскага бога Одына.

Згаданага жыхаром Мсьціслава рыцара сапраўды паднялі зь Віхры ў 2014 годзе. Рыцар у дасьпехах загінуў 4 лістапада 1502 году ў бітве войскаў Вялікага Княства Літоўскага з войскамі Масковіі, якому дапамагалі аддзелы Крымскай арды. На гэтым настойвае Ігар Марзалюк. Як ён сьцьвярджае, ваяр быў у войску літвінаў.

Замкавая гара ў Мсьціславе

Замкавая гара ў Мсьціславе

XS
SM
MD
LG