Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У летнім цыклі моўных гутарак –​ пра тое, чым замяніць русізм "пыласос", а таксама пра сапраўднае паходжаньне Зьмея Гарынавіча, які выкрадаў з Кіева дзяўчат.

Лета – пара адпачынкаў, паяднаньня з прыродаю і панадпрыроднымі сіламі. Перад адпачынкам трэба прыбраць дома. А як назваць электрычную прыладу, што высмоктвае пыл?

Крыніца: http://cyberneticzoo.com

Крыніца: http://cyberneticzoo.com

У савецкім слоўніку "пыласос". Але гэтае "сос" паказвае, што перад намі русізм, ад "пыль сосать". Відаць, калька зь нямецкага слова Staubsauger.

Па-беларуску ня можа быць "сос". Апарат пыл сьсе або смокча. У літаратурнай мове ссаць, у дыялектнай (Горадзеншчына) – сысаць. Паводле законаў беларускай фанэтыкі пра дзіця, якое яшчэ сьсе, скажуць сысун, сысунок (так назавуць і цялятка да году), так могуць кпліва адшыць некага надта маладога; сюды ж слова сыска (дзіцяці смактаць, некалі – заматаны ў тканіну хлеб з цукрам).

Заўважым: рэчыцкае прозьвішча Сыс, якое насіў паэт з Гарошкава, што сышоў у вечнасьць, наўрад ці зьвязанае з гэтым коранем; усё ж Сыс – даўняя пакарочаная нацыянальная форма хрысьціянскага імя Сысой або Сісой. Яно з грэцкае мовы, а туды прыйшло ці то з старажытнагабрэйскай, ці то з копцкай.

Ёсьць у Анатоля Сыса верш пра Зьмяінага Цара, які прасьпяваў віцебскі аўтар Міхаіл Рубін:

Мой гаспадар Зьмяіны Цар,
ты ведаеш, як словы
над вогнішчам купальскіх чар
складаюцца ў замовы.

Мой гаспадар Зьмяіны Цар,
сьвятлом сваёй кароны
ты кажаш шлях сярод імшар
у храм дуброў зялёных.

Да гэтага верша А. Сыса шчэ вернемся, але перш разьбярэмся з тэхнікай.

Памва Бярында пампуе смокам

Не, я не прапаноўваю называць той вакуўмны апарат па-беларуску "пыласыс". У розных славянскіх мовах прыжыліся назвы, наагул не зьвязаныя з пылам: usisavač у харвацкай, vysavač у чэскай. Па-польску odkurzacz, пыл па-польску kurz. Відавочна, беларусы Падляшша скалькавалі слова ў палякаў – адпыльвач стасуецца са словам адпыліць 'пазбавіць пылу'. Як адахвоціць – 'пазбавіць ахвоты'. Але такая словаўтваральная мадэль усё ж не зусім беларуская. Мы дома ўжываем слова адпыльвач, але настойліва рэкамэндаваць яго іншым ня буду.

Пагледзім слоўнік беларускай мовы Івана Насовіча. Хоць гэта XIX стагодзьдзе, але знойдзем там і народныя тэхнічныя тэрміны. Вось слова СМОК:

(куфа – гэта вялікая кадзь, бочка.)

Хаця што там ХІХ стагодзьдзе. Яшчэ ў царкоўнаславянска-беларускім слоўніку Памвы Бярынды слова ўжываецца ў тэхнічным значэньні:

Водовожда: смок, што ваду выцягае.

Слоўнік П. Бярынды выдадзены ў Куцейне пад Воршай у 1653 годзе

Слоўнік П. Бярынды выдадзены ў Куцейне пад Воршай у 1653 годзе

Так што смок асьвячоны шматвяковай беларускай тэрміналягічнай традыцыяй. Таму і пыласмок, відаць, найлепшае слова для нашае сучаснае прылады.

Але апошняе значэньне слова смок у кнізе Насовіча выводзіць нас ад тэхнічнага ў ірацыянальны сьвет. Гэта

Цмок ды Арол

Смок і цмок у Насовіча – варыянты аднаго слова ў "цмачыным" значэньні.

Карані смок і цмок трохі розьняцца сэмантыкай. Смактаць – толькі калі нешта высмоктваюць, а вось цмокаць – таксама і цалаваць. Цмок як гукапераймальны выклічнік – тое, што па-расейску "чмок".

Мой кот успрымае той самы адпыльвач-пыласмок вельмі эмацыйна. Ён яго баіцца, прэвэнтыўна ўцякае. Відаць, на кацінае вока пыласмок і ёсьць цмок. Загнаны ў кут кот, як той асілак, адважна падымае лапу на галаву цмока, то бок на шчотку пыласмока.

© thecatsite.com

© thecatsite.com

Слова цмок у значэньні міталягічнай істоты чыста беларускае. Нездарма да вобразу цмока зьвярнуўся, шукаючы свае беларускае тоеснасьці, Сяргей Міхалок:

Белыя воблакi, чорны анёл! Старыя ворагi — Цмок ды Арол!

У Міхалка Цмок свой, антыпод арла. А ў народзе ён станоўчы ці адмоўны? Слова цмок/смок у гаворках мае і значэньне 'вясёлка'. На пагарынскім Палесьсі, у вёсцы Цераблічах, скажуць: Цмок з рэкі водý набірае. Высмоктвае ваду з ракі, балота ці мора. А вясёлка ж адназначна станоўчы вобраз, значыць, і Цмок успрымаўся некалі станоўча. У тым самым рэгіёне сьпявалі такія песьні пра колішнюю веру ў цмока:

Ек була земля нехрышчэна,

то булі людзі неверные,

то не веровалі ў Господа Бога,

да поверовалі ў Ліхого Цмока.

(вёска Запясочча).

Вэрсію песьні – пра Бяздэннага Цмока выконвае гурт "Млын Сонца":

Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам

Рубрыка на Радыё Свабода прысьвечаная беларускай мове і культуры. Думайце па-беларуску! Слухаць на Soundcloud

Бяздэнны Цмок морам плывець,
Сьвяты Юры на кане едзіць.
Бяздэнны Цмок к берагу падплываець,
Сьвяты Юры канём націскаець.
Як цяў меччу па яго плеччу,
Як цяў кап’ём па яго рабром
Сіняя полынь у яго роту,
Пакурыўся дым ізь яго вушэй,
Пасыпаліся іскры ізь яго вачэй.
Бяздэнны Цмок патануў на дно,
Сьвяты Юры на бераг выплыў.

Так, гэта ўжо хрысьціянская вэрсія гісторыі з цмокам, якога перамог Сьвяты Юры. Але чым займаўся беларускі цмок да таго?

Зьмей Гарынавіч як экспартны аватар беларусаў

Цмок – жыхар зацішных і вільготных мясьцінаў. І я перакананы, што менавіта з палескіх балотаў паходзіць вядомы прадстаўнік сямейства цмачыных. Мяне не задавальняе клясычнае тлумачэньне паходжаньня прозьвішча-мянушкі Зьмея Гарынавіча – ад слова гарэць або гара.

Папраўдзе ягонае прозьвішча ад ракі Гарыні. Ён з Пагарыньня на Палесьсі. Наш Цмок Гарынскі, якога ў іншых землях, дзе слова цмок ня ведаюць, назвалі Зьмей Гарынавіч.

Нагадаю традыцыйны сюжэт украінскага і расейскага фальклёру. Пралятаючы над Кіевам, Зьмей Гарынавіч у парушэньне дамовы з тамтэйшым асілкам Дабрынем выкрадае з палаца дзяўчыну Забаву і хавае яе ў сваіх балотных норах. Трэба зазначыць, што палескі цмок прыйшоўся ёй даспадобы.

Усе асноўныя атрыбуты Зьмея, як яго бачылі старажытныя кіяне, лёгка тлумачацца.

Чаму Зьмей шматгаловы? Бо ў сьвядомасьці кіянаў так адлюстравалася пакланеньне палешукоў вужу. Яно ўласьцівае ўсёй Беларусі, магчыма, дзякуючы балцкаму ўплыву.

Вобраз шматгаловага вужынага караля або цара зь беларускіх казак і паданьняў, пра якога верш Анатоля Сыса, сустракаецца мае сваё прыроднае тлумачэньне. Зімуючы, вужы сплятаюцца ў клубок, зь якога тырчыць мноства галоваў.

Зьмеі. © Звязда

Зьмеі. © Звязда

Знайшоўшы ўзімку ці пабачыўшы ўвесну такі шматгаловы клубок, старадаўні наш продак разумеў, што Цмок Гарынскі – проста XXL-вэрсія вужынага караля.

Чаму Зьмей агнядышны? Бо палешукі ведалі і выкарыстоўвалі баявы так званы "грэцкі агонь", калі хадзілі (а можа плавалі па Прыпяці) у свае авантурныя паходы на паўднёва-ўсходнія палянскія гарады.

Чаму Зьмей Гарынавіч выкрадае дзяўчат? Бо старажытныя пагарынцы падчас паходаў заадно здабывалі сабе жонак. А некаторым кіянкам гарынскія хлопцы нават і падабаліся.

Вось такія мае домыслы. Можа і не зусім антынавуковыя. Ужо падрыхтаваўшы гэтую гаворку (хаця матэрыял я даўно сабраў), натрапіў на ўкраінскую энцыкляпэдыю "Карыкадурка", дзе Зьмея Гарынавіча лякалізуюць таксама на рацэ Гарыні, але ў яе верхняй, украінскай частцы.

Ён там жыве, маўляў, таму, што рэчышча зьвілістае і віры.

Непераканаўча. У нас, бліжэй да ўпадзеньня Гарыні ў Прыпяць, цмокам зручней, бо прасторна. У "Карыкадурцы" яшчэ кажуць, што Гарынь лепшая за Лох-Нэс, таму што там Нэсі ўжо няма, а ў рацэ Гарыні цмок па-ранейшаму ёсьць. Гэта так. Але калі сьцьвярджаюць, што ўсплывае цмок на адрэзку Гарыні ў Ровенскай вобласьці, то гэта няпраўда. У Берасьцейскай.

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG