Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Дубянецкая: Можа скрануцца лёд, які скоўваў рух РПЦ насустрач каталіцкаму касьцёлу


Ірына Дубянецкая

Ірына Дубянецкая

Сустрэча папы Францішка і патрыярха Кірыла павінна паспрыяць узмацненьню даверу і больш добразычлівым адносінам да каталікоў з боку вернікаў РПЦ.

Такое меркаваньне ў інтэрвію Свабодзе выказала доктар тэалёгіі, дырэктарка Беларускага калегіюму Ірына Дубянецкая.

«Безумоўна, гэта важная сустрэча. Яна перш за ўсё важная для разьвіцьця адносінаў. Я мяркую, што можа скрануцца той лёд, які скоўваў рух Рускай праваслаўнай царквы насустрач каталіцкай царкве. Каталіцкая царква фактычна з другога Ватыканскага сабору імкнецца да паразуменьня нейкага і ўзаемадзеяньня з праваслаўнымі цэрквамі, пратэстанцкімі і наагул іншымі рэлігіямі.

Тут можна ўзгадаць, што, пачынаючы асабліва зь Яна Паўла II, папы Рымскія вельмі актыўна прызнаюць свае гістарычныя памылкі, яны прасілі прабачэньня і актыўна ішлі насустрач. Кіраўнікі іншых праваслаўных цэркваў таксама ішлі насустрач. Скажам, Канстанцінопальскі патрыярх неаднаразова сустракаўся з папам Рымскім. А вось Руская праваслаўная царква заўсёды трымала дыстанцыю.

Можна ўзгадаць, што калі папа Ян Павал II першы раз наведваў Украіну, ён хацеў сустрэцца з патрыярхам Маскоўскім Аляксіем, але тады Аляксій II жэстам адчаю адправіўся наведваць паўднёвыя межы Беларусі, пазначаючы сваю тэрыторыю. У гэтым сэнсе тое, што сустрэча адбываецца далёка ад Усходняй Эўропы і Блізкага Ўсходу, — гэта таксама вельмі паказальна. Гэта абсалютна нэўтральная тэрыторыя», — падкрэсьлівае доктар тэалёгіі.

Дубянецкая адзначае, што РПЦ заўсёды супраціўлялася працэсам збліжэньня, і вельмі добра, што цяпер гэты супраціў слабее.

Паводле яе слоў, трэба разумець, што толькі пераадолеўшы гістарычнае непаразуменьне паміж рознымі цэрквамі, можна мець нейкі ўплыў у цяперашнім сьвеце.

«Цяперашні сьвет і так адлучаны ад рэлігіі, і калі рэлігіі яшчэ і б’юцца паміж сабой, спрачаюцца паміж сабой, то яны такім чынам аслабляюць самі сябе», — кажа яна.

«Мне здаецца, што самае важнае, што ёсьць, — гэта тое, што дадзеная сустрэча можа паўплываць на адносіны тых вернікаў, якія ёсьць у сфэры ўплыву Рускай праваслаўнай царквы, на зьмену іх стаўленьня да каталіцкай царквы. Бо гэты недавер і нават нядобразычлівасьць з боку праваслаўных традыцыяў, праваслаўных людзей да каталікоў ёсьць. У каталіцкіх краінах, у Эўропе пры гэтым такога ў адносінах да праваслаўных няма. Там гэта пераадолена, гэта можа заставацца толькі на ўзроўні маргінальных асабістых адчуваньняў. А на нашых землях гэта якраз адчуваецца мацней», — кажа яна.

Дубянецкая канстатуе, што патрыярх Маскоўскі ачольвае самую багатую і ўплывовую праваслаўную царкву ў сьвеце, і таму збліжэньне РПЦ з каталіцкай царквой было б вельмі важным крокам.

«Я ня ведаю, наколькі гэтая сустрэча пераломіць сытуацыю. Але бяз гэтага рухацца наперад немагчыма», — упэўнена яна.

Дубянецкая лічыць, што асноўнае збліжэньне пазыцыяў каталіцкай царквы і РПЦ можа адбыцца на вонкавым узроўні.

«Супрацоўніцтва паміж цэрквамі ўжо ёсьць — зразумела, што на гэтым сьвеце ізаляваным быць проста немагчыма. Каталіцкая царква, як толькі савецкая сыстэма абрынулася, яна кінулася інтэнсіўна дапамагаць усім цэрквам на тэрыторыі былога СССР, і праваслаўная царква атрымлівала вельмі вялікую дапамогу. Але дапамога дапамогай, а адносіны адносінамі. Цяпер жа, думаю, самым першым будзе менавіта нейкае зьнешняе ўзаемадзеяньне, каб можна было рабіць разам нейкія важныя жэсты», — кажа доктар тэалёгіі.

Дубянецкая мяркуе, што на становішча грэка-каталіцкай царквы сустрэча папы Францішка і патрыярха Кірыла ніяк не паўплывае:

«Я ня думаю, што гэтае пытаньне будзе хоць нейкім чынам на парадку дня гэтай сустрэчы. Гэта, безумоўна, вельмі важнае пытаньне, але яно ніяк ня тычыцца гэтай сустрэчы».

XS
SM
MD
LG