Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін выступіў з пасланьнем да Фэдэральнага сходу. Двума асноўнымі складнікамі прамовы сталі палітыка і эканоміка. Пуцін пацьвердзіў курс на процістаяньне з Захадам, але паабяцаў свабоду для прыватнай ініцыятывы ў эканоміцы. Так, паабяцаная амністыя капіталаў, якія вяртаюцца ў Расею, і мараторый на зьмяненьне падатковай нагрузкі для бізнэсу.

Беларуская тэма ў пасланьні Ўладзімера Пуціна наагул не прагучала. Палітоляг Аляксандар Класкоўскі тлумачыць гэта так:

Аляксандар Класкоўскі

Аляксандар Класкоўскі

«Гэта ўвогуле такая мэтода расейскіх кіраўнікоў — абыходзіць маўчаньнем Беларусь. І я думаю, што гэта не выпадкова, бо не выпадае хваліцца посьпехамі так званай інтэграцыі. Яшчэ болей — цяпер, калі разгарэлася чарговая „прадуктовая вайна“. І гэта азмрочвае пэрспэктывы афіцыйнага старту Эўразійскага эканамічнага саюзу з пачатку наступнага году. Таму няма чым хваліцца. З-за гэтага і выкарыстоўваецца такая фігура змоўчваньня».

Што тычыцца палітыкі, то тут расейскі прэзыдэнт засяродзіўся на супрацьстаяньні з Захадам. «Дамагчыся ваеннай перавагі над Расеяй нікому ня ўдасца», — заявіў Уладзімер Пуцін. Ён сказаў, што «Расею ў свой час хацелі пусьціць па югаслаўскім сцэнары распаду краіны, была відавочная падтрымка сэпаратызму з-за бугра».

Асобнай тэмай стала сытуацыя ва Ўкраіне. Кіраўнік Расеі заявіў, што ягоная краіна ня будзе сьлепа трымацца ў фарватэры Захаду па ўкраінскім пытаньні.

Андрэй Фёдараў

Андрэй Фёдараў

Менскі палітоляг Андрэй Фёдараў называе галоўным з той часткі пасланьня Ўладзімера Пуціна, якое тычыцца сытуацыі вакол Украіны, нязьменнасьць пазыцыі расейскага кіраўніка:

«Я быў упэўнены, што так і будзе. Ніякіх падставаў для зьмяненьня пазыцыі Пуціна пакуль няма. Тыя праблемы, якія апошнім часам узьніклі ў Расеі, яшчэ не настолькі моцна закранулі яе насельніцтва. Рэйтынг таго ж Пуціна пакуль застаецца ў памерах 80%. І таму ніякіх падставаў чакаць, што кіраўніцтва Расеі памяняе свае падыходы, не выпадала. Я думаю, што такое становішча будзе захоўвацца яшчэ даволі доўга. Калі ж насамрэч адбудзецца нейкая значная зьмена, то Пуцін у такім выпадку можа вельмі ўпасьці ў вачах расейскага насельніцтва. Таму да зьменаў можа прывесьці толькі вельмі моцны прымус».

У эканамічным пляне Ўладзімер Пуцін паабяцаў амністыю капіталаў, якія вяртаюцца ў Расею, і мараторый на зьмяненьне падатковай нагрузкі для бізнэсу. Наколькі гэтыя рэчы актуальныя для беларускай эканомікі, я спытаў дырэктара па дасьледаваньнях Лібэральнага клюбу Яўгена Прэйгермана:

Яўген Прэйгерман

Яўген Прэйгерман

«Актуальныя, канечне, у пэўнай ступені. Далёка не такая колькасьць інвэстыцыяў у бізнэс Беларусі, як хацелася б. У прынцыпе, гэта праблема ўсёй постсавецкай прасторы. І Беларусь тут ня можа казаць, што ў яе сытуацыя лепшая. Болей за тое, гады два таму мы рабілі дасьледаваньне па якасьці дзелавога клімату ў Беларусі, Расеі і Казахстане — у краінах Мытнага саюзу, які цяпер ператвараецца ў Эўразійскі эканамічны саюз. Не сказаць, каб Беларусь была гэткім татальным аўтсайдэрам, але ж па вялікай колькасьці пазыцыяў мы прайгравалі і Расеі, і Казахстану».

XS
SM
MD
LG