Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Папа Рымскі і патрыярх Маскоўскі: сустрэча палітычная ці экумэнічная?


Папа рымскі францішак і маскоўскі патрыярх Кірыл

Папа рымскі францішак і маскоўскі патрыярх Кірыл

Упершыню ў гісторыі папа Рымскі сустракаецца з Маскоўскім патрыярхам. Сустрэча Францішка і Кірыла адбудзецца ў Міжнародным аэрапорце імя Хасэ Марці на Кубе, калі ў Менску будзе ўжо вечар.

Паводле афіцыйных крыніцаў, сустрэча працягнецца дзьве гадзіны, падчас яе будуць падпісаныя пагадненьні, таксама герархі выступяць з прамовамі. Значэньне гэтай падзеі для Беларусі і сьвету Свабодзе пракамэнтавалі прадстаўнікі праваслаўнай царквы і каталіцкага касьцёла, а таксама вернікі іншых канфэсіяў Беларусі.

Гістарычная падзея

Касьцёл у Беларусі моліцца за выніковасьць сустрэчы высокіх герархаў, кажа прэсавы сакратар Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі, ксёндз Юры Санько:

Юры Санько

Юры Санько

«Перадусім гэта гістарычная падзея — сустрэча адбываецца ўпершыню за некалькі стагодзьдзяў. Канечне, нам у Беларусі — дзе цесна зьвязаныя каталіцкая і праваслаўная канфэсіі — гэта вельмі важна. І, як папа і мітрапаліт заклікаюць, — мы молімся аб тым, каб гэтая сустрэча прынесла найбольшы плён. Вядома, што ў абвешчаным фармаце сустрэчы цяжка вырашыць шмат важных пытаньняў, але жадаем, каб гэта быў першы крок у больш глыбокім сумесным супрацоўніцтве на гэткім высокім узроўні».

Крок насустрач

Прэсавы сакратар Беларускай праваслаўнай царквы, айцец Сергій Лепін мяркуе, што перадусім гэтая сустрэча павінна мець задачай падтрымку хрысьціянаў ва ўсім сьвеце:

Сергій Лепін

Сергій Лепін

«Сустрэча патрыярха Маскоўскага і папы Рымскага адбудзецца ўпершыню ў гісторыі. Спадзяюся, што гэтая сустрэча паспрыяе далейшаму разьвіцьцю нашых узаемаадносінаў і ў цэлым паўплывае на разьвіцьцё мірных працэсаў ва ўсім сьвеце. Вельмі важным зьяўляецца тое, што рэлігійныя лідэры знаходзяць магчымасьць зрабіць крок насустрач і паціснуць рукі адзін аднаму. Ужо сама па сабе гэтая падзея ёсьць зьмястоўным пасланьнем да сусьветнай супольнасьці, якая сёньня разьдзіраецца многімі супярэчнасьцямі.

Калі за пэўным часам у нашай краіне былі крывавыя ганеньні на Царкву, то сусьветная супольнасьць шукала магчымасьці паўплываць на сытуацыю — і малітвамі, і палітычнымі ініцыятывамі. Сёньня ў нас, дзякуй Богу, мір і згода, аднак у некаторых рэгіёнах плянэты адбываецца прыкметная радыкалізацыя антыхрысьціянскіх настрояў і фізычнае зьнішчэньне рэлігійных груп. Цяпер наша чарга праявіць ініцыятыву і зацікаўленасьць. Лідэры розных канфэсіяў неаднаразова зьвярталі ўвагу сусьветнага грамадзтва на тыя пакуты і беды, у якіх цяпер знаходзяцца хрысьціяне Блізкага Ўсходу і некаторых іншых рэгіёнаў. І дай Бог, каб хтосьці нарэшце падумаў пра іх, а ня толькі пра свае геапалітычныя інтарэсы».

Розныя матывацыі

Адзін зь лідэраў партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя», праваслаўны вернік Віталь Рымашэўскі мяркуе, што духоўныя герархі маюць розныя матывацыі для супольнай сустрэчы:

Віталь Рымашэўскі

Віталь Рымашэўскі

«Ёсьць дзьве акалічнасьці гэтай сустрэчы: зьмена пазыцыі Маскоўскай патрыярхіі зьвязаная з унутранай сытуацыяй. Гэта азначае, што ў Расеі на зьнешняй арэне настолькі кепскія цяпер пазыцыі, што блізкі пэрсанальна да Пуціна патрыярх РПЦ змушаны больш актыўна займацца зьнешняй палітыкай. Бо касьцёл, як вядома, можа быць досыць сур’ёзным лабістам. Да прыкладу, адносна Аляксандра Лукашэнкі гэта пэўны час працавала: мінулымі гадамі ён актыўна выкарыстоўваў касьцёл, і гэта яму ўдавалася — нягледзячы на тое, што ён быў неўязны ў цывілізаваныя краіны сьвету, ён езьдзіў зь візытам да папы Рымскага. Штосьці падобнае можна прагназаваць і адносна Ватыкану і Расейскай Фэдэрацыі — вось што гэтая сустрэча азначае палітычна.

Што тычыцца ўнутрыцаркоўных стасункаў і ўплыву на Беларусь, то гэтая сустрэча будзе мець станоўчы ўплыў. Бо варожасьць часам пераходзіла межы хрысьціянства. Таму агулам гэты візыт будзе мець станоўчы ўплыў на больш адкрытыя і шчырыя стасункі паміж праваслаўнай царквой і касьцёлам, а таксама адносна іншых канфэсіяў. Бо яшчэ зусім нядаўна ня толькі праўладныя колы, але нават і дэмакратычныя сілы ставіліся да пратэстантаў як да сэкты. І вось гэты дыялёг паміж герархамі будзе спрыяць міру паміж людзьмі рознага веравызнаньня і больш спакойнаму і паважліваму ўспрыманьню адзін аднаго».

Палітычная падзея

Вернік-пратэстант, актывіст Маладога фронту Зьміцер Дашкевіч кажа, што сустрэча папы Францішка і патрыярха Кірыла — падзея перадусім палітычная.

Зьміцер Дашкевіч

Зьміцер Дашкевіч

«Я думаю перадусім правільна будзе разьмежаваць два паняткі: палітыка і вера. На вялікі жаль, вернікі і нават герархі розных канфэсіяў, не спадзеючыся на Бога, шукаюць падтрымкі і ўскладаюць спадзяваньні на цароў, на людзей і на структуры зямныя, замест таго каб шукаць падтрымкі ў Таго, Каму яны пакліканыя служыць. Тое, што зараз робяць высокія герархі — гэта чыстая палітыка. Пры ўсім маім пазытыўным стаўленьні да касьцёла, калі папа прымае злодзеяў, якіх абвінавачваюць у палітычных забойствах, — ну што гэта такое? Гэта чысьцейшай вады палітыка. Касьцёл думае: вось папа з кімсьці сустрэнецца, дамовіцца, і будзе дазвол на будаўніцтва касьцёла і гэтак далей. Так, мажліва, і дазволяць, але ж усё роўна мы бачым агрэсіўнае стаўленьне, якое выходзіць праз таго ж Гуляку ці яшчэ кагосьці. А калі б спадзяваліся на Бога, то Ён бы гэта зрабіў.

Я прыхільнік дыялёгу паміж рознымі хрысьціянскімі канфэсіямі. Вельмі добра, калі людзі розных веравызнаньняў зьбіраюцца разам, каб памаліцца. І такія ініцыятывы ёсьць. Да прыкладу, да Чырвонага касьцёла прыходзяць вернікі розных цэркваў — каталіцкай, праваслаўнай і пратэстанцкай — і яны ёсьць сіла, бо яны моляцца да Бога. А калі сустракаюцца з прычыны ўрэгуляваньня палітычных пытаньняў, то гэта ўжо іншая тэма, і я нават ня ведаю, як гэта камэнтаваць. Гэта палітыка, і для мяне гэта незразумела».

Хрысьціянства адно

Рэдактарка каталіцкага выдавецтва Аліна Новікава мяркуе, што сустрэча папы Рымскага і патрыярха Маскоўскага будзе мець станоўчае значэньне перадусім для хрысьціянаў у Беларусі і ва ўсім сьвеце:

Аліна Новікава

Аліна Новікава

«Яшчэ Ян Павал ІІ казаў, што каталіцтва і праваслаўе — гэта два лёгкія аднаго арганізму. Гэта адзін арганізм, адзін крыж і адно хрысьціянства. Асабліва добра мы ведаем гэта ў нас, на Беларусі, дзе вельмі шмат каталіцка-праваслаўных сем’яў. У мяне шмат сяброў праваслаўных, якія ня могуць сьвяткаваць сьвята Раства разам з усім сьветам, бо ў іх у гэты час пост, і гэта вельмі балюча. Таму гэта вялікая ласка Божая, што распачынаецца гэты дыялёг. Падзел — гэта вельмі балючая зьява. І, натуральна, вельмі важна, што герархі гэтых дзьвюх цэркваў нарэшце сустрэнуцца, і сьвядомыя вернікі заўсёды пра гэта маліліся. Бо Крыж у нас адзін і Бог адзін, і мы ўсе яму роўныя дзеці. І сваім падзелам мы наносім раны Хрысту, бо Ён казаў, каб мы былі адно.

Вельмі важная таксама тэма перасьледу хрысьціянаў, які адбываецца ў сьвеце. Цяжка нават гэта ўявіць у наш час, але гэта ёсьць, і гэтыя хрысьціяне вельмі пакутуюць, І ў гэтай справе могуць быць дзейснымі толькі супольныя намаганьні — малітва хрысьціянаў і захады герархаў».

Сымбалічнае значэньне

Першая ў гісторыі сустрэча каталіцкага папы і патрыярха Рускай праваслаўнай царквы будзе мець важнае сымбалічнае значэньне, але практычных наступстваў ад яе чакаць ня варта. Такое меркаваньне ў інтэрвію Свабодзе выказаў доктар тэалёгіі Алесь Дуброўскі.

Алесь Дуброўскі

Алесь Дуброўскі

«Хутчэй за ўсё, для хрысьціянства гэтая сустрэча будзе мець сымбалічнае значэньне — у нармальным сэнсе гэтага слова. Гэта значыць, што гэта будзе ня проста сымбаль сам па сабе — за сымбалем заўсёды стаяць значныя сэнсы.

Але, на жаль, сымбаль перш за ўсё. Чаму на жаль? Таму што хацелася б, каб на дадатак да гэтага сымбаля былі яшчэ нейкія канкрэтныя крокі па збліжэньні, па ўзаемаразуменьні. Але, хутчэй за ўсё, сёньня мала хто гэтага чакае.

А сымбалічнае значэньне гэтай сустрэчы сапраўды мае сэнс. Гэта ня мала, але, на жаль, і ня многа», — адзначыў ён.

На думку Дуброўскага, разважаць наконт пытаньня аб уплыве гэтай сустрэчы на міжканфэсійныя адносіны сёньня вельмі складана, перш за ўсё таму, што «патрыярх Маскоўскі зьяўляецца толькі адным з прадстаўнікоў праваслаўнай канфэсіі».

Сустрэча папы Францішка і патрыярха Кірыла мае адбыцца сёньня, 12 лютага, на Кубе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG