Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дваццаць гадоў таму на віцебскім «Славянскім базары» ў выкананьні Ўладзімера Мулявіна ўпершыню прагучала песьня «Малітва» на словы Янкі Купалы.

З тае пары яна палюбілася многім, увайшла ў залаты фонд нацыянальнай песеннай культуры і стала візытоўкай кампазытара Алега Моўчана — нашага сёньняшняга госьця.

— Алег, як вам удалося зрабіць песенны шэдэўр зь верша, які, на маю думку, ну аніяк не прызначаўся для сьпяваньня?

— Вялікі дзякуй, мне вельмі прыемна чуць гэтыя словы. «Малітва» — самая складаная песьня ў маёй творчай біяграфіі, я выношваў яе больш за два месяцы. У нас, у кампазытараў, ёсьць розныя прыёмы напісаньня музыкі — гэта можа быць і канструкцыя пэўных матываў, і падкладваньне музыкі пад словы. Але гэта ўсё да «Малітвы» не падыходзіла, бо не выяўляла духоўнай сутнасьці верша Купалы. І я даволі доўга ня мог падступіцца да тэксту. Мне, відаць, дапамог сам Гасподзь Бог. Аднойчы ў мяне ў галаве пачаў гучаць «Ойча наш». І энэргетыка гэтай малітвы легла на словы: «Я буду маліцца і сэрцам, і думамі». І — пайшло-пайшло-пайшло... Уся песьня практычна сходу напісалася. Усё гэта адбылося ў Севастопалі, дзе мы былі на канцэрце. Нас разьмясьцілі па каютах на караблі, там было шмат вядомых артыстаў зь Беларусі, Расеі, Украіны. У мяне пад рукой была гітара, на якой я кепска граю, я ўвогуле піяніст. І, тым ня менш, маючы гітару і адчуўшы песьню, я па адной нотцы вельмі хутка склаў мэлёдыю.

— Тэкст «Малітвы» вы самі знайшлі, ці вам нехта падказаў?

— Верш мне Мулявін прынёс. Прынёс і папрасіў напісаць для яго песьню.

— І вы адразу згадзіліся? Верш жа абсалютна ня песенны!

— Прызнаюся, сумненьні былі — ці асілю? Дзякуй Богу, асіліў. Усё

я вельмі далікатна стаўлюся да брэнду «Песьняроў», да імя Мулявіна

атрымалася. Уладзімера Георгіевіча я тады ўжо добра ведаў. Да гэтага ён ужо некалькі маіх твораў сьпяваў. І я на той момант працаваў у «Песьнярах» ужо пяць гадоў, ведаў іх тэматыку. «Малітву» я пісаў для Мулявіна — гэта вельмі важна. Таму я вельмі далікатна стаўлюся да брэнду «Песьняроў», да імя Мулявіна, да іх творчай спадчыны.

— Словы песьні скампанаваныя з двух вершаў Купалы. Адзін зь іх напісаны ў 1906 годзе, другі — у 1912-м. Гэта даволі рэдка бывае, калі песьню складаюць па кавалках. Мулявін прынёс адразу два вершы?

— Так, адразу два. Потым мы вызначылі словы для прыпеву. Гэтыя два вершы — як два браты, хоць у розны час напісаныя. І па стылістыцы, і па сваёй духоўнай сутнасьці. Там Мулявін некалькі словаў па-свойму прасьпяваў: замест «расьпетаю» — «расьпятаю», замест «за родны загон Беларусі» — «за родны народ Беларусі». Думаю, што ніхто за гэта не пакрыўдзіўся б, Янка Купала ў тым ліку. У гэтым геніяльнасьць Мулявіна — замяніўшы толькі адну літару, ён так узбагаціў сэнс. Так ня кожны можа.

— Адвагу яшчэ трэба мець, каб Купалу папраўляць.

— Мулявін не паправіў. Тут вельмі тонкі момант. Па-першае, у пачатку песьні ён прасьпяваў «расьпетаю» — як у Купалы. Па-другое, слова «расьпятаю» хоць і памяняла сэнс, але не нанесла мастацкай шкоды твору. І песьня пайшла ў народ, шмат хто спрабуе яе выконваць.

— Песьня сапраўды стала для многіх прыцягальнай. Але вы мала каму дазваляеце яе выконваць. Забаранілі і гурту «Naka» — для праекту «Re: Песьняры». Чаму? Хай бы моладзь далучалася да клясыкі.

— Хай бы далучалася. Але тут ёсьць тры моманты. Першы — я ня хачу, каб з дапамогай маіх твораў людзі супастаўлялі сябе з Мулявіным,

Калі ласка, дарагая «Свабода», круці на здароўе «Малітву» ў выкананьні Мулявіна, я буду проста шчасьлівы

зь «Песьнярамі». Другі — пісаў я, паўтаруся, для Мулявіна, песьня жыве ў выкананьні Мулявіна, гучыць усюды, на радыё, на тэлебачаньні, на youtube. Калі ласка, дарагая «Свабода», круці на здароўе «Малітву» ў выкананьні Мулявіна, я буду проста шчасьлівы. Трэці момант — я не забараняю выконваць «Малітву» харавым калектывам. Спэцыяльна для свайго аўтарскага канцэрту я падрыхтаваў іншы варыянт песьні, дзе кожны сьпявае кавалачак і ўсе сьпяваюць хорам. Яе выконваюць дзеці на конкурсах — калі ласка. Яе «Чысты голас» прасіў у мяне.

— «Чыстаму голасу» вы дазволілі?

— Там асобны выпадак. «Чысты голас» сьпявае «Малітву» на сваіх канцэртах, але бяз радыё і тэлебачаньня. Мой даўні сябра Мікалай Скорыкаў папрасіў выканаць яе на Маладэчанскім фэстывалі з аркестрам Фінбэрга — калі ласка. Я дазваляю, бо ведаю, што гэтыя выканаўцы ня будуць піярыцца за кошт «Малітвы».

— У выпадку з гуртом «Naka» вы былі супраць канцэптуальна, ці прычына адмовы палягае ў нейкіх тэхнічных момантах?

— Там усё супала. Дзяўчына з групы напісала, што яна зьмяніла аранжыроўку, уставіла іншыя словы — пачала кампанаваць па-свойму. Але ж песьня ўжо ёсьць. Навошта перарабляць гатовы твор? Песьні не патрэбныя аніякія дапрацоўкі, перапрацоўкі. Таму я супраць. Ведаеце, песьні — як дзеці. Калі ты яе напісаў, то мусіш і абараніць пры патрэбе.

— У вас больш за дваццаць песьняў на вершы Купалы. Прычым, вы і сёньня не пакідаеце працаваць зь яго творамі. Купала для вас па-ранейшаму актуальны, сучасны?

— А Леанарда да Вінчы сучасны? А Моцарт сучасны? А Шэксьпір сучасны? Шэксьпіра паўсюль у тэатрах ставяць. Справа тут не ў сучаснасьці, справа зусім у іншым. Янка Купала — гэта неад’емная частка нашага жыцьця, нашай гісторыі, нашай культуры і нас саміх. Адмаўляцца ад гэтага, казаць, што гэта пахне нафталінам і нікому непатрэбна — значыць адмаўляцца ад саміх сябе. Мы на гэтым вырасьлі, мы на гэтым выхаваныя. Да 130-годзьдзя Купалы я зрабіў вялікую песенную праграму. На жаль, мне так і не ўдалося яе паказаць, хоць міністэрства культуры спачатку падтрымала. Спадзяюся, што ў наступным годзе, на сваім юбілейным канцэрце, мне ўдасца прэзэнтаваць яе ў поўным аб’ёме.

— Вы пішаце песьні на вершы клясыкаў. А ці можна ўявіць сабе такі малюнак: ва ўтульным фатэлі вечарам сядзіць Алег Моўчан і чытае Купалу. Проста так, для душы.

— Да такіх паэтаў, як Янка Купала, Максім Багдановіч, я сапраўды зьвяртаюся больш з-за прафэсійнай неабходнасьці. Але што адбываецца? Калі пачынаеш іх чытаць, паглыбляцца, цябе зацягвае. І ты сядаеш і чытаеш ужо проста для душы.

— А што з Купалы вам падабаецца найбольш?

— З гумарыстычных твораў — «Благая жонка». Я нават песьню напісаў.

— Дык гэта зноў жа — прафэсійная неабходнасьць.

— А ў мяне заўсёды так: усё, што спадабалася, становіцца песьняй. Калі мне падабаецца верш, я абавязкова пастараюся знайсьці для яго музычнае ўвасабленьне. На тое я і кампазытар. Яшчэ вельмі падабаецца «Зімовая ноч» — пра Янку, які зьмерз, калі яго конік вёз. Падабаюцца вершы «Карчма», «Чорны бог», «Родныя песьні». У Янкі Купалы вельмі шмат выдатных патрыятычных вершаў. Праўда, мне больш даспадобы яго раньняя творчасьць. Я ня вельмі люблю Купалу савецкіх часоў. Хоць добра разумею, што калі прыйшла савецкая ўлада, то абяцала, што ў Беларусі будзе разьвівацца беларуская мова і г.д. Таму паэт усё гэта прывячаў і верыў у гэта. А вось вершы 1905-1912 гадоў мне вельмі падабаюцца. Памятаеце верш «Першыя песьні» — пра тое, як за музыку мала хто плаціць грошы? Купала вельмі добра ведаў жыцьцё.

— Як вы ставіцеся да той песеннай прадукцыі, якая гучыць штодня з радыё- і тэлеэфіру?

— Стаўлюся цярпіма. Проста ня трэба блытаць шоў-бізнэс з культурай. Гэта розныя рэчы. А ў нас, на жаль, усё сёньня пераблыталася. Калі мы зь «Песьнярамі» ў 1991 годзе прыехалі ў Нью-Ёрк (гэта быў другі пасьля Менску горад у маім жыцьці) з праграмай «Вянок» на вершы Багдановіча, і я ўключыў тэлевізар у гатэлі, дык мяне зьдзівіла, што там былі каналы на розны густ. Хочаш клясыку — калі ласка, хочаш папулярную музыку — і яе дастаткова. У нас жа на адным канале радыё ці тэлебачаньня панапіхана ўсяго. Так быць не павінна.

— Ніл Гілевіч у адной зь нядаўніх «Вольных студый» прызнаўся, што ўжо дваццаць гадоў да яго не зьвяртаюцца вядомыя кампазытары. А ці супрацоўнічаеце вы з тымі выканаўцамі, хто трапіў у «чорны сьпіс»?

— Зьвядзіце мяне, калі ласка, зь Нілам Гілевічам. Для мяне было б за шчасьце — напісаць песьню на яго вершы. Гэта вельмі паважаны чалавек і паэт. Калі мяне верш кранае, я абавязкова пішу музыку. Вельмі добра, што вы мне пра гэта сказалі. Відаць, мяне сюды на зямлю пусьцілі пажыць, каб я сваімі песьнямі адукоўваў людзей, весяліў іх, паляпшаў ім настрой. Што да «чорнага сьпісу», то я яго, шчыра скажу, ня бачыў. Я нядаўна даведаўся, што Зьміцер Вайцюшкевіч ізноў дае канцэрты, што ў яго ўсё ў парадку, з чым я яго і віншую. Гэта вельмі добры артыст, мой сябра, як і Алег Хаменка. І з Уладзімерам Някляевым мы працавалі. Мы даўно ведаем адзін аднаго.

— Але сёньня названыя вамі творцы ня маюць доступу на БТ. Вас гэта не бянтэжыць? Ці вы далёкі ад гэтых дазволаў-забаронаў?

— Я жыву ў гэтай краіне, і прызнаць, што я далёкі ад гэтага, — проста пайсьці і схавацца ў кусты. Хавацца — не для мяне. Але, паўтаруся, мне той сьпіс не трапляўся на вочы. Я толькі чытаў пра яго. Больш за тое,

Я на «Славянскім базары» ня быў з 1997 году

я магу сказаць пра сябе тое ж самае. Я вельмі рэдкі госьць на нашым тэлебачаньні. Мне дзяржава нічым не дапамагае. Я на «Славянскім базары» ня быў з 1997 году. Але я працягваю працаваць з усімі артыстамі, і з тымі, каго пускаюць на тэлебачаньне, і з тымі, каго не пускаюць. Відаць, лепш сказаць, што існуе ня сьпіс забароненых, а сьпіс рэкамэндаваных артыстаў і музыкаў. І я сам яго бачыў. Мяне ў ліку рэкамэндаваных не было. І што з таго? Канешне, мне хацелася б, каб мае беларускія песьні часьцей гучалі. Бо што атрымліваецца? Калі ты пішаш песьню на беларускай мове, то як бы даеш усім зразумець, што мы адрозьніваемся ад іншых народаў, мы — беларусы. Трэба заахвочваць фінансава такіх аўтараў.

— Вы гэтыя словы каму адрасуеце? Дзяржаўным чыноўнікам?

— Так, дзяржаўным чыноўнікам. Таму што нельга людзей прымусіць любіць сваю мову. А праз песьню — можна заахвоціць. Вось, напрыклад, ляжаць вершы Янкі Купалы. Выдатныя, геніяльныя вершы. І я бяру на сябе частку адказнасьці за тое, каб іх данесьці да людзей. Таму што песьню лягчэй данесьці, чым верш, ня будзем крывіць душой. Дык і трэба такім спосабам даносіць! На жаль, у нас няма ніводнага беларускамоўнага прадусарскага цэнтру. Вы кажаце, я з клясыкай працую. Добра. Але я мог бы стварыць структуру, дзе аб’яднаў бы кампазытараў, паэтаў, выканаўцаў, і мы стваралі б добрыя беларускамоўныя творы, выносілі іх на «Славянскі базар», іншыя фэстывалі і конкурсы, на тэлебачаньне. Вось бы справа пайшла! Хоць бы адна такая структура была.

— У Купалы мой улюбёны твор — «Курган». «Гусьлям, княжа, ня пішуць законаў». Вам блізкі герой такога тыпу?

— Канешне, блізкі. Але ў жыцьці падобныя сытуацыі рэдка бываюць.

калі мы ўнутрана свабодныя, — тады ў нас усё атрымліваецца

Наша жыцьцё складаецца з кампрамісаў. У маёй сыстэме кампрамісаў самае важнае — самапавага і свабода асобы. З гэтага ўсё расьце. Калі мы паважаем сябе, калі мы ўнутрана свабодныя, — тады ў нас усё атрымліваецца.

— Дзеля кампрамісу вы гатовыя, вобразна кажучы, наступіць на горла ўласнай песьні? Напісаць агітку накшталт «Товариш президент», як ваш калега Эдуард Ханок?

— Я б не рабіў так. І ціснуць на мяне ня мае сэнсу. Але ж, з другога боку, я панёс Купалаўскую праграму ў міністэрства, дзе яе спачатку падтрымалі. Гэта было яшчэ ў 2009 годзе, калі міністрам быў Павал Латушка. Прайшло ўжо пяць гадоў і — цішыня. Але я ўсё роўна пішу тое, што мне хочацца. Вось нядаўна Ірына Відава з Акімам Тышко на фэстывалі ў Маладэчне прасьпявалі маю песьню «Дзьве таполі» — зноў жа, на словы Купалы. «Чысты голас» там жа прадставіў яшчэ адну маю песьню. Я не магу сказаць, што мяне кудысьці не пускаюць. Я сам беларус, нарадзіўся і вырас у Менску, тут я займаюся музыкай зь пяцігадовага ўзросту. Мой бацька таксама быў музыкантам. Куды мне падзецца? Як кажуць, дзе нарадзіўся, там прыгадзіўся. Таму новыя беларускія песьні абавязкова будуць. Кепска, што беларускіх школаў, на жаль, мала, трэба, каб іх было больш. Менавіта мова вызначае нас як нацыю. Мы — беларусы, і нам трэба ганарыцца сваёй гісторыяй і сваім народам.

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG