Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Статусу ўцекачоў не прасілі, каб не згубіць свабоду», — украінская сям’я з Акцябрскага раёну


Сяргей і Вера
Сяргей і Вера

Тры ўкраінскія сям’і стала працуюць у сельскагаспадарчым акцыянэрным таварыстве «Некрашынскі» Акцябрскага раёну. Вера і Сяргей Харабашы — жывёлаводы, яна — даярка, ён — сьлесар на малочным комплексе. Прыехалі ў Беларусь пры канцы 2014 году, калі вайна стала набліжацца да іх сяла Прыморскае Новаазоўскага раёну, што пад Марыюпалем.

«Паратунак знайшлі ў Беларусі»

«Куды ехаць —такі выбар перад намі не стаяў, — апавядае галава сям’і Сяргей Харабаш. — Вера ж родам зь Ельскага раёну, выехала яна з бацькамі ва Ўкраіну пасьля Чарнобылю. Цяпер наадварот — паратунак знайшлі ў Беларусі».

Па прыезьдзе шматдзетная сям’я спынілася спачатку ў пасёлку Козенкі, што пад Мазыром. Там прапанавалі працу, дамову на арэнду жытла, але бяз сталай рэгістрацыі. Таму Сяргей зь Верай сталі шукаць іншыя варыянты ўладкаваньня. Урэшце й перабраліся ў вёску Валосавічы — цэнтар ААТ «Некрашынскі».

«Людзі хочуць зарабіць»

«У нас жывуць і працую тры ўкраінскія сям’і, — тлумачыць намесьнік дырэктара сельгаспрадпрыемства Павал Цішкунец. — Раней іх было пяць, але дзьве зьехалі ці то ў іншае месца, ці то вярнуліся назад ва Ўкраіну. Тыя што засталіся, няблага працуюць. Як і ўсе людзі, хочуць зарабіць, мець добрыя жыльлёвыя ўмовы. Сям’і Харабашоў прадставілі дом. Канечне, там трэба сёе-тое з сантэхнікі замяніць, падрамантаваць. Будзе гаспадарка мець магчымасьць, дапаможам».

Да вясковай працы ўкраінцам не прывыкаць. Сяргей — сельскі мэханізатар. У Валосавічах ён адказвае за працу даільнай устаноўкі, усіх мэханізмаў, што падтрымліваюць санітарны стан малочнага комплексу. Кажа, што зарабляе 400 рублёў. У Веры, як даяркі, заробак у гэтыя месяцы крыху меншы, хоць абавязкаў таксама хапае: малочны блёк з калежанкамі трымаць у чысьціні, кароў падрыхтаваць да дойкі, падаіць, апараты вымыць, накарміць жывёлу. І дома ж сям’ю трэба дагледзець.

У Беларусі ў перасяленцаў усе складваецца. Нядаўна Сяргей і Вера выдалі старэйшую дачку замуж, зяця й сватоў займелі — яны ў Ельскім раёне. Дзьве меншыя дачкі вучацца ў школе.

«Малайчынкі. Стараюцца, вучаць беларускую мову, удзельнічаюць у школьных справах», — радуецца маці.

«Вяртаццана Данеччыну ня мае сэнсу — там вайна»

Як жыцьцё павернецца, украінцы загадваць не бяруцца. Але ўсё пакуль схіляецца да таго, што пераездаў больш ня будзе.

«Калі нічога ня зьменіцца, то вяртацца на Данеччыну ня мае сэнсу. Тым больш, што там ніяк ня ўціхамірыцца. Чуем, што наша сяло Прыморскае ўжо ня раз пад абстрэл трапляла. Як туды ехаць, калі там вайна», — разважае Сяргей Харабаш.

Сям’я мае від на жыхарства ў Беларусі. У сьнежні трэба прасіць яго падаўжэньня — зноў на два гады. Статусу ўцекачоў Сяргей і Вера не прасілі, як, дарэчы, і дзесяткі тысяч іншых украінцаў, што прыехалі ў Беларусь з зоны АТА. Чаму?

«Калі мы папросім статус уцекачоў, то згубім свабоду. Нас могуць разьмеркаваць куды заўгодна — хоць пад Менск, хоць яшчэ куды. А мы хацелі застацца на Гомельшчыне, дзе ў жонкі ёсьць сястра і дзе мы ўжо займелі сватоў», — тлумачыць сваю пазыцыю Сяргей.

Аграгарадок Валосавічы
Аграгарадок Валосавічы

***

Афіцыйна ў Беларусі 20-30 тысяч мігрантаў з Украіны і 1 уцякач. Агенцтва ААН налічыла 150 тысяч, Лукашэнка — 160 тысяч. У Беларусь з-за вайны прыяжджаюць яшчэ й грамадзяне Сырыі, якія таксама просяць прытулку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG