Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўны суд не задаволіў апошнюю скаргу Андрэя Бандарэнкі. — «Фактычна і не разьбіраліся»


Андрэй Бандарэнка

Андрэй Бандарэнка

Вярхоўны суд Беларусі не задаволіў скаргу былога палітвязьня Андрэя Бандарэнкі на прысуд, паводле якога праваабаронца быў асуджаны на 3 гады зьняволеньня за злоснае хуліганства. Пра гэта Андрэй Бандарэнка паведаміў бацьку ў лісьце са Шклоўскай калёніі.

«Сёньня атрымаў ад Андрэя ліст. Піша, што яму прыйшоў адказ зь Вярхоўнага суду на ягоную скаргу на прысуд. Што не задаволілі. То бок прысуд застаецца бязь зьменаў. Самае крыўднае, напісаў сын, што справу, мяркуючы па часе адказу на скаргу, фактычна і не вывучалі. І адказ — слова ў слова тое самае, што вырашыў Менгарсуд, які пакінуў прысуд у сіле бязь зьменаў», — паведаміў карэспандэнту Свабоды Валер Бандарэнка, бацька Андрэя Бандарэнкі.

У жніўні 2014 году судзьдзя Кастрычніцкага раённага суду Менску Ала Абакунчык прызнала Андрэя Бандарэнку вінаватым па ўсіх трох эпізодах аб злосным хуліганстве, якія былі інкрымінаваныя праваабаронцу, і асудзіла яго на 3 гады зьняволеньня ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Андрэй Бандарэнка з прысудам не пагадзіўся, назваўшы яго несувымерным сваім учынкам. Пры гэтым віну ў хуліганстве па двух эпізодах Бандарэнка прызнаў, а трэці эпізод назваў правакацыяй і помстай яму за праваабарончую дзейнасьць. У зьняволеньні Андрэй Бандарэнка працягваў абскарджваць прысуд, але ніводная зь ягоных скаргаў не была задаволеная. Праваабаронца не выключаў, што пасьля праходжаньня ўсіх судовых інстанцыяў у Беларусі будзе скардзіцца ў Камітэт правоў чалавека ААН.

Меркаваньні беларускіх праваабаронцаў адносна справы Андрэя Бандарэнкі падзяліліся. Праваабаронцы Людміла Гразнова, Валер Шчукін, Міхаіл Пастухоў ды іншыя лічаць, што ён стаў ахвярай правакацыі ўладаў, бо шмат крытыкаваў карную сыстэму ў Беларусі, у тым ліку з трыбуны ААН, чаго ўлады яму не даравалі. Праваабаронцы «Вясны» пасьля суду над Андрэем Бандарэнкам заявілі, што ня ўбачылі на працэсе прыкмет палітычнага перасьледу, а пакараньне трыма гадамі зьняволеньня адпавядае судовай практыцы краіны за падобныя злачынствы.

Спачатку ў Бабруйскай, а потым у Шклоўскай калёніі Андрэй Бандарэнка апынуўся ва ўмовах перасьледу — ня толькі з боку адміністрацыі, але і часткі вязьняў, — які прыніжае ягоны чалавечы гонар і годнасьць. Цяпер Андрэй Бандарэнка ў ізаляцыі ў памяшканьні камэрнага тыпу, яму пагражае суд з далейшым зьмяшчэньнем у «крытую» турму. Суд мае адбыцца да 12 сьнежня, паведаміў бацька вязьня Валер Бандарэнка. Тыдзень таму актывісты камітэту салідарнасьці з Андрэем Бандарэнкам зьвярнуліся да міжнародных праваабарончых арганізацыяў з заклікам прызнаць яго палітвязьнем і дамагацца тэрміновага вызваленьня.

17 лістапада 2015 году праваабарончы цэнтар «Вясна» зрабіў адмысловую заяву, у якой прызнаў, што цкаваньне Андрэя Бандарэнкі ў Шклоўскай калёніі зьвязанае зь ягонай праваабарончай дзейнасьцю. У заяве «Вясны», якую падпісаў былы палітвязень, старшыня арганізацыі Алесь Бяляцкі, ад беларускіх уладаў патрабуюць спыніць ціск на Андрэя Бандарэнку ў калёніі, стварыць яму нармальныя ўмовы ўтрыманьня, а таксама дазволіць сустрэчу з прадстаўнікамі праваабарончых арганізацыяў.

XS
SM
MD
LG