Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тадэвуш Кандрусевіч: Прыезд Папы ў Беларусь — бліжэйшы, чым калі ў гісторыі


Тадэвуш Кандрусевіч

Тадэвуш Кандрусевіч

Mітрапаліт Менска-Магілёўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч выступіў з заявай паводле вынікаў сустрэчы Папы Рымскага Францішка і Мітрапаліта Маскоўскага Кірыла.

Тадэвуш Кандрусевіч нагадаў, што такая сустрэча рыхтавалася яшчэ ў 1997 годзе, за часам пантыфікату Яна Паўла ІI, і калі сам Тадэвуш Кандрусевіч працаваў у Маскве. Але тады такая сустрэча на вышэйшым узроўні не адбылася з прычыны многіх акалічнасьцяў. Цяперашнюю сустрэчу мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч назваў выніковым працягам працы 20-гадовай даўніны.

Арцыпастыр станоўча ахарактарызаваў пытаньні, абмеркаваныя падчас сустрэчы Папы Францішка і Мітрапаліта Кірыла: становішча хрысьціян на Блізкім Усходзе, праблемы ўцекачоў і захаваньне традыцыйнага хрысьціянства ў Эўропе, урэгуляваньня ваеннага канфлікту ва Ўкраіне.

Тадэвуш Кандрусевіч зьвярнуў увагу на падарункі, якімі абмяняліся высокія асобы. Папа Рымскі падарыў Маскоўскаму патрыярху рэліквіі сьвятога Кірыла, які разам са сьвятым Мятодам ёсьць апекуном хрысьціян. Патрыярх Кірыл — абраз Маці Божай Казанскай — копію абраза, які ў 2004 годзе быў перададзены з Ватыкану ў Маскву. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч назваў гэтую зьяву глыбока сымбалічнай, якая азначае ўдалае завяршэньне імкненьня да збліжэньня цэркваў, распачатае дзесяцігодзьдзі таму.

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч падчас адмысловай прэсавай канфэрэнцыі з нагоды сустрэчы двух высокіх герархаў таксама падкрэсьліў, што гэтая сустрэча зьняла перашкоды для далейшага супрацоўніцтва паміж касьцёлам і царквой.

Таксама Тадэвуш Кандрусевіч заявіў журналістам: «Прыезд Папы ў Беларусь — бліжэйшы, чым калі ў гісторыі».

XS
SM
MD
LG