Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомелі былы афіцэр міліцыі судзіцца з амапаўцамі — разгляд справы працягнецца 2 сьнежня


Уладзімер Няпомняшчых

Уладзімер Няпомняшчых

9 лістапада ў судзе Цэнтральнага раёну Гомеля пачаўся разгляд пазову сябра Абʼяднанай грамадзянскай партыі, былога афіцэра міліцыі Ўладзімера Няпомняшчых да трох амапаўцаў — маёра міліцыі Сяргея Лукʼянцава, прапаршчыкаў Ігара Ючко і Міхаіла Аленічава.

Няпомняшчых абвінавачвае амапаўцаў у лжэсьведчаньні і патрабуе спагнаць зь іх па адной капейцы. А з упраўленьня ўнутраных спраў Гомельскага аблвыканкаму праз рэгіянальнае казначэйства Міністэрства фінансаў — кампэнсацыю маральнай шкоды ў памеры 9900 рублёў.

12 верасьня амапаўцы затрымалі Ўладзімера Няпомняшчых на Прывакзальнай плошчы за паўгадзіны да адыходу маршруткі на Менск. Актывіст зьбіраўся паехаць на акцыю пратэсту «Патрабуем сапраўдных выбараў». Уладзімера, як гэта было раней зь іншымі актывістамі, абвінавацілі ў дробным хуліганстве і непадпарадкаваньні. Ён нібыта лаяўся, размахваў рукамі і ўцякаў, а амапаўцы даставілі «хулігана» ў Чыгуначны РАУС, дзе на яго склалі два пратаколы. Суд Чыгуначнага раёну пакараў Уладзімера штрафам у тры базавыя велічыні (63 рублі).

«Нельга дараваць нахабныя лжэсьведчаньні. Бо заўтра тыя ж амапаўцы зладзяць правакацыі ня толькі актывістам, але й судзьдзям, і пракурорам — і яны таксама сядуць за краты альбо атрымаюць буйныя штрафы. Дойдзе да таго, што і расстрэльваць пачнуць паводле ілжывых абвінавачаньняў, як ужо было ў савецкай гісторыі», — лічыць Уладзімер Няпомняшчых.

Пазоў былога афіцэра міліцыі да амапаўцаў разглядае судзьдзя Марына Дамненка. Яна адхіліла дзясятак хадайніцтваў Няпомняшчых — на прагляд камэры відэаназіраньня з Прывакзальнай плошчы, зь якой бачна, хто і што рабіў на прыпынку грамадзкага транспарту; на выклік у суд кіроўцы апамапаўскай аўтамашыны і праслухоўваньне запісу ў ёй відэарэгістратара; на праверку паказаньняў амапаўцаў на дэтэктары падману за кошт самога пазоўніка; і нават на правядзеньне судова-псыхіятрычнай экспэртызы.

«Можа, я ненармальны, калі за паўгадзіны да адʼезду ў Менск, стоячы на прыпынку грамадзкага транспарту з важкім заплечнікам, лаяўся, размахваў рукамі», — тлумачыў сутнасьць хадайніцтва Ўладзімер.

Марына Дамненка адхіліла ўсе заяўленыя Няпомняшчых хадайніцтвы на той падставе, што яны немэтазгодныя, бо штраф за хуліганства не адменены. Пасьля гэтага Ўладзімер выказаў недавер судзьдзі.

Супрацоўніца абласной міліцыі Валянціна Радзівонава, якая прадстаўляла ведамства, таксама сказала, што Ўладзімеру спачатку трэба абскардзіць штраф, а пасьля ўжо прадʼяўляць прэтэнзіі амапаўцам і ведамству.

Пакуль судзьдзя была ў пакоі для нарадаў, шматлікія прысутныя ў судовай залі, якія прыйшлі падтрымаць Уладзімера, нэгатыўна выказваліся на адрас амапаўцаў.

«Калі бэнзапіламі рэжуць людзей, амапаўцаў няма. А калі раздаеш газэту „Народная Воля“ або ўлёткі да выбараў, то амапаўцы тут як тут», — заўважыла адна з прысутных.

Амапаўцы паведамілі ў судзе свае пасады: Лукʼянцаў назваўся камандзірам групы, Ючко і Аленічаў — камандзірамі аддзяленьняў. Прысутныя выказалі падазрэньні, што камандзіры маглі дзейнічаць па замове і змове.

Прадстаўнік рэгіянальнага казначэйства Міністэрства фінансаў Сяргей Захарчанка, выкліканы ў суд як адзін з суадказчыкаў, хадайнічаў, каб судзьдзя перапрызначыла належнага адказчыка — Галоўнае дзяржаўнае казначэйства. Бо рэгіянальнае ня мае права сплачваць сумы маральнай шкоды заяўнікам паводле пастановаў судоў. Судзьдзя задаволіла гэтае хадайніцтва і перанесла разгляд справы на 2 сьнежня.

Прадстаўнік Беларускага Хэльсынскага камітэту Віктар Адзіночанка пракамэнтаваў судовы разбор паводле пазову актывіста так:

Віктар Адзіночанка

Віктар Адзіночанка

«Судзьдзя Дамненка мае пэўную рэпутацыю, бо ўжо шмат спраў разглядала ў дачыненьні да грамадзкіх актывістаў. Яна, канечне, паверыць амапаўцам. Але вельмі добра, што гэты суд распачаўся. Амапаўцы змушаны будуць даваць тлумачэньні. Яны выканаўцы. Сьмеху і жалю варты іх рапарты і абвінавачаньні, што адэкватны чалавек, былы афіцэр міліцыі, а цяпер пэнсіянэр МУС Уладзімер Няпомняшчых, выпраўляючыся ў Менск, стаў на прыпынку гарадзкога транспарту і пачаў лаяцца».

Сам Уладзімер кажа, што ў Беларусі няма незалежных судоў:

«Тым ня менш усе падобныя факты трэба зафіксаваць дакумэнтальна. І калі наступяць лепшыя часы, можна будзе спытаць ва ўсіх хлусаў за іх дзеяньні. Проста пазбавіць іх саміх ды іхніх начальнікаў, што загадвалі караць нявінных людзей, міліцэйскіх званьняў, пэнсіяў. Няхай атрымліваюць сацыяльную пэнсію, а калі хочуць большага, то няхай зарабляюць у народнай гаспадарцы— і амапаўцы, і судзьдзі, і пракуроры».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG