Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спадзяваньні на дадатковы валютны пірог ня спраўдзяцца, — Манёнак


Тацяна Манёнак

Тацяна Манёнак

Як паўплывае на Беларусь зьняцьцё санкцыяў з Ірану? Пра гэта карэспандэнт Свабоды размаўляе з эканамічным аглядальнікам Тацянай Манёнак.

— Адразу пасьля дасягненьня дамоўленасьці з Іранам наконт ягонай ядзернай праграмы зьявіліся паведамленьні пра тое, што нафта таньнее. Экспэрты чакаюць абвалу коштаў нафты пасьля таго, як санкцыі супраць Ірану будуць скасаваныя. Як гэта адаб’ецца на Беларусі?

— Найперш будуць праблемы ў краінаў-экспартэраў нафты, напрыклад, Расеі і Азэрбайджану. Беларусь таксама экспартэр уласнай нафты, але гэты аб’ём адносна невялікі — 1 млн 645 тысяч тон. Паводле пагадненьня з Расеяй Беларусь мае права ўсю ўласную нафту экспартаваць. Каньюнктура на ўсясьветным рынку нафты ўжо адбілася на валютнай выручцы. Па выніках мінулага году Беларусь істотна меней атрымала валюты за продаж уласнай нафты. Пакуль што ўсясьветны рынак адгукнуўся на пагадненьні «шасьцёркі» з Іранам падзеньнем кошту нафты на 5%. Але калі Іран выйдзе на рынак са сваімі аб’ёмамі, кошт будзе зьмяншацца далей.

Але Беларусь — адзін з найбуйнейшых імпартэраў расейскай нафты: прыкладна 22 млн тон у год. Вядома, падзеньне коштаў нафты — гэта вялікі плюс для Беларусі. Але ўсьлед за зьніжэньнем кошту нафты зьмяншаюцца цэны на нафтапрадукты. А Беларусь — буйны экспартэр нафтапрадуктаў: каля 15 млн тон у год.

Валютная выручка за першыя месяцы гэтага году зьнізілася прыкладна на 20% параўнальна з такім жа пэрыядам мінулага году. І яна будзе зьмяншацца.

Яшчэ адзін момант. Сёлета па дамове з Расеяй Беларусь у свой бюджэт пералічвае ўсё мыта на нафтапрадукты. Яны разьлічваліся на пачатку году пры кошце нафты 83 даляры за барэль. А беларускі бюджэт меркаваў атрымаць 1,89 млрд даляраў мыта. Калі ж кошт нафты вагаецца ў межах 55–60 даляраў, то гэтыя спадзяваньні на дадатковы валютны пірог таксама ня спраўдзяцца, будзе значна менш валютнай выручкі.

Урад ужо перагледзеў бюджэт, зыходзячы з таго, што кошт нафты будзе 50 даляраў за барэль

Дарэчы, урад ужо перагледзеў бюджэт, зыходзячы з таго, што кошт нафты будзе 50 даляраў за барэль. Гэта было яшчэ да пагадненьняў з Іранам. Гэта больш-менш рэальная цана нафты. Таму гэта ўсё адаб’ецца на прыбытках нафтаперапрацоўчых заводаў, ключавая задача якіх — фарсаваць сваю мадэрнізацыю.

«Падатковы манэўр», які пачала Расея сёлета, завершыцца ў 2017 годзе. Гэта азначае, што калі заводы не падвысяць глыбіню перапрацоўкі нафты, то будуць несьці страты. Пакуль што заводы атрымліваюць нафту адносна тэндэнцыяў усясьветнага рынку даражэйшую. З-за «падатковага манэўру» кошт нафты для Беларусі адносна агульнай сытуацыі вырас на сто даляраў за тону. Аднак нават гэта дазваляе заводам пакуль мець маржу каля 10 даляраў на тоне. Гэтая маржа параўнальна з восеньню мінулага году зьнізілася прыкладна на 20 даляраў за тону.

Але зусім нядаўна кіраўнік канцэрну «Белнафтахім» пераконваў журналістаў, што заводы пакуль што працуюць з прыбыткам, маюць грошы на працяг мадэрнізацыі і не зьбіраюцца прасіць грошай у дзяржавы. І калі будзе патрэбна, я думаю, дзяржава падставіць плячо, бо экспарт нафтапрадуктаў — гэта галоўная крыніца даходаў для беларускага бюджэту.

Заводы імкнуцца цяпер працаваць на самых прыбытковых рынках. Таму ў сакавіку «Беларуская нафтавая кампанія» часова прыпыніла пастаўкі нафтапрадуктаў на расейскі рынак, нягледзячы на пагадненьне, што Беларусь павінна паставіць туды 1,8 млн тон бэнзіну.

— Гэтае падзеньне цэнаў не прывядзе да нафтавага канфлікту паміж Беларусьсю і Расеяй?

— Які можа быць канфлікт? Расейскія нафтаперапрацоўчыя заводы зьвяртаюцца ў расейскі ўрад, каб скарэктаваць умовы падатковага манэўру ў нафтавай галіне, бо не пасьпяваюць у сувязі з падзеньнем кошту нафты з мадэрнізацыяй заводаў. Нейкія карэкціроўкі магчымыя ў гэтай сфэры. Хаця ёсьць прагнозы, што ў Расеі можа быць дэфіцыт бэнзіну, Беларусь усё ж змагла адстаяць уласныя інтарэсы і не пастаўляць нафтапрадукты, калі ёй ня выгадна.

Аднойчы мне чыноўнік казаў, што Беларусі выгадныя як высокія, так і нізкія кошты на нафту на ўсясьветных рынках

І на другі квартал Расея цалкам задаволіла патрэбы беларускіх заводаў у нафце — будзе пастаўлена 5,7 млн тон. Нават на 300 тысяч тон па просьбе беларускага боку будзе пастаўлена больш, чым прадугледжваюць базавыя ўмовы.

Да таго ж нафту перапрацоўваюць на беларускіх заводах таксама і расейскія кампаніі на давальніцкіх умовах. Таму гэта няпроста — забараніць пастаўляць нафту Беларусі.

Ня думаю, што гэта будзе. Непатрэбна сёньня гэта Расеі таксама. Ёсьць інтэграцыйны праект, ён пашыраецца, трэба захаваць нейкі пазытыўны імідж. І інтарэсы расейскіх і беларускіх кампаніяў супадаюць, таму ня думаю, што гэта будзе.

— То бок Беларусь спаўна выкарыстоўвае сытуацыю ў сваіх інтарэсах?

— Аднойчы мне чыноўнік казаў, што Беларусі выгадныя як высокія, так і нізкія кошты на нафту на ўсясьветных рынках. Ну, нізкія, канечне, адносна. Калі 60 даляраў за барэль, гэта прымальны кошт. А потым ужо ўсё трэба ўзважваць, бо дамоваў на наступны год яшчэ няма.

Але Беларусь мае адносна неблагія мадэрнізаваныя заводы, можа прапанаваць на рынак даволі якасныя нафтапрадукты, мае прывабную лягістыку паставак на рынак той жа Ўкраіны, а гэта адзін з самых ліквідных рынкаў для экспарту. Да таго ж нават з падатковым манэўрам Беларусь атрымлівае самую танную нафту параўнальна зь іншымі краінамі, куды пастаўляецца расейская нафта.

Таму гэтая сытуацыя крыху і стымулюе мадэрнізацыю, бо трэба канкурыраваць на ўсясьветным рынку.

XS
SM
MD
LG