Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афіцыйна ў Беларусі 20-30 тысяч мігрантаў з Украіны і 1 уцякач. Агенцтва ААН налічыла 150 тысяч, Лукашэнка — 160


Ілюстрацыйнае фота. Сям'я ўцекачоў з Луганску

Ілюстрацыйнае фота. Сям'я ўцекачоў з Луганску

Міжнародная выведная супольнасьць InformNapalm апублікавала аналіз лічбаў, што агучваліся пра колькасьць данбаскіх мігрантаў і ўцекачоў у Беларусі.

Паводле афіцыйных зьвестак МУС Беларусі, усяго зь 1 студзеня 2014 году па 1 ліпеня 2016-га ў Беларусі зарэгістравана 35 157 працоўных мігрантаў з усёй Украіны (ня толькі з Данбасу), зь іх некаторыя — сэзонныя мігранты. За 2014-2015 гады 1642 грамадзяніны Ўкраіны зьвярнуліся па статус уцекача ў Беларусі, толькі 1 чалавек атрымаў такі статус, 1089 атрымалі дадатковую абарону.

Ды Ўпраўленьне Вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў (UNHCR) агучвае значна большыя лічбы. У сьнежні 2014 году ў аглядзе UNHCR гаварылася са спасылкай на зьвесткі ад уладаў пра 59,6 тысячы ўкраінскіх перасяленцаў у Беларусі, у красавіку 2015-га — пра 80,9 тысячы, у верасьні 2015-га — пра 126,5 тысячы. У кастрычніку 2015 году прадстаўнік UNHCR у Беларусі Жан-Іў Бушардзі казаў пра 150 тысяч, у сакавіку ўжо Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з намесьнікам памочніка міністра абароны ЗША казаў пра 160 тысяч уцекачоў з Украіны, тую ж лічбу пазьней паўтарыў у інтэрвію Радыё ААН міністар замежных спраў Уладзімер Макей. Пазьней гэтую лічбу паўтарыў Бушардзі.

InformNapalm бачыць у гэтым наўмысныя маніпуляцыі лічбамі — магчыма, у фінансавых інтарэсах. Праграма UNHCR у справе дапамогі перамешчаным асобам ва Ўкраіне, Беларусі і Малдове атрымала на 2015 год толькі 28,8 млн даляраў з запрошаных 41,5 млн. З названых патрэбнымі на 2015-2016 гады 83,8 млн даляраў было атрымана 57,2 млн. Іншай магчымай прычынай выданьне бачыць спробу паспрыяць прыняцьцю Беларусьсю з Эўразьвязу пэўнай колькасьці сырыйскіх уцекачоў, колькасьць якіх на фоне «160 тысяч» будзе здавацца нязначнай.

«На фоне афіцыйных лічбаў заявы пра 160 тысяч перасяленцаў выглядаюць, мякка кажучы, дзіўнымі, незразумелымі, — кажа Свабодзе аўтар расьсьледаваньня Дзяніс Івашын. — Паводле маіх папярэдніх падлікаў, максымальная колькасьць увогуле ўсіх украінскіх мігрантаў складае блізу 25-30 тысяч, рэальна іх каля 20 тысяч. Яны ўсе праходзяць у статусе эканамічных мігрантаў, зарэгістраваны толькі адзін уцякач. Гэта людзі ня толькі з Данбасу. Я лічу, што гэта спэкуляцыя і маніпуляцыя вышэйшых дзяржаўных дзеячоў Беларусі і функцыянэраў міжнароднай арганізацыі».

Ён сумняваецца, што памылка можа быць зь іншага боку — з боку афіцыйнай статыстыкі. Такая памылка была б вельмі сур’ёзнай для МУС і пахіснула б пазыцыю міністра, ды ўсе мігранты ў абавязковым парадку праходзяць праз дэпартамэнты МУС і праходзяць рэгістрацыю. Маніпуляцыяў з боку сілавых ведамстваў ён ня бачыць. Таксама як ня бачыць патрэбы ў нейкім дадатковым фінансаваньні ці нейкіх надзвычайных захадах у сувязі з колькасьцю эканамічных мігрантаў з Украіны ў Беларусі.

Свабода зьвярнулася з запытам у UNHCR па тлумачэньні разыходжаньняў у лічбах.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG