Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Бачыце крызіс? Топ-8 прыкмет эканамічнага заняпаду з вуліц і крамаў


Беларусы звыклыя да пэсымістычных прагнозаў эканамістаў, таму ўжо мала зьвяртаюць увагі на словы пра інфляцыю і дэвальвацыю. Цягам першых дзён 2016 году на прыкладзе штодзённых рэчаў можна пабачыць, што ў краіне крызіс — людзі менш трацяць, установы сфэры абслугоўваньня пусьцеюць, а фінансавыя махляры зноў пачалі выдаваць «хуткія крэдыты».

1. Зачыняюцца рэстарацыі і сталоўкі

Надзейны спосаб эканоміць — менш хадзіць па кавярнях і рэстарацыях, гатаваць ежу дома і браць на працу «ссабойку». У выніку некаторыя ўстановы такога кшалту будуць вымушаныя сысьці з рынку. Партал relax.by прапануе дзясятку менскіх установаў, якія ня выстаялі ў крызіс і зачыніліся яшчэ ў 2015 годзе. Паказальна, што зачыняюцца нават танныя сталоўкі на прадпрыемствах — напрыклад, у галоўным офісе кампаніі «МТС» у Менску.

2. Ажывіліся фінансавыя махляры

На слупах і дошках аб’яў зноў зьяўляюцца прапановы мікрапазык. Сумы прапаноўваюцца даволі невялікія (некалькі мільёнаў) і з высокай пераплатай. Пазваніўшы праз тэлефон на адной з абвестак, якія разьвешаныя ў раёне Камароўскага рынку, мы высьветлілі, што, узяўшы 4 мільёны рублёў на 12 месяцаў, трэба будзе выплочваць 900 тысяч штомесяц — гэта значыць, крэдыт выдаецца пад 270% гадавых.

3. Няма чэргаў у «Ладэ» і «Нардзіне»

Адчуюць крызіс тыя, хто прывык лекавацца ў платных цэнтрах. Папулярны ў Менску «Ладэ» закрыў свой філіял у Вясьнянцы, а запісацца да такіх запатрабаваных спэцыялістаў, як дэрматоляг і отарыналярынголяг, можна літаральна сёньня на сёньня.

4. Пустыя платныя паркоўкі

Платны паркінг ля завода "Луч" пустуе, фота 5 лістапада 2015 году

Платны паркінг ля завода "Луч" пустуе, фота 5 лістапада 2015 году

Напрыканцы 2015 году ў цэнтры Менску абсталявалі шэраг платных парковак, якія цяпер пустуюць. Плаціць 10 тысяч рублёў за гадзіну стала непад’ёмна для офісных супрацоўнікаў, якія на працы па 7–8 гадзін. У выніку — пустыя паркоўкі і застаўленыя аўтамабілямі суседнія вуліцы.

5. Пустыя рынкі

Рынак Ждановічы ў Менску: амаль усе павільёны зачыненыя

Рынак Ждановічы ў Менску: амаль усе павільёны зачыненыя

Хоць індывідуальных прадпрымальнікаў «дабіў» прэзыдэнцкі ўказ № 222, якія ўступіў у сілу з 1 студзеня 2016 году, шмат хто зь іх адзначае, што сытуацыя стала невыноснай значна раней. У выніку падзеньня пакупніцкай здольнасьці людзі адмаўляюцца ад рамонтаў, новай мэблі, бытавой тэхнікі і вопраткі, ашчаджаючы грошы на самае неабходнае — найперш на прадукты харчаваньня.

6. Адмова ад карпаратываў

У гэтым годзе рэстараны і арганізатары сьвятаў адзначаюць, што як камэрцыйныя, так і дзяржаўныя ўстановы паадмаўляліся ад забаваў для сваіх супрацоўнікаў.

7. Бедны сьвяточны стол

Шмат каму ў гэтым годзе не па кішэні заваліць вазок прысмакамі. Нават перад Новым годам і Калядамі некаторыя мусілі закупляцца стрымана: у менскім гіпэрмаркеце кошт базавых прадуктаў для каляднага стала — каля паўтара мільёна рублёў

8. Стаіць МАЗ

З 25 сьнежня 2015 году па 11 студзеня 2016-га Менскі аўтамабільны завод і прадпрыемствы холдынгу «БелАўтаМАЗ», у тым ліку Баранавіцкі і Асіповіцкі заводы, спыняюць працу. Як сьцьвярджаюць супрацоўнікі МАЗу, адпачынкі не аплочваюцца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG