Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Салігорскія гімалаі як помнік «тлустым» часам: як жыве адзін з самых заможных гарадоў Беларусі


Салігорскія «гімалаі-тэрыконы»

Салігорскія «гімалаі-тэрыконы»

Дзякуючы аднаму з найбуйнейшых у сьвеце вытворцаў мінэральных калійных угнаеньняў — горадаўтваральнаму прадпрыемству «Беларуськалій» — Салігорск займае месца ў шэрагу самых заможных гарадоў Беларусі. Шчыльнасьцю высокіх заробкаў на колькасьць гараджанаў ён апярэдзіў нафтавікоў Наваполацку і саступае хіба што сталіцы.

Яшчэ ў канцы нулявых Беларуская калійная кампанія, нягледзячы на крызісныя тэндэнцыі і скарачэньне попыту на ўсясьветным рынку, умудралася прадаваць мінэральныя ўгнаеньні па 1000 даляраў за тону — рэкорд у 1100 даляраў быў пастаўлены ў 2008-м падчас паставак на Шры Лянку. У тыя «салодкія» часы адміністрацыя і шахтары мелі 2-3 тысячы даляраў заробку, гэта дазваляла езьдзіць на курорты, набываць нерухомасьць і дарагія аўтамабілі. З улікам, што з агульных 100 тысяч насельніцтва кожны пяты так ці інакш заняты ў сыстэме калійнай здабычы, амаль у кожнай сямʼі — свой прадстаўнік пры «залатой жыле».

2-е рудаўпраўленьне ўпэўненае ў будучыні

2-е рудаўпраўленьне ўпэўненае ў будучыні

Праўда, апошнім часам цэны на калійную соль на ўсясьветных рынках зьнізіліся больш чым утрая, фінансавыя паступленьні скарацілася ў разы. А тут яшчэ нядаўні загад Аляксандра Лукашэнкі «падцягнуць» заробкі да паўтысячы даляраў: калі для бальшыні рэгіёнаў гэта скачок наперад, то для немалой праслойкі Салігорску — безумоўны адкат. Плюс намёк на тое, што «адрэжуць» лішкі, каб раздаць бяднейшым. Рэанімаваны лёзунг «кожнаму па 500» набывае злавеснае адценьне: гэта значыць адысьці ад звыклых стандартаў якасьці жыцьця. Але выглядае, што да гэтага якраз усё і ідзе.

1,5 тысячы даляраў на глыбіні 800 мэтраў

Леанід Мархотка, выпускнік салігорскага горна-хімічнага тэхнікуму, стаяў ля вытокаў незалежнага прафсаюзу гарнякоў Беларусі, быў адным з арганізатараў пешага маршу шахтараў на Менск у сакавіку 1992-га. Цяпер займаецца праваабарончай дзейнасьцю. На яго перакананьне, часы шыкаваньня для калійшчыкаў, як і ўсёй беларускай горназдабыўнай прамысловасьці, блізкія да таго, каб бясслаўна завершыцца:

Праваабаронца Леанід Мархотка

Праваабаронца Леанід Мархотка

«Сёньня з шахтарамі калі размаўляеш дык, ведаеце, аптымізму мала. Цэны на ўгнаеньні на міжнародных рынках падаюць, і вяртаньня назад ня будзе. Напрыклад, адкрываюцца новыя калійныя руднікі ў Кітаі. А менавіта Кітай — самы буйны наш пакупнік, асноўная крыніца валюты. Адпаведна, азіяцкі рынак чакае перабудова. Ну навошта Індыі ці Шры Лянцы такія накладныя расходы, транспартаваньне грузу праз паўсьвету зь Беларусі, калі можна блізенька купіць у Кітаі? Думаю, пройдзе зусім мала часу, бо кітайцы робяць усё вельмі хутка, і гады праз 3-4 сытуацыя кардынальна зьменіцца. Расея ў Калінінградзе будуе новы руднік, каб зь меншымі выдаткамі адпраўляць калій у Эўропу. Таму пэрспэктывы ў Салігорску, наогул у горнай прамысловасьці, мякка кажучы, ня вельмі радасныя».

Помнікам лепшым часам — так званыя тэрыконы, якія займаюць звыш тысячы гектараў вакол Салігорску. Гэта ня лічачы бронзавай фігуры шахтара ў цэнтры гораду, якая зьявілася тут яшчэ за савецкім часам. За дзесяцігодзьдзі эксплюатацыі радовішчаў калійных соляў назапасілася больш за паўмільёна тон адкідаў, збуртаваных у вялізныя насыпныя горы (вышыня некаторых перавышае 100 мэтраў). Наступствы такога суседзтва — асобная тэма, якую ўсё часьцей уздымаюць эколягі.

Помнік шахтару

Помнік шахтару

Як удалося высьветліць у размовах з гараджанамі, заробкі ў структуры «Беларуськалію» па-ранейшаму нашмат большыя, чым у сярэднім па краіне — прынамсі істотна перавышаюць сакральныя 500 даляраў ад Лукашэнкі. Але нават цяперашняя тысяча даляраў — удар па тых, хто цягам «тлустых» гадоў прызвычаіўся жыць на шырокую нагу. Тым ня меней, калі раскінуць цяперашнія «звышпрыбыткі» на работнікаў, занятых у іншых сфэрах гаспадараньня, карціна стане прыблізна гэткай жа, як і ў іншых рэгіёнах.

Леанід Мархотка не бярэцца меркаваць, ці заслужылі захаваньня высокіх заробкаў клеркі розных узроўняў у офіснай высотцы «Беларуськалію», але наконт шахтараў сумневу няма — яны свае грошы здабываюць ва ўмовах, якія звычайнаму чалавеку цяжка нават уявіць:

Акцыя пратэсту шахтараў, Леанід Мархотка другі зьлева (1992)

Акцыя пратэсту шахтараў, Леанід Мархотка другі зьлева (1992)

«Непасрэдна занятая ў здабычы забойная група — гэта нязначная частка. Калі ў сыстэме „Белкалію“ разам з фабрыкамі, абслугай і г.д. задзейнічана недзе 20 тысяч чалавек, то працуюць на камбайнах, поўзаюць на каленях з адбойнымі малаткамі ад сілы 1,5 тысячы. Вось яны за сваю працу маюць 25-30 мільёнаў рублёў старымі. Дзіўна, але, нават зарабляючы грошы, многія ня ведаюць, што зь імі рабіць. Кажуць, што сярэдняе жыцьцё шахтара — 48-52 гады. Гэта праўда. Калі, скажам, па чацьвёртым „ствале“ кожны дзень апускацца на 800 мэтраў пад зямлю, дзе пыл, усё ў паўцемры, ясна, што для арганізму гэта шкодна. І толькі адзінкі прыходзяць да таго, што падчас адпачынку дазваляюць сабе прафіляктычнае лячэньне, добрае харчаваньне. Тым больш у іх свой санаторый-прафілякторый. Усё гэта каштуе грошай. Хто за сабой сочыць, мае кантракт і ў 60 гадоў. А іншага пахавалі ў 50, і пэнсію не пасьпеў атрымаць».

Дзяўчаты мараць выйсьці замуж за шахтара

Бацькі салігорскай маладафронтаўкі Хрысьціны Самойлавай таксама працуюць на «Беларуськаліі». Сама дзяўчына па іх сьлядах не пайшла, акрэсьліўшы перад сабой іншыя прафэсійныя мэты. Тым ня менш, кажа яна, для большай часткі гараджанаў уладкавацца на прадпрыемства — тое самае, што выцягнуць пажыцьцёвы шчасьлівы білет:

Маладафронтаўка Хрысьціна Самойлава

Маладафронтаўка Хрысьціна Самойлава

«На жаль ці не, сваёй працы вельмі трымаюцца. Калі трапіў на „Белкалій“ — усё, адзін раз і на ўсё жыцьцё. Гэта значыць, табе нерэальна пашанцавала. Стараюцца ўціснуцца на працу нават прыбіральшчыцай, каб потым як-небудзь дарасьці да іншай прыступкі. Для большасьці людзей гэта той самы шчасьлівы білет, як ні сумна. Дзяўчаты мараць выйсьці за шахтара, ёсьць і такое. Прынамсі шанец некуды зьезьдзіць, нешта набыць. Не хачу казаць кепска, але не хачу і хлусіць: у асноўным людзі, атрымліваючы немалыя грошы, нават ня ведаюць, як імі скарыстацца. Купляюць другую, трэцюю кватэру; чацьвёртую, пятую машыну. Прыходзяць у кавярню, скардзяцца, што маюць 1,5-2 тысячы даляраў (шалёныя грошы для большасьці беларусаў), а спосабаў імі распарадзіцца ня бачаць. Дый і запыты пераважна спажывецкія, далей фантазія не сягае».

Скарачэньні заробкаў на «Беларуськаліі» зьвязаныя ня толькі з агульнымі тэндэнцыямі на ўсясьветным рынку, але і з неабходнасьцю ўсё большых адлічэньняў у дзяржбюджэт. Як кажа Леанід Мархотка, пасьля таго, як здарыўся абвал у нафтаперапрацоўчай галіне, галоўным валютным донарам Беларусі стаў Салігорск. На прадпрыемства кладзецца двайная нагрузка, пры якой сродкаў на разьвіцьцё і падтрымку інфраструктуры амаль не застаецца. Нездарма ўсё часьцей прыходзяць зьвесткі пра выпадкі траўматызму і чалавечых ахвяраў:

Чвэрць стагодзьдзя таму шахтары не маўчалі

Чвэрць стагодзьдзя таму шахтары не маўчалі

«Валютнымі паступленьнямі найперш забясьпечвае „Беларуськалій“, „нафтанка“ зь першага месца перамясьціліся на другое. Таму выграбаюць падчыстую, прадпрыемству застаецца мізэр. Што ня можа не трывожыць. Скажам, на рудніках салёна-агрэсіўнае асяродзьдзе, ад іржы мэталяканструкцыі абвальваюцца, падаюць. Абсталяваньне не закупляецца, не абнаўляецца, не рэстаўруецца. Як вынік — расьце траўматызм, колькі ўжо было паведамленьняў. Эканамічныя праблемы наўпрост выцякаюць з палітычных. Шахтары любяць казаць: палітыка нас не цікавіць. Затое яна вамі цікавіцца. Бо сродкі на тое, каб у цябе былі нармальныя ўмовы, каб на галаву не звалілася галерэя ці канвэер, забраў Менск. І гэта ўсё вынік палітыкі нязьменнага 20 гадоў прэзыдэнта. Проста бязь лішніх слоў адбіраюць грошы. Але ж людзі пра гэта ня думаюць — маўляў, „бацька дасьць“. Што ён дасьць? Забярэ астатняе».

А яшчэ «Беларуськалій» абавязаны цягнуць на сабе культурніцкія імпрэзы кшталту кінафэстывалю «Лістапад», фундаваць буйныя спартовыя мерапрыемствы, уключна з апекаваньнем тутэйшымі футбольнымі, хакейнымі ды іншымі камандамі.

Наглядная агітацыя калійнага флягмана

Наглядная агітацыя калійнага флягмана

Разам з тым, працягвае мясцовая актывістка Хрысьціна Самойлава, добраахвотная залежнасьць ад «Беларуськалію» часам дае «збой». Некаторыя новыя сябры сьвядома сыходзяць з прадпрыемства, каб паспрабаваць рэалізавацца ў творчай галіне — мастаком, майстрам тату ці музыкам. Шчыра радуе, што ня ўсё вымяраецца грашыма. Дарэчы, бар «Кава», дзе мы сустракаемся, — якраз адно з улюбёных месцаў маладых салігорскіх творцаў.

«Цешыць, што нарэшце фармуецца творчая эліта. Скажам, хлопчык, які цяпер папулярны тату-майстар малюе для кавярні карціны, раней працаваў на „Беларуськаліі“, там дагэтуль ягоныя бацькі. У чалавека нібыта была стабільная будучыня. Але ён вырашыў, што ня хоча ў пажыцьцёвую кабалу, звольніўся. І перакваліфікаваўся ў майстра тату. Гісторыя пакуль з шэрагу ўнікальных, яе пераказваюць, старэйшыя аж прыдыхаюць: не паверыце, што ён нарабіў, сапсаваў сабе жыцьцё... Тым ня менш вельмі прыемна, што паступова ўзьнікае суполка творчых людзей. Бо звычайна калі не „Белкалій“, то моладзь хоча зьехаць у Менск, думае, што толькі там можна сябе рэалізаваць, там твая праца будзе актуальнай. Хоць хутчэй наадварот: сталіца перанасычаная хэндмэйдам, рознымі майстрамі. А хочацца, каб правінцыя, малыя гарады таксама разьвіваліся, бо попыт насамрэч ёсьць».

Прамысловы гігант удвая перанаселены кадрамі

Цяжка чакаць, што ў эканамічнай структуры «калійнай мекі» штосьці зьменіцца. Пры тым, як сьцьвярджае Леанід Мархотка, перанасычанасьць кадрамі горадаўтваральнага прадпрыемства відавочная. Пра гэта казалі і замежныя экспэрты, якія маніторылі камбінат на выпадак перадпрадажнай падрыхтоўкі. Але, словамі суразмоўцы, на скарачэньне ўлады наўрад ці адважацца, у іншым выпадку можна атрымаць чарговы марш-пратэст на сталіцу:

Удзельнікі маршу пратэсту пад бела-чырвона-белымі сьцягамі (1992)

Удзельнікі маршу пратэсту пад бела-чырвона-белымі сьцягамі (1992)

«Раз-пораз узьнікаюць размовы пра магчымасьць прыватызацыі „Беларуськалію“. Праўда, пабачыўшы цэньнік, патэнцыйныя купцы хутка зьнікаюць. Пра закулісьсе асабліва не расказваюць, але гады 4 таму прыяжджалі нейкія замежныя аўдытары, падлічылі і прыйшлі да высновы, што з плюс-мінус 20 тысяч рабочых трэба пакінуць усяго 8-9 тысяч. Каб усё эфэктыўна працавала, не патрэбна такая колькасьць народу. Але ж кіраўніцтвам дэкляраваная сацыяльная палітыка, нібыта клопат пра людзей: хай займаюцца абы-чым, толькі каб ня сноўдаліся без кантролю. Куды іх у такой колькасьці падзець у Салігорску? Яны ж раней ці пазьней выйдуць на вуліцы, і тады дакладна будзе яшчэ адзін пешы марш на Менск. Таму найперш з палітычных прычынаў, а не эканамічнай мэтазгоднасьці трымаюць такі вялізны, затратны комплекс».

Сваю цану беларускага прамысловага гіганта Аляксандар Лукашэнка агучыў яшчэ 5 гадоў таму — 30 мільярдаў даляраў са штогадовай індэксацыяй гэтай сумы. Аднак з улікам, што канкурэнцыя на калійным рынку ўзмацняецца, а кампаніі-трэйдэры вымушаныя дэмпінгаваць, ахвотных выкласьці такія сродкі так і не знайшлося.

Шахтары пакаленьня 1990-х

Шахтары пакаленьня 1990-х

Да таго ж істотна падпсаваў імідж Лукашэнкі як дамоваздольнага партнэра скандал вакол гендырэктара расейскага «Уралкалію» Ўладзіслава Баўмгертнэра. У жніўні 2013 году бізнэсовец быў затрыманы ў Менску, беларускі бок абвінаваціў яго ў нанясеньні стратаў «Беларуськалію» і Беларускай калійнай кампаніі ў асабліва буйным памеры. Пасьля некалькіх месяцаў спачатку ў турме КДБ, а потым пад хатнім арыштам на апэратыўнай кватэры Баўмгертнэр быў выдадзены Расеі. Лукашэнка заявіў, што агульныя страты дзяржавы ў сувязі са злоўжываньнямі расейскіх топ-мэнэджэраў перавысілі 1,5 мільярда даляраў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG