Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларускія назвы вернуцца і для Хвойнікаў, і для Берасьця», — Вінцук Вячорка прэзэнтаваў кнігу ў Берасьці


Вінцук Вячорка прэзэнтаваў сваю кнігу на курсах «Мова нанова» ў Берасьці

Вінцук Вячорка прэзэнтаваў сваю кнігу на курсах «Мова нанова» ў Берасьці

Некалькі дзясяткаў чалавек наведалі прэзэнтацыю кнігі «Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам» у Берасьці. Сустрэча з мовазнаўцам адбылася ў часе курсаў «Мова нанова».

Кніга «Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам» выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды» (чытайце тут у PDF) і складаецца з тэкстаў аднайменнага цыклю Радыё Свабода.

У часе прэзэнтацыі кнігі Вінцук Вячорка зладзіў моўную віктарыну, паказаў вулічныя відэаапытаньні, зьнятыя для ягонай перадачы. Мовазнаўца распавёў пра асаблівасьці моўнай сытуацыі ў Берасьці паводле апошняга перапісу насельніцтва, пра хібы пытаньняў, зададзеных падчас гэтага перапісу.

Прысутныя змаглі задаць мовазнаўцу пытаньні: адных цікавіла, як правільна пісаць па-беларуску імёны сваіх продкаў, другія пасьмяяліся зь перакладу вуліцы Вароўскага на «Зладзеева» на афіцыйным сайце, іншыя абураліся практыкай ужываньня слова «брэстаўчане» замест «берасьцейцы».

«Галоўная праблема тут ня ў суфіксе. Галоўная праблема тут у корані. Ня „Брэст“, а Берасьце, першакорань якога „бераст“, таму і націск на першы склад. Рана ці позна мы даможамся, што беларускія назвы вернуцца і для Менску, і для Хвойнікаў, і для Горадні, і для Берасьця,» — адказаў Вінцук Вячорка.

Сустрэча з мовазнаўцам доўжылася больш за дзьве гадзіны, пасьля чаго ён падпісаў усім ахвочым сваю кнігу.​

XS
SM
MD
LG