Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Куды ж мы коцімся ўсе?» — гісторыі росквіту і заняпаду дробнага бізнэсу


Прэзыдэнцкі ўказ № 222 пазбаўляе прадпрымальнікаў магчымасьці працягваць іхны бізнэс. Многія зь яго стратай губляюць справу, зь якой жылі не адзін дзясятак год. Знайсьці сабе новы занятак, прызнаюцца бізнэсоўцы, ім будзе цяжка.

За час прадпрымальніцкай дзейнасьці многія індывідуальныя прадпрымальнікі згубілі навыкі сваіх ранейшых прафэсіяў, якія вымушаныя былі кінуць праз мізэрныя заробкі, татальную залежнасьць ад наймальніка і адсутнасьць пэрспэктываў.

Многія прадпрыемствы, зь якіх колісь звольніліся цяперашнія гандляры, збанкрутавалі альбо знаходзяцца на мяжы банкруцтва. Гісторыі таго, як станавіліся гандлярамі пэдагогі, швачкі, мэдыкі вельмі падобныя.

Віленскі рынак. На гандлёвай пляцоўцы няма звыклых палатак прадпрымальнікаў

Віленскі рынак. На гандлёвай пляцоўцы няма звыклых палатак прадпрымальнікаў

На найвялікшым рынку Магілёва, «Віленскім», большасьць гандляроў — жанчыны. Але на стыхійным сходзе прадпрымальнікаў 5 студзеня супраць прэзыдэнцкага ўказу іх было няшмат, толькі пяцёра з трох дзясяткаў удзельнікаў. Рэй на гэтым сходзе вялі мужчыны. Іхныя каляжанкі сьціпла адмоўчваліся, але адказалі на пытаньні журналіста.

Ларыса возіць і прадае тавар больш за пятнаццаць гадоў. Наважыцца на нялёгкі, як яна кажа, бізнэс ёй было няпроста. Штомесяц яна мусіць заплаціць падаткаў блізу дзевяці мільёнаў рублёў, якія трэба зарабіць, заўважае суразмоўніца. Указ 222 пазабаўляе яе сродкаў для існаваньня:

«Мне на пэнсію праз два гады. Куды мяне возьмуць? Нікуды! І як я буду жыць? Таксама пытаньне», — разважае пра свае жыцьцёвыя пэрспэктывы прадпрымальніца.

Ларыса, на дальнім пляне

Ларыса, на дальнім пляне

«Дык што мне падаваць у суд на сваіх дзяцей, каб мяне ўтрымлівалі? Гэта ж таксама не варыянт — спрабуе разьвязаць няпростую дылему выбару жанчына. — У дзяцей жа маіх таксама ёсьць дзеці. А маладым цяпер вельмі складана жыць. Калі ёсьць праца на два мільёны, дык што гэта за праца? Квартплата, адзець, абуць дзяцей і сябе, ды й пракарміцца ж неяк трэба. Дык куды мы ўсе коцімся? На працу мяне ніхто ня возьме. Шмат маладых цяпер шукаюць працу і ня могуць яе знайсьці».

Прадпрымальнікі Воршы адказалі намесьніку міністра гандлю Карповічу на яго выказваньне аб "навагодніх калядных вакацыях ІП".

У многіх прадпрымальнікаў дарога напрасткі на біржу працы

На пытаньне, ці былі пасьпяховыя гады прадпрымальніцкай дзейнасьці, Ларыса адказвае: такія былі гадоў сем таму.

«Тады нешта было магчыма заашчадзіць. Дзецям дапамагчы, — згадвае прадпрымальніца і дадае:

«А многія ж яшчэ з тутэйшых прадпрымальнікаў дзяцей вучаць за кошт таго, што тут зарабляюць. Таму дужа цяжка нам усім. Нас ставяць у такія ўмовы, што многія прадпрымальнікі пойдуць на біржу, і што нам там прапануюць, невядома».

Ларыса да свайго прадпрымальніцтва рабіла хімікам-лябарантам. Прызнаецца: згубіла навыкі свае прафэсіі, як і яе калегі-прадпрымальнікі.

Людзі будуць проста выкінутыя на вуліцу, за борт жыцьця. Вось і ўсё.

«Я не працую па сваёй спэцыяльнасьці болей за дваццаць год. Хто мяне возьме на яе зноў. Кваліфікацыя ва ўсіх згубленая. Тыя ж мэдыкі — ім трэба праходзіць перанавучаньне, а гэта каштуе вялікіх грошай. Малаверагодна, што нейкая навучальная ўстанова возьме на сябе гэтыя выдаткі. Гэтак жа і ў адукацыі. Людзі будуць проста выкінутыя на вуліцу, за борт жыцьця. Вось і ўсё», — заключае Ларыса.

Прадпрымальнікам працы не прапаноўваць

Наступная суразмоўніца Сьвятлана на рынку гандлюе больш за дзесяць гадоў. Працуе разам з мужам. Прадпрымальніца на пачатку гутаркі зазначае, што, паводле зьвестак гандляроў Віленскага рынку, у службе занятасьці нібыта існуе негалосная ўстаноўка індывідуальным прадпрымальнікам не даваць працоўных месцаў.

На біржы ёсьць неафіцыйнае правіла: прадпрымальнікаў на працу ня браць. Негалосныя такія ўстаноўкі.

«На біржы ёсьць неафіцыйнае правіла: прадпрымальнікаў на працу ня браць, — цьвердзіць суразмоўніца. — Негалосныя такія ўстаноўкі. Чаму? Гэта трэба ў іх запытваць. Многія ўжо туды хадзілі, і ім адказвалі: «А, індывідуальны прадпрымальнік! Для вас няма вакансій».

Калі прэзыдэнцкі ўказ не скасуюць, то, як выказваецца Сьвятлана, будзе яе бізнэсу «гамон»:

«У мяне двое малалетніх дзяцей. Аднаго, дзякуй Богу, вывучылі ўжо. Самастойна працуе. А двое яшчэ малых, якіх трэба абуваць, адзяваць і карміць», — заўважае прадпрымальніца.

Да прыходу на рынак Сьвятлана рабіла на стужкаткацкай фабрыцы — была ткачыхай. На пытаньне, ці шкадуе, што сышла з фабрыкі, Сьвятлана адказвае, не задумваючыся:

«На сёньняшні дзень не асабліва шкадую, што сышла — шчыра кажу. Калі раней быў гандаль, і мы маглі зарабіць, каб годна жыць і ня думаць, што заўтра ня будзе грошай на хлеб, то ўсё выглядала аптымістычна. Я гаварыла з дзяўчатамі, зь якімі вучылася, дык у іх заробкі тады былі жабрацкімі».

Я зрабіла свой выбар, сышоўшы з фабрыкі

На заўвагу, што тыя дзяўчаты будуць і надалей працаваць на фабрыцы, а вам давядзецца шукаць працу, Сьвятлана адрэагавала гэтак: «Кожны ў свой час зрабіў свой выбар».

Сьвятлана, за мужавай сьпінай (у левым куце фота)

Сьвятлана, за мужавай сьпінай (у левым куце фота)

Прадпрымальніца кажа: яшчэ чатыры гады таму нават і ня думалася, што лёс прывядзе да пагрозы рэальнага беспрацоўя:

«Тады мы нішто сабе зараблялі. Добра працавалася. Нават былі грошы, каб заашчадзіць. Цяпер жа сытуацыя кардынальна памянялася. Цяпер тое, што зарабілі за месяц, мы спусьцілі на падаткі, аплацілі квартплату, а астатняе пайшло на ежу».

«Раней у нас было чатыры гандлёвыя месцы. У нас працавалі прадаўцы. Атрымлівалі заробак. Былі задаволеныя. Мы маглі нешта сабе адкласьці, — далучаецца да гутаркі муж Сьвятланы Ўладзімер. — З кожным годам, аднак, сытуацыя пагаршалася. Цяпер у нас адно гандлёвае месца на рынку. І нас да таго ж пазбаўляюць заробку і хлеба. Тое, што за мінулыя гады назьбіралі, будзем праядаць. А далей невядома, што з намі будзе».

Муж Сьвятланы – Уладзімер (на фота профілем)

Муж Сьвятланы – Уладзімер (на фота профілем)

Што ж зьмянілася за чатыры гады, пытаю ў Сьвятланы, што яе сямейны бізнэс можа зьнікнуць?

«За гэтыя чатыры гады падвысіліся падаткі, арэндная плата. Ды й наагул жыцьцё стала даражэйшым, — адказвае прадпрымальніца. — Узрасла квартплата, харчы падаражэлі — усё гэта расьце несувымерна з заробкамі ў людзей. Калі яны сабе зэканомяць якую капейчыну на кіляграм гародніны, дык яны яе і купяць, а ня той швэдар ці абутак. А даношваць будуць старое. А вось беларускай прадукцыі дык і пагатоў ня будуць купляць. Цана на яе несувымерная са зьнешнім выглядам і якасьцю».

Паеду ў Расею

Калі на рынках умовы для працы блізкія да экстрэмальных — улетку сьпёка, а ўзімку, як цяпер, лютуюць маразы, то ў гандлёвых цэнтрах гандляваць куды камфортней. Тым ня менш бальшыня гандлёвых павільёнаў з таварамі расейскага легпраму зачыненая. Прэзыдэнцкі ўказ б’е і па тутэйшых прадпрымальніках.

Гэтак выглядаюць павільёны ў гандлёвых цэнтрах Магілёва

Гэтак выглядаюць павільёны ў гандлёвых цэнтрах Магілёва

Нямала бізнэсоўцаў свой тавар вывезьлі падалей ад кантралёраў. Аляксей — адзін з іх. Набытае абсталяваньне таксама вывозіць. За гэтай працай яго і засьпеў. У Аляксея няма пэўнасьці, што прэзыдэнцкі ўказ скасуюць:

«Пакуль згортваемся, мо неяк на нас зьвярнуць увагу. Шумчанка ж нешта выстаўляе ўладзе. Мы падтрымліваем», — бяз нотак аптымізму зазначае Аляксей.

Прадпрымальнікі вывезьлі тавар. Пакінулі манэкенаў

Прадпрымальнікі вывезьлі тавар. Пакінулі манэкенаў

Аляксей гандлюе абуткам больш за дваццаць гадоў. Прызнаецца, што бачыць толькі два варыянты выйсьця з тупіковай сытуацыі: альбо зачыняцца, альбо шукаць дакумэнты:

«Калі знойдзем дакумэнты, дык узрастуць цэны, а ў нас і так ніхто нічога не купляе. А калі цэны вырастуць, дык наагул вырашылі сыходзіць з гэтага павільёну. Няма чым плаціць арэнду. Там, дзе можна, яшчэ пабудзем. Але па ўсім відаць, паедзем у Расею. Там нічога падобнага няма. Падаткі не настолькі высокія. Але надзея застаецца, што нешта зьменіцца і тут на радзіме», — разьвітваючыся, заўважае Аляксей.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG