Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд вырашыў зьмясьціць Андрэя Бандарэнку да канца тэрміну ў крытую турму


Андрэй Бандарэнка

Андрэй Бандарэнка

У Шклоўскай калёніі прайшло выязное паседжаньне раённага суду, на якім была разгледжаная справа аб парушэньнях унутранага парадку з боку асуджанага Андрэя Бандарэнкі. Суд прызнаў былога праваабаронцу злосным парушальнікам рэжыму, вартым утрыманьня ў крытай турме ў ізаляцыі. У турме Андрэй Бандарэнка прабудзе яшчэ 1 год і 3 месяцы — да заканчэньня тэрміну пакараньня.

Пра гэта карэспандэнту Свабоды распавёў бацька вязьня Валер Бандарэнка, якога дапусьцілі на працэс. Паводле Валера Бандарэнкі, суд праходзіў фармальна, на працэсе прысутнічаў адказны супрацоўнік Шклоўскага райвыканкаму.

«Было ўсё хутка, абышлося амаль без сьведак. Спаслаліся на дакладны́я запіскі аб парушэньнях, якія нібыта Андрэй зрабіў. Што ў адным месцы ў ягонай камэры быў знойдзены пыл, у другім — вапна, што ня лёг на прызначаны яму ложак. Пры гэтым самі запіскі ў справе адсутнічалі, пра што запытаў адвакат, але суд гэта не зацікавіла. Потым выступіў адзіны сьведка — прадстаўнік адміністрацыі калёніі, які распавёў, як Андрэй яго нібыта зьняважыў у размове. У мяне склалася ўражаньне, што гэта была правакацыя, бо не даставала яшчэ аднаго парушэньня. У выніку суд пастанавіў адправіць Андрэя ў турму як злоснага парушальніка. Хутчэй за ўсё павязуць у Магілёўскую турму, дзе сядзеў Мікалай Статкевіч. Тут, у Шклове, Андрэй ім непатрэбны, ад яго пазбавіліся, як раней у Бабруйскай калёніі, дзе і пачыналася гэтая гісторыя зь ягоным нібыта „статусам“. З гэтымі парадкамі наконт „статусаў“ ніхто змагацца ня хоча, ім лягчэй адправіць чалавека ў адзіночку, чым нешта вырашаць», — мяркуе Валер Бандарэнка.

Былы праваабаронца, заснавальнік арганізацыі па дапамозе вязьням «Плятформа інавэйшн» Андрэй Бандарэнка летась быў прызнаны судом вінаватым ў злосным хуліганстве і асуджаны на 3 гады зьняволеньня.

У Бабруйскай калёніі, куды Бандарэнку зьмясьцілі для адбыцьця пакараньня, у яго адразу здарыўся канфлікт зь вязьнямі — яго прызналі нібыта чалавекам зь «нізкім статусам», зь якім забаронена кантактаваць. Андрэй Бандарэнка адмовіўся прызнаць гэты статус і пасьля некалькіх канфліктаў мусіў напісаць заяву аб зьмяшчэньні яго ў асобную камэру ў мэтах бясьпекі. Пры гэтым на волю Андрэй Бандарэнка перадаў, што лічыць гэтую сытуацыю арганізаванай штучна, каб адпомсьціць яму за былую крытыку адміністрацыі Бабруйскай калёніі.

Празь некалькі месяцаў Андрэя Бандарэнку перавялі з Бабруйскай калёніі ў Шклоўскую, але там канфлікты з асуджанымі паводле статусу паўтарыліся. Да таго ж на Андрэя Бандарэнку было накладзена некалькі спагнаньняў, якія перашкодзілі яму скарыстацца амністыяй. У пачатку кастрычніка стала вядома, што адміністрацыя калёніі рыхтуе справу аб прызнаньні Бандарэнкі злосным парушальнікам рэжыму і накіраваньні яго ў крытую турму.

Як выглядае, як пачуваецца Андрэй Бандарэнка ў Шклоўскай калёніі пасьля паўтара гадоў зьняволеньня?

Выглядае дрэнна, вельмі схуднеў, бледны

«Выглядае дрэнна, вельмі схуднеў, бледны. Раней, калі бачыў яго праз шкло на спатканьнях, не асабліва гэта заўважаў, але цяпер, калі пабылі побач, бачу, які ён стомлены. Ня дзіва, бо столькі часу трымаюць у адзіночцы, вось толькі нядаўна выйшаў з карцэру. І пасылак яго пазбавілі, дазволілі толькі маленькую бандэроль, і грошы абмежавалі, якія можна выдаткаваць на дадатковае харчаваньне. Цяпер у турме, відаць, будзе яму яшчэ складаней», — мяркуе Валер Бандарэнка.

У 2014 годзе Андрэя Бандарэнка заяўляў у судзе, што ягоную справу аб хуліганстве маглі сфабрыкаваць спэцслужбы. Меркаваньні праваабаронцаў пра гэта падзяліліся. Адны таксама лічылі, што справа супроць праваабаронцы была помстай за ягоную дзейнасьць па дапамозе вязьням і выкрыцьцю парушэньняў з боку міліцыі. Другія, у прыватнасьці праваабаронцы зь «Вясны», не ўбачылі гэткіх прыкметаў і казалі пра тое, што пакараньне Бандарэнку адпавядае судовай практыцы за падобныя злачынствы. Між тым, восеньню 2015 году «Вясна» прызнала, што ціск на Андрэя Бандарэнку ў калёніі зьвязаны зь ягонай праваабарончай дзейнасьцю і запатрабавала ад адміністрацыі калёніі забясьпечыць яму нармальныя ўмовы для адбыцьця пакараньня. Пры гэтым шмат беларускіх праваабаронцаў, палітыкаў і актывістаў дамагаюцца прызнаньня Андрэя Бандарэнкі палітвязьнем і ягонага тэрміновага вызваленьне зь пераглядам ягонай справы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG