Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трохі стала праясьняцца сытуацыя з расейскай фінансавай дапамогай Беларусі сёлета. Справа ў тым, што гэтым годам Беларусь павінна выплаціць каля 4 млрд даляраў доўгу. У беларускім бюджэце на выплату пазыкаў закладзена толькі прыкладна палова гэтай сумы. Прычым гэтыя грошы плянавалася атрымаць за кошт мыта на экспарт нафты і нафтапрадуктаў, якія сёлета цалкам застаюцца ў бюджэце Беларусі. Меркавалася што гэтая сума складзе звыш 2 мільярдаў даляраў.

Аднак у зьвязку з падзеньнем усясьветных цэнаў на нафту і «падатковым манэўрам» у Расеі даходы ад мыта значна зьменшацца. Пакуль выніковую лічбу называць цяжка, бо нафтавыя кошты моцна вагаюцца. Незалежныя эканамісты ацэньваюць паступленьні ад мыта ў памеры 1,2 млрд даляраў. А расейцы ўвогуле лічаць, што РФ, пагадзіўшыся на тое, каб мыта ад экспарту нафтапрадуктаў заставалася ў беларускім бюджэце, страціць толькі 700 млн даляраў.

У любым выпадку перад беларускім кіраўніцтвам на ўвесь рост паўстала пытаньне: дзе ўзяць каля 3 млрд даляраў, каб не апынуцца ў стане дэфолту? Дарэчы, гэта вельмі падобна да ўкраінскай і грэцкай праблемы. Як выкруціцца?

Улады пайшлі самым простым шляхам: прасіць у Расеі новых крэдытаў. Паводле інфармацыі, якая пратачылася ў СМІ, Менск просіць у Масквы 2,5 млрд даляраў.

Аднак, мяркуючы па ўсім, такая сума для Расеі ў тых нялёгкіх эканамічных умовах, у якіх яна апынулася, занадта вялікая. І Масква прапанавала іншы сцэнар вырашэньня беларускіх даўгоў. Ён, наколькі можна зразумець, складаецца з трох частак.

Па-першае, урад Расеі прыняў рашэньне выдзеліць Беларусі крэдыт у памеры 110 млн даляраў у расейскіх рублях. Прычым на параўнальна добрых умовах.

Па-другое, Масква пагадзілася з тым, каб сёлетнія выплаты беларускага доўгу за мінулыя гады адкласьці на пазьнейшы тэрмін. Гэты працэс афіцыйныя асобы называюць па-рознаму: пралянгацыя, рэфінансаваньне, рэструктурызацыя. Расейскае агенцтва РИА Новости прыводзіць камэнтар амбасадара Расеі ў Беларусі Аляксандра Сурыкава, які растлумачыў пра дамоўленасьці зь Менскам: «Беларусь у гэтым годзе амаль 750 мільёнаў даляраў доўгу Расеі павінна пачаць гасіць, і мы яго цяпер дамаўляемся, рэструктурызуем і пераносім гашэньне на наступныя гады».

Увогуле, калі краіна просіць аб пралянгацыі, рэфінансаваньні ці рэструктурызацыі свайго доўгу, то гэта дрэнна

Увогуле, калі краіна просіць аб пралянгацыі, рэфінансаваньні ці рэструктурызацыі свайго доўгу, то гэта дрэнна. Бо азначае, што дзяржава перад усім сьветам выстаўляе сябе як ненадзейнага партнэра, эканамічнага суб’екта. Гэта дрэнны сыгнал і інвэстарам, і рэйтынгавым агенцтвам, і ўладальнікам беларускіх дзяржаўных каштоўным папераў (эўрабондаў і інш.), і, галоўнае, магчымым будучым крэдыторам. То бок такой краіне новыя крэдыты трэба даваць зь вялікай асьцярогай, бо ёсьць вялікая рызыка не атрымаць свае грошы назад.

Па-трэцяе, Масква прапанавала Менску зноў зьвяртацца ў Антыкрызісны фонд (АКФ) ЭўрАзЭС. Цікава, што зусім нядаўна кіраўніцтва фонду адмаўляла магчымасьць выдзяленьня беларускім уладам новага крэдыту. Маўляў, Беларусь вычарпала сваю долю крэдытаваньня і па новыя пазыкі зьвяртацца ня можа.

Але, як вядома, у гэтай структуры ўсё вырашае Расея. І вось зьявілася інфармацыя прэс-службы АКФ ЭўрАзЭС. «Каманда экспэртаў Эўразійскага банку разьвіцьця (ЭАБР) на чале з дырэктарам праектнай групы Антыкрызіснага фонду Алішэрам Мирзоевым наведала Менск з 23 па 27 сакавіка 2015 для кансультацыяў з уладамі РБ па заяўках Рэспублікі Беларусь на атрыманьне фінансавага крэдыту АКФ на падтрымку стабілізацыйнай праграмы ўраду і Нацыянальнага банку РБ на 2015–2017 гг., якая паступіла ў ЭАБР у сакавіку 2015 году». Пра суму крэдыту нічога не паведамляецца.

Магчыма, што з дапамогай гэтага фонду беларускаму кіраўніцтву і ўдасца выкруціцца. Але ёсьць праблемы. Крэдыты даюцца ня проста так, а пад пэўныя ўмовы. І галоўная зь іх вызначаецца такім нялюбым для беларускага кіраўніцтва словам, як «рэформы». У тым жа паведамленьні прэс-службы АКФ ЭўрАзЭС гаворыцца, што фінансаваньне будзе выдзелена пры ўмове правядзеньня рашучых структурных рэформаў праз адначасовую лібэралізацыю цэнаў і рынкаў і далейшую аптымізацыю ролі дзяржавы ў эканоміцы. Нагадаю, што амаль таго ж самага патрабуе і МВФ.

Але, верагодна, гэта яшчэ ня ўсе патрабаваньні. Вядома, што апошнім часам Пуцін пачаў актыўна прасоўваць ідэю валютнага саюзу ў межах ЭАЭС. Цалкам рэальна, што крэдыт АКФ ЭўрАзЭС будзе ўвязвацца з падпісаньнем Менскам нейкай паперы, кшталту пляну пераходу да адзінай валюты.

Увогуле, лёс даўжнікоў нялёгкі. Хто ня верыць, паглядзіце на Ўкраіну і Грэцыю.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

XS
SM
MD
LG