Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На санкцыі Масквы супраць беларускіх вытворцаў мясных і малочных прадуктаў Менск адказвае асымэтрычнымі захадамі. Пасьля таго, як учора Аляксандар Лукашэнка назваў паводзіны Расеі непрыстойнымі, Міністэрства ўнутраных спраў канстатавала рост незаконных паставак тавараў, якія імпартуюца ў Беларусь з тэрыторыі Расеі. Некантраляванае павелічэньне патоку імпарту і ўцягваньне яго ў нелегальны гандлёвы абарот — робяць выснову ў ведамстве — нясе рызыкі і пагрозы для эканамічнай бясьпекі дзяржавы.

Як удакладняюць у МУС Беларусі, сёлета выяўлена больш за 3 тысячы правапарушэньняў у сфэры незаконнага абароту імпартаванай прадукцыі, на карысьць дзяржавы спагнана 276 мільярдаў рублёў. Пры гэтым агульны кошт экспрапрыяванага імпарту, увезенага з Расеі, перавысіў 210 мільярдаў, альбо 62% ад агульнага нелегальнага абароту. Часьцей за ўсё прадметамі правапарушэньняў у сфэры незаконнага абароту імпартаванай прадукцыі становяцца адзеньне, абутак, бытавая тэхніка, запасныя часткі да аўтамабіляў, харчы і алькаголь. Такія працэсы, адзначаюць у сілавым ведамстве, вядуць да зьніжэньня паступленьняў мытных і падатковых збораў, ставяць у складанае становішча афіцыйныя суб’екты гаспадараньня.

Ці азначае гэта, што Менск адважыўся на асымэтрычныя захады, спрабуючы запалохаць Маскву? Доктар эканамічных навук Генадзь Лыч мяркуе, што Беларусь занадта моцна залежыць ад Расеі, каб навязваць уласныя правілы гульні:

Хіба што разам з Назарбаевым крыху пагаўкаем, а так — што задумаў Пуцін, тое і будзе рабіць

«Я думаю, нічога Беларусь з гэтымі заявамі не даб’ецца, — надта мы слабыя і надта залежныя ад Расеі. Хіба што разам з Назарбаевым крыху пагаўкаем, а так — што задумаў Пуцін, тое і будзе рабіць, вось і ўсё. Ён падпарадкаваў сабе ўсё — усе мытныя, эўразійскія наддзяржаўныя структуры, і цяпер там як цар-імпэратар. Увогуле, што датычыцца Расеі, ёсьць такое трапнае выказваньне іхняга ж клясыка: „Умом Россию не понять“. І ад іх, я лічу, можна чакаць усяго — і хлусьні, і падману, і падкопаў, чаго заўгодна. Але ніякай імпэрыяй, насуперак спадзяваньням, яна не адновіцца. Гэта будзе спроба цяжкавагавіка, які некалі быў чэмпіёнам сьвету, а цяпер — на пэнсіі, хоча ўзяць вагу, якую браў па маладосьці. Ён проста падарвецца і лясьнецца. Але намер такі, безумоўна, ёсьць».

Сёньня ў Маскве зноў вядуцца перамовы адносна ўмоваў аднаўленьня паставак харчовых тавараў з двух дзясяткаў беларускіх прадпрыемстваў. Беларускую дэлегацыю ўзначальвае віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы, расейскую — ягоны калега Аркадзь Дварковіч. Спробы дамовіцца ў Менску плёну не далі, наадварот: кіраўнік «Рассельгаснагляду» Сяргей Данкверт заявіў, што беларускія лябараторыі ня ў стане гарантаваць якасьць харчоў — найперш, вырабленых з замежнай сыравіны. Таму ў лепшым выпадку можна спадзявацца на «амністыю» тых камбінатаў, якія карыстаюцца выключна мясцовым матэрыялам. Ускосна названыя два з больш чым дваццаці аб’ектаў гаспадараньня, доступ якіх на расейскі рынак можа быць адноўлены, — магілёўская «Бабушкіна крынка» і Калінкавіцкі мясакамбінат.

Экспэрты заўважаюць, што кіраўніцтва Беларусі праз афіцыйныя мэдыі зь яўнай злараднасьцю гаворыць пра эканамічныя праблемы Расеі, выкліканыя заходнімі санкцыямі і абвалам коштаў на нафту. Аднак, нагадвае эканаміст, экс-кандыдат у прэзыдэнты на выбарах 2010 году Віктар Цярэшчанка, ня так даўно сама Беларусь сьмяшыла ўвесь сьвет тэмпамі інфляцыі і падзеньня курсу нацыянальнай валюты:

Мы чатыры гады папросту праспалі. Больш за тое, упалі ніжэй за Зімбабвэ

«Я не кажу, што ва ўсім меў рацыю чатыры гады таму. Але будзеце сёньня-заўтра з хлопцамі піць гарбату — яшчэ раз зірніце на 9 праграмаў кандыдатаў на прэзыдэнта. Хто гаварыў пра грашова-крэдытную палітыку — што мы маем і што трэба зрабіць? За тры гады, гаварыў нехта Цярэшчанка, беларускі рубель будзе цьвёрды да даляра як да асноўнай замежнай валюты. А мы чатыры гады папросту праспалі. Больш за тое, упалі ніжэй за Зімбабвэ на поўдні Афрыцы. Мы абагналі ўсе краіны сьвету, мы лідзіруем па інфляцыі ў краінах СНД. Я не кажу, што гэта нейкая вялікая трагедыя; можна яшчэ ўсё паправіць, можна вырашыць, можна стаць на цывілізаваны шлях эканамічнага разьвіцьця. Ня трэба спасылацца на інфляцыю ў Грэцыі ды іншых краінах. Вы ж памятаеце 2011 год: у нас 108% з капейкамі, а ў Грэцыі — 2,85 было. Дык 108 і 2,85% — розьніца ёсьць? У 50 разоў!»

Міністэрства замежных спраў Беларусі сёньня заявіла, што мае намер максымальна апэратыўна вярнуць пытаньне паставак беларускага харчаваньня ў прававое рэчышча і ўрэгуляваць яго за сталом перамоваў. Як запэўніваюць у зьнешнепалітычным ведамстве, беларускі бок мае дастаткова фактаў і прававых аргумэнтаў, каб гэта зрабіць. Але выглядае, што хутка вырашыць праблему ня ўдасца: папярэдні разгляд гэтага пытаньня прызначаны на 10 сьнежня, калі будзе праходзіць паседжаньне савету Эўразійскай эканамічнай камісіі. Калі ў гэты дзень вырашыць праблему ня ўдасца, афіцыйны Менск гатовы паўторна ўзьняць пытаньне на разгляд Эканамічнага савету СНД 12 сьнежня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG