Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа Моўчана супраць Naka. Што яшчэ ахоўвае закон аб аўтарскім праве?


 www.naka.by, Фота: Валентин Хасеневич (Verkeus)
www.naka.by, Фота: Валентин Хасеневич (Verkeus)

Канфлікт вакол славутай «Малітвы» стаў падставай, каб паразважаць, што яшчэ забараняе закон, і што можна, а чаго нельга рабіць, каб не парушыць аўтарскіх правоў.

Вярхоўны суд распачынае слуханьні па справе кампазытара Алега Моўчана супраць вакалісткі гурту Naka​ Насты Шпакоўскай. Ці меў права кампазытар забараніць выкананьне «Малітвы»?

Ня першае, але, відавочна, адно з найбольш гучных судовых разьбіральніцтваў у галіне аўтарскага права ў апошні час. Кампазытар Алег Моўчан, аўтар музыкі да славутай «Малітвы» падаў у суд на лідарку гурту «Naka» Насту Шпакоўскую. У судовым пазове, які Вярхоўны суд пачне разглядаць заўтра, Моўчан заяўляе пра парушэньне ягонага аўтарскага права. Сьпявачка летась у верасьні выканала ўласную вэрсію песьні «Малітва», якую гурт падрыхтаваў для праекту «Re:Песьняры».

Сутнасьць канфлікту

Гэты праект музычны партал Tuzin.fm рыхтаваў да 45-годзьдзя ансамблю «Песьняры». Як распавёў аўтар ідэі і прадусар праекту Сяргей Будкін, ідэя была ў тым, каб паказаць, як маладыя выканаўцы бачаць творчасьць «Песьняроў». Цягам паўгоду ён займаўся афармленьнем неабходных дакумэнтаў і атрыманьнем згоды на выкананьне песень.

Кампазытар Алег Моўчан забараніў выкананьне «Малітвы». Аднак Наста Шпакоўская падчас канцэрту ўсё ж прасьпявала гэтую песьню, хоць папярэдзіла, што гучыць яна першы і апошні раз. Нягледзячы на тое, што трэк не ўвайшоў у афіцыйны зборнік, які паўстаў у выніку праекту, запіс выступу гурту «Naka» зьявіўся ў інтэрнэце (цяпер ролік выдалены).

Сама Наста Шпакоўская напярэдадні судовага паседжаньня ўстрымалася ад камэнтароў.

Алег Моўчан
Алег Моўчан

Моўчан патрабуе грашовай кампэнсацыі ў памеры 18 мільёнаў рублёў. Хоць чысты прыбытак з верасьнёвага канцэрту склаў 2,5 млн рублёў, якія Сяргей Будкін, уласна, і прапанаваў кампазытару.

«Афіцыйнае адлічэньне ў Цэнтар інтэлектуальнай уласнасьці я зрабіў за тое, што прагучалі песьні „Песьняроў“ на канцэрце, у тым ліку і за песьню аўтарства Моўчана. Прапанаваў дадатковую кампэнсацыю — паводле нашых магчымасьцяў. Але мы не паразумеліся па сумах. Моўчан у выніку падаў у суд на Насту Шпакоўскую», — кажа Сяргей Будкін.

Сам Алег Моўчан падкрэсьлівае, што канфлікту ці супрацьстаяньня з Сяргеем Будкіным ці гуртом «Naka» ў яго няма, а гэтая сытуацыя датычыць выключна парушэньня аўтарскіх правоў. Паводле кампазытара, вэрсія гурту «Naka» падалася яму «непрымальная як аўтару і з пункту гледжаньня мастацкай задумы». Кампазытар лічыць, што ягоныя правы парушылі і хоча «паказаць, што закон на ягоным баку і ён працуе»:

Алег Молчан пасьля судовага паседжаньня
Алег Молчан пасьля судовага паседжаньня

«Магу сьмела запэўніць — такія выпадкі з аўтарскім правам хутчэй адзінкавыя, чым пастаянныя. І ўжо паверце, ніхто ня хоча засьцерагчы спадчыну „Песьняроў“ ад слухачоў, ад нашых прыхільнікаў. Але ў гэтай спадчыны ёсьць рэальныя аўтары: Мулявін, Семяняка, Пахмутава, Тухманаў, Лучанок, Палівода, Моўчан, якіх ахоўвае закон. Казаць аб прыватызацыі некарэктна і недарэчна, бо ўсё, што створанае аўтарамі, ёсьць інтэлектуальнай уласнасьцю, якая належыць ім з моманту стварэньня».

Рэакцыя незалежных творцаў

Рашэньне Моўчана выклікала вялікія эмоцыі ў незалежных аўтараў, якія нават прапанавалі зладзіць шэраг флэш-мобаў у падтрымку гурту «Naka». Гэтак, пісьменьнік, выдавец, мастак Адам Глёбус прапанаваў паэтам публічна прачытаць верш «Малітва» Янкі Купалы, а музыкам — стварыць новыя песьні на гэтыя словы.

«Каштоўнасьць гэтай песьні ў чым? У вершы Янкі Купалы — гэта найперш, у выкананьні гэтай песьні Мулявіным. Калі мы гэтыя складнікі прыбіраем з гэтай песьні, то што застаецца? Ды нічога не застаецца. Таму я заклікаў — давайце ўсе прачытаем спакойна вершы Купалы. І мяне падтрымалі».

Апроч таго, паэт Байсан зладзіў творчы ню-фотасэт з Настай Шпакоўскай. Ідэя, як распавёў паэт, у тым, што «з творцы няма чаго ўзяць, таму бярэм творчыя артэфакты, а „мірское“ адкідваем». Зрэшты, у паэта нядаўна таксама ўзьніклі праблемы з вокладкай ягонай кнігі з выявай вершніцы на кані, якая нібыта стала плягіятам «Пагоні». Пакуль жа, кажа паэт, «жарсьці сьціхлі», хоць да размовы ён «заўжды гатовы»:

«Ва ўмовах, калі беларуская культура «ў загоне» мы мусім дэсакралізаваць шмат якія рэчы. Найперш тыя, за якімі стаіць вялікая клясычная культура. Такія велічныя аб’екты сёньня «ў музэі», а заўтра будуць «на могілках», калі ня стануць аб’ектам жывога сучаснага мастацкага дыялёгу — кавэр-вэрсій, шаржаў, прысьвячэньняў, флэшмобаў, заставак на «мабілу».

Капрыз ці законнае права?

Можна доўга разважаць пра тое, што ў перапрацоўках нічога кепскага няма, аднак гэта выключнае права аўтара — забараніць ці дазволіць усялякія зьмены свайго твору, кажа адвакатка Тацяна Емяльянава, якая працуе ў адвакацкім бюро «Уласава, Міхель і Партнэры» і спэцыялізуецца ў галіне інтэлектуальнай уласнасьці:

«Калі чалавеку належаць аўтарскія правы, то ён па ўласным меркаваньні можа дазволіць выкарыстаньне свайго твора ці не. Ніхто яго ня можа забавязаць, гэта толькі ад ягонага жаданьня залежыць. Неяк паўплываць на яго ці прымусіць нельга — у гэтым сутнасьць аўтарскага права. Гэта можа падавацца грамадзтву несправядлівым, можна разважаць, што парушэньне правоў не прынесла грамадзтву ніякай шкоды, што гэта капрыз канкрэтнага аўтара. Але юрыдычна так пабудавана сыстэма ахова аўтарскага права. Дакладна так жа ахоўваюцца таварныя знакі, патэнты і іншыя падобныя аб’екты».

Марыя Колесава-Гудзіліна. Фота з Facebook
Марыя Колесава-Гудзіліна. Фота з Facebook

Адвакатка Марыя Колесава-Гудзіліна, якая спэцыялізуецца ў галіне аўтарскіх правоў, кажа, што патрабаваньні кампазытара ў грашовай кампэнсацыі — цалкам законныя.

«З таго пазову, які я бачыла ў інтэрнэце, аўтар патрабуе кампэнсацыі менавіта маёмасных правоў — права на перапрацоўку. За гэта можа быць кампэнсацыя ў памеры ад 10 да 50.000 базавых велічыняў. Калі нічога не зьмянілася ў пазове, то аўтар запатрабаваў 100 базавых велічыняў. Гэта цалкам зразумелае рашэньне, і гэта ня ўсё, што аўтар мог запатрабаваць», — кажа Марыя Колесава-Гудзіліна, адвакатка Менскай абласной спэцыялізванай юрыдычнай кансультацыі № 2.

Справа Алега Моўчана і Насты Шпакоўскай стала падставай, каб паразважаць, што яшчэ забараняе закон, і што можна, а чаго нельга рабіць, каб не парушыць аўтарскіх правоў.

Зь перапрацоўкай ня ўсё адназначна

«Перапрацоўка патрабуе згоды аўтара, але і аўтару перапрацоўкі, у сваю чаргу, належыць самастойнае аўтарскае права. Ці была перапрацоўка, ці быў нейкі самастойны твор — гэта вельмі складанае ацэначнае пытаньне. На гэтае пытаньне адказваюць з дапамогай мастацтвазнаўчых экспэртызаў. Але чым бліжэй твор да таго, на чым ён заснаваны, чым інсьпіраваны, на тым, што было створана іншым аўтарам – тым больш ён ў плоскасьці парушэньня аўтарскіх правоў», —камэнтуе Тацяна Емяльянава.

Гэта значыць, што новы твор можа і сам стаць аб'ектам аховы аўтарскага права. Разам з тым, дадае Марыя Колесава-Гудзіліна, ён мусіць быць вынікам творчай працы. Але што ёсьць вынікам творчай працы, дагэтуль не ўрэгулявана заканадаўствам.

Ці можна сьпяваць караоке?

«Ёсьць некалькі артыкулаў у законе аб аўтарскім праве, у якіх названы выпадкі свабоднага выкарыстаньня аб’ектаў аўтарскага права ці сумежных правоў бяз згоды аўтара — з выплачваньнем узнагароды ці без.

Калі вы, напрыклад, зрабілі ксэракопію і чытаеце яе дома — гэта асабістае выкарыстаньне, на якое згода аўтара твора ці аплата не патрабуецца.

Напрыклад, хтосьці выдаў кнігу ці артыкул — яна абараняецца аўтарскімі правамі. Калі вы, напрыклад, зрабілі ксэракопію і чытаеце яе дома — гэта асабістае выкарыстаньне, на якое згода аўтара твора ці аплата не патрабуецца. З караоке прыкладна такая сытуацыя — ніхто не забароніць вам acaбiста выканаць гэтай песьні, калі яна вам падабаецца, а вось для караоке-бару гэта можа разглядацца як публічнае выкананьне фанаграмы у камэрцыйных мэтах. У гэтым выпадку не патрабуецца згода уладальнiка правоў, але ўзнагарода выплачваецца арганізацыі па калектыўным кіраваньні правамі», — распавяла Тацяна Емяльянава.

Ці можна слухаць музыку ў рэстаранах?

Музыка, якая гучыць у кавярнях, барах, рэстаранах, таксама ахоўваецца аўтарскім правам.

Музыка, якая гучыць у кавярнях, барах, рэстаранах, таксама ахоўваецца аўтарскім правам.

«Гэтым пытаньнем займаецца дзяржаўны орган — Цэнтар па калектыўным кіраваньні пры Нацыянальным цэнтры інтэлектуальнай уласнасьці. Яны адсочваюць гэтыя моманты, а рэстараны ці бары адлічваюць узнагароджваньні за тыя творы, якія прагучалі. Тэарэтычна бываюць выпадкі, калі мы прыходзім у бар і гучыць радыё, то бок тут таксама ёсьць распаўсюджваньне музыкі. Але за гэты распаўсюд ужо заплаціла радыё. Аўтар можа аддаць Цэнтру па калектыўным кіраваньні права на адсочваньне твору на ўсіх канцэртах ці на радыё. Адна калі аўтар не заключае такога пагадненьня, то ягоны твор не адсочваецца», — кажа Марыя Колесава-Гудзіліна.

Ці легальная музыка ў інтэрнэце?

«Ёсьць выпадкі, калі мы кажам пра свабоднае прайграваньне і выкарыстаньне. Здараецца, што аўтар сам выкладвае ў інтэрнэце музыку, якую можна сьцягваць для асабістага выкарыстаньня, то бок праслухоўваньня. Але тут ёсьць праблема з крадзяжом музычных твораў. Калі мы бяром дыск, перапісваем яго і выстаўляем „Вконтакте“, то мы ўдзельнічаем у распаўсюдзе. Дарэчы, цяпер ёсьць выпадкі, калі „Вконтакте“ прыцягваюць да адміністратыўнай адказнасьці карыстальнікаў у Расейскай Фэдэрацыі, бо там прасьцей адсачыць. Ведаю, што і ў Беларусі некалькі разоў спрабавалі прыцягнуць да адказнасьці фізычных асобаў. Гэта былі відэазапісы, якія былі запампаваныя ў сацыяльную сетку без дазволу аўтара.

Тут ёсьць яшчэ і іншае пытаньне, што калі ў такім роліку ёсьць нейкі парнаграфічны зьмест, то вы яшчэ падпадаеце пад артыкул аб распаўсюдзе парнаграфіі», — распавяла Марыя Колесава-Гудзіліна.

Зрэшты, пасьпяховыя прыклады трыб’ютаў у Беларусі ёсьць. Той жа «Personal Depeche» з 2002 году, прысьвечаны творчасьці славутай брытанскай групы «Depeche Mode».

Паводле Марыі Колесавай-Гудзілінай, у выпадку з Алегам Моўчанам і Настай Шпакоўскай ёсьць несумнеўны плюс:

«Даступнасьць да правасудзьдзя ў пытаньні аўтарскіх правоў — гэта вельмі складанае пытаньне. Таму што гэта Вярхоўны суд, там ёсьць спэцыяльная калегія. Каб туды зьвярнуцца, трэба заплаціць немаленькую дзяржпошліну. Таму не ўсе на гэта пойдуць. А такая практыка мусіць быць, бо яна разьвівае і ўдасканальвае заканадаўства аб аўтарскім праве».

Зрэшты, пасьпяховыя прыклады трыб’ютаў у Беларусі ёсьць. Той жа «Personal Depeche» з 2002 году, прысьвечаны творчасьці славутай брытанскай групы «Depeche Mode».

Усе песьні былі асабіста ўзгодненыя з лідэрам гурту Марцінам Горам. Праблемаў з дазволам тады ня ўзьнікла.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG