Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскія прадпрымальнікі: «Ня хочам ніякіх мітынгаў і пратэстаў, хочам проста працаваць»


Прадпрымальнікі каля аблвыканкаму

Прадпрымальнікі каля аблвыканкаму

Дэлегацыя прадпрымальнікаў з розных гандлёвых цэнтраў і кірмашоў Віцебску наведала аблвыканкам. Прадпрымальнікі перадалі ўладам рашэньне ўчорашняга сходу пра тое, што не адновяць працу, пакуль ня будзе адменены ўказ № 222.

Пасьля ўчорашняга сходу, дзе было прынята рашэньне пра візыт да ўладаў, прадпрымальнікаў у аблвыканкаме, падобна, ужо чакалі. Прынамсі, ім арганізавалі сустрэчу з прадстаўнікамі цэлага шэрагу адказных службаў, кажа Ірына Яскевіч, кіраўніца аргкамітэту па стварэньні прафсаюзу прадпрымальнікаў «Разам»:

«Прадстаўнікі гандлёвых цэнтраў „Эвіком“ і „Беларусь“, кірмашоў „Паўднёвы“, „Полацкі“ і „Смаленскі“ сёньня, як і дамаўляліся ўчора на сходзе, наведалі аблвыканкам. Мы зьбіраліся пакінуць рашэньне сходу з тлумачэньнямі, чаму ўказ № 222 для нас невыканальны. Нас прыняў намесьнік старшыні аблвыканкаму Алег Мацкевіч, вельмі хутка сабраліся прадстаўнікі абласной падатковай інспэкцыі, аддзелу гандлю, дзяржстандарту і дэпартамэнту прадпрымальніцтва. Размаўлялі мы больш за гадзіну, прыблізна гадзіны паўтары. Нашы тлумачэньні выслухалі, нешта спрабавалі аспрэчыць. Мы перадусім тлумачылі, што нам больш не патрэбныя адтэрміноўкі і пераносы, бо сытуацыя ад гэтага толькі пагаршаецца. Мы папрасілі ўключыць у абласную раду па прадпрымальніцтве нашых прадстаўнікоў, у тым ліку з рэгіёнаў. Магчыма, нам дадуць там тры месцы, і тады ў радзе будуць людзі, якія змогуць прадстаўляць інтарэсы індывідуальных прадпрымальнікаў».

Ірына Яскевіч падрыхтавала для чыноўнікаў рашэньне сходу

Ірына Яскевіч падрыхтавала для чыноўнікаў рашэньне сходу

Праблему, зьвязаную зь дзеяньнем указу № 222, удалося толькі абмеркаваць. Прадпрымальнікі Віцебску і іншых гарадоў вобласьці так і не выходзяць на працу, спыніўшы яе 1 студзеня. Настрой у людзей кепскі — працаваць нельга, бо без дакумэнтаў пра сэртыфікацыю тавараў можна падпасьці пад вялікія штрафы ці нават канфіскацыі, кажа прадстаўнік кірмашу «Паўднёвы» Андрэй Закрэўскі:

Прадпрымальнік Андрэй Закрэўскі

Прадпрымальнік Андрэй Закрэўскі

«Пакуль настрой у нас ня вельмі добры. Трэба працаваць, а мы ня можам. Незразумела як. Дужа вялікія штрафы, а з дакумэнтамі, якіх патрабуюць ад нас, вялікія праблемы. Застаецца хіба спадзявацца, што неяк знойдуць выйсьце з гэтага становішча».

Паводле дэлегата ў аблвыканкам Руслана Буракова, старшыні рады прадпрымальнікаў «Полацкага» кірмашу, пытаньне пра ўказ № 222 павінна быць вырашана не на ўзроўні аблвыканкаму, а вышэй:

Старшыня рады прадпрымальнікаў «Полацкага» кірмашу Руслан Буракоў

Старшыня рады прадпрымальнікаў «Полацкага» кірмашу Руслан Буракоў

«Прыемна, што ўлады нас пачулі, што прынялі. Бо першапачаткова нам прапанавалі проста пакінуць нашы дакумэнты ў прыёмнай. Але нас пагадзіліся прыняць. Мы выдатна разумеем, што на дадзеным узроўні пытаньне не вырашаецца. На ўсе нашы пытаньні ў іх ёсьць, канечне, ужо гатовыя адказы. Але мы спадзяёмся, што нашы пытаньні абласныя чыноўнікі перададуць вышэй, і там, наверсе, будзе прынята нейкае рашэньне. Хацелася б, каб зь ім не зацягвалі, каб вырашалі хутчэй. Бо мы ня хочам ніякіх мітынгаў, ніякіх стыхійных пратэстаў — мы проста хочам працаваць».

Пераважная большасьць прадпрымальнікаў дагэтуль не працуе

Пераважная большасьць прадпрымальнікаў дагэтуль не працуе

Пакуль што віцебскія прадпрымальнікі працы не аднаўляюць. Кірмашы і гандлёвыя цэнтры будуць стаяць пустыя прынамсі да 12 студзеня. На гэты дзень прызначаны чарговы прадпрымальніцкі сход, на якім будуць абмеркаваныя вынікі паходу ў аблвыканкам, і будзе вырашана, што рабіць далей.

Прычына спыненьня працы

Прычына спыненьня працы

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG