Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея ратуе Беларусь ад дэфолту, — Багданкевіч


Станіслаў Багданкевіч

Станіслаў Багданкевіч

Прэм’ер-міністар Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў заявіў 26 сакавіка пра гатоўнасьць рэструктурызаваць дзяржаўны крэдыт Беларусі.

«Мы дамаўляліся пра тое, што дапаможам ім у гэтай няпростай сытуацыі, па сутнасьці, правядзем пралянгацыю існуючых крэдытных абавязаньняў. Натуральна, гэта грунтуецца на нашым разуменьні партнэрскіх адносін. Мы партнэрам нашым дапамагалі і надалей будзем дапамагаць», — заявіў Мядзьведзеў на пасяджэньні ўраду Расеі.

Аднак ён чакае за гэта пэўных крокаў зь беларускага боку.

«Зробім гэта, але нашы беларускія сябры таксама павінны апэратыўна здымаць праблемы, якія так ці інакш узьнікаюць у гандлёва-эканамічнай сфэры», — адзначыў Мядзьведзеў.

Ён даручыў першаму віцэ-прэм’еру Ігару Шувалаву стэлефанавацца зь беларускімі партнэрамі і «яшчэ раз зьвярнуць іх увагу на неабходнасьць вырашаць розныя пытаньні, зьвязаныя з нашым супрацоўніцтвам».

Былы старшыня Нацбанку Беларусі Станіслаў Багданкевіч адзначае, што ў цяперашняй эканамічнай сытуацыі такі крок расейцаў — гэта дапамога Беларусі, але яна вядзе да ўзмацненьня залежнасьці ад Расеі.

— Гэта чаканае рашэньне. Я раней казаў, што адной з крыніцаў пагашэньня зьнешніх даўгоў Беларусі, а іх сёлета больш за 4 мільярды даляраў, можа быць тое, што Расея рэструктурызуе свае крэдыты альбо дасьць новыя. Вось яны пайшлі шляхам адтэрміноўкі пагашэньня запазычанасьцяў, якія Беларусь павінна цяпер вярнуць. А чаму яны такія добрыя да Беларусі? Бо Расея ізаляваная ад цывілізаванага сьвету, яна заяўляе, што вакол яе ўсе ворагі. Таму яна хоча захаваць цёплыя стасункі з адзіным моцным хаўрусьнікам, якім для Расеі зьяўляецца Беларусь.

— А што Расея можа запатрабаваць узамен за гэта?

Яны ўжо многага дасягнулі. Яны пазбавілі Беларусь эканамічнай і фінансавай самастойнасьці

— Яны ўжо многага дасягнулі. Яны пазбавілі Беларусь эканамічнай і фінансавай самастойнасьці. Беларусь поўнасьцю залежыць сёньня ад Расеі. Яна ня можа праводзіць самастойную эканамічную палітыку. Яна ўжо заключыла Эўразійскае пагадненьне і далей будзе губляць свой сувэрэнітэт. Бо яна жыве дзякуючы дапамозе Расеі — і па ільготных цэнах на энэрганосьбіты, і па зьнешніх крэдытах, і па збыце прадукцыі, і па пастаўках нафты. Мы поўнасьцю эканамічна залежныя ад Расеі. Расея можа запатрабаваць паскарэньня пераходу на так званую адзіную валюту, валютны саюз, ва ўмовах, калі мы да гэтага не гатовыя. Магчыма, нешта ў пляне прыватызацыі. Але я думаю, тое, чаго Расея ўжо дасягнула, яна замацоўвае гэтай фінансавай дапамогай.

— Але гэта дапаможа вырашыць эканамічныя праблемы Беларусі?

— Дапаможа пагашаць зьнешнюю запазычанасьць. Былы прэм’ер Мясьніковіч напрыканцы мінулага году заявіў, што зьнешняя запазычанасьць складае тры мільярды і плюс яшчэ мільярд унутраны і яшчэ мільярд на абслугоўваньне зьнешняга доўгу. І што зьнешняя запазычанасьць можа быць пагашана з дапамогай вывазнога мыта па нафце і каліі. Але з-за зьмены сытуацыі ў Расеі гэтае мыта для нас абвалілася, і мы атрымаем каля 1,7 млрд, а плянавалі каля 3 млрд. Таму нам няма чым пагашаць крэдыты. І трэба абвяшчаць сябе банкрутам. І Расея адтэрміноўкай пагашэньня ратуе Беларусь ад дэфолту. Іншая справа, чаму мы ўлезьлі ў такую безвыходную сытуацыю? Чаму мы не разьвівалі сваю эканоміку? Чаму не рабілі своечасова рэформы? Чаму ў нас ляжыць на складах гатовай прадукцыі на 40 трыльёнаў рублёў? Колькі ў нас грошай ляжыць мёртвым грузам! Мы маглі б свабодна функцыянаваць, калі б у нас была іншая, больш разумная палітыка. І калі б яна не была так жорстка завязаная на Расею. Палітыка Лукашэнкі прывяла да такой абвальнай сытуацыі ў Беларусі. Было б лепш, каб мы навучыліся жыць самастойна. Трэба неадкладна пачынаць праграму структурных пераўтварэньняў у эканоміцы і пачаць перамовы з МВФ. МВФ — гэта міжнародная арганізацыя, і калі мы атрымаем адтуль крэдыты, гэта не прывядзе да аднабаковай залежнасьці ад нейкай дзяржавы і дазволіць зрабіць кардынальныя рэформы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG