Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд за «Малітву». Сьпявачка выставіла сустрэчны пазоў кампазытару

абноўлена

Наста Шпакоўская ў судзе
Наста Шпакоўская ў судзе

У Вярхоўным судзе пачаўся разгляд пазову кампазытара Алега Моўчана да сьпявачкі і лідэркі гурту NAKA Насты Шпакоўскай.

Алег Моўчан лічыць, што Наста Шпакоўская парушыла ягоныя аўтарскія правы, калі без дазволу перарабіла ягоную песьню «Малітва» з рэпэртуару «Песьняроў» і выканала перароблены твор на канцэрце ў верасьні 2014 году. На папярэднім паседжаньні суду кампазытар патрабаваў спагнаць за гэта са сьвячакі 18 мільёнаў рублёў. Сёньня, на першым пасяджэньні працэсу, Алег Моўчан дадаў да патрабаваньняў 900 тысяч рублёў у пакрыцьцё дзяржаўнай пошліны, а таксама запатрабаваў кампэнсаваць ягоныя страты на юрыдычную дапамогу, суму якіх паабяцаў падаць пазьней.

Калі Алег Моўчан толькі скарэктаваў сваю пазыцыю, то Наста Шпакоўская разгляд справы пачала з заяваў, якія яе пазыцыю цалкам зьмянілі. Раней яна прызнавала прэтэнзіі Алега Моўчана, але ня ў поўным аб’ёме. Сьпявачка была згодна сплаціць кампазытару толькі 1 мільён рублёў. Сёньня Наста Шпакоўская цалкам не прызнала пазоў, да таго ж заявіла сустрэчныя прэтэнзіі. Яна ня лічыць, што Алегу Моўчану мусяць належаць выключныя аўтарскія правы на песьню «Малітва» і ўзялася гэта даказаць у судзе. Паводле сьпявачкі, Алег Моўчан напісаў музыку да песьні «Малітва» не адзін, а ў суаўтарстве з Уладзімерам Мулявіным, і таму гэтай песьняй мусяць распараджацца і «Песьняры».

Суд з-за «Песьняроў»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:22 0:00
Наўпроставы лінк

Грамадзянскі працэс адрозьніваецца ад крымінальнага тым, што ў ім бакі мусяць самі даказваць сваю пазыцыю. Якія даказы сваёй вэрсіі адносна аўтарства «Малітвы» падала Наста Шпакоўская?

Лідэрка гурту NAKA ўзычыла суду пратаколы пасяджэньняў савету працоўнага калектыву дзяржаўнага ансамблю «Песьняры», зь якіх вынікае, што Алег Моўчан у 1994 годзе, калі была створаная песьня «Малітва», працаваў у ансамблі артыстам-вакалістам. Паводле сьпявачкі, Алег Моўчан выконваў заданьне, за якое атрымаў грашовую ўзнагароду. Таксама Наста Шпакоўская падала дакумэнт, паводле якога «Песьнярам» былі вылучаныя грошы на стварэньне праграмы «Голас душы», уключна зь песьняй «Малітва», якая ўпершыню прагучала на «Славянскім базары». Паводле Насты Шпакоўскай, гэта даказвае, што песьня была створаная ў межах працоўных адносін Алега Моўчана зь «Песьнярамі», на дзяржаўныя грошы, і таму славуты ансамбль таксама мае правы на гэтую песьню. Наста Шпакоўская заявіла, што як мінімум двое сьведак могуць пацьвердзіць у судзе, што Алег Моўчан ня быў адзіным аўтарам «Малітвы». Адна са сьведак — былая жонка Алега Моўчана, другі — гукарэжысэр, чыё прозьвішча заяўніца сустрэчнага пазову паабяцала назваць пазьней.

Наста Шпакоўская заявіла, што як мінімум двое сьведак могуць пацьвердзіць у судзе, што Алег Моўчан ня быў адзіным аўтарам «Малітвы»

Алег Моўчан з сустрэчным пазовам цалкам не пагадзіўся і заявіў, што ня лічыць пададзеныя дакумэнты доказамі, вартымі ўвагі суду. Кампазытар не аспрэчваў працоўныя адносіны зь «Песьнярамі» ў сярэдзіне 1990-х гадоў, як і тое, што напісаў «Малітву» на прапанову Ўладзімера Мулявіна, але гэта, паводле Алега Моўчана, ня быў заказ, бо працоўнай дамовы на напісаньне песьні не існавала. Што да аўтарскіх правоў на песьню, то ён аформіў іх яшчэ ў 1995 годзе, як патрабаваў тагачасны закон.

Суд заслухаў таксама паказаньні музыкаў з гурту NAKA Аляксея Паўловіча, Дзьмітрыя Харытановіча і гукаапэратара Анатоля Шманая, якія ўдзельнічалі пад кіраўніцтвам Насты Шпакоўскай ў стварэньні новай аранжыроўкі песьні «Малітва». Сьведкі завілі суду, што ня ведалі пра забарону кампазытара Алега Моўчана перарабляць ягоную песьню для канцэрту ў межах праекту «Re:Песьняры». Што да мэты сваёй працы, яны сказалі, што імкнуліся стварыць рокавую інтэрпрэтацыю песьні, каб творчая спадчына «Песьняроў» не была забытая і разьвівалася маладымі музыкамі.

Гэтую ж задачу ставіў перад сабой і прадусар канцэрту, журналіст Сяргей Будкін, якога суд дапытаў у якасьць сьведкі. Сяргей Будкін паведаміў акалічнасьці перамоваў з кампазытарам Алегам Моўчанам адносна ўдзелу ягонай «Малітвы» ў праекце «Re:Песьняры». Паводле сьведкі, Алег Моўчан адмовіў яму, як толькі пачуў такую прапанову, то бок яшчэ да азнаямленьня з вэрсіяй песьні, запісанай гуртом NAKA. Пры гэтым Сяргей Будкін прызнаў, што перамовы з Алегам Моўчанам пазьней аднавіліся, і той выстаўляў пэўныя ўмовы, аднак бакі гэтак і не паразумеліся. Паводле сьведкі, ён як арганізатар канцэрту пералічыў Алегу Моўчану 2,5 мільёна рублёў у якасьці аўтарскага адлічэньня за выкарыстаньне ягонай песьні на канцэрце.

Пры гэтым Сяргей Будкін у судзе таксама выказаў сумнеў у тым, што Алег Моўчан напісаў песьню «Малітва» адзін, а не ў суаўтарстве з Уладізмерам Мулявіным. Сьведка спаслаўся на тыя ж крыніцы, што і Наста Шпакоўская. Сяргей Будкін мяркуе, што правы на песьню «Малітва» мусяць належаць ня толькі кампазытару Алегу Моўчану, але і ансамблю «Песьняры».

Суд працягнецца 25 сакавіка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG