Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусам трэба чакаць устойлівага зьніжэньня ўзроўню жыцьця


Нізкія паказчыкі, закладзеныя ў прагноз сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі на 2015 год, абумоўленыя тым, што нацыянальная эканоміка знаходзіцца ў стагнацыі і беларусам трэба рыхтавацца да ўстойлівага зьніжэньня ўзроўню жыцьця.

Такое меркаваньне ў інтэрвію Радыё Свабода выказаў эканаміст Леанід Злотнікаў.

Парамэтры прагнозу сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі на 2015 год Аляксандар Лукашэнка зацьвердзіў у аўторак. Паводле гэтага дакумэнту, рост ВУП Беларусі ў наступным годзе павінен скласьці 0,2-0,7%, прадукцыйнасьць працы — 1,5-2%. Як адзначаецца ў прагнозе, зыходзячы з прагнозу «зьніжэньня сукупнага попыту ў Расеі, дынамікі сусьветных коштаў», паказчык экспарту тавараў і паслуг да ўзроўню 2014 году складзе 96-96,4%. Інфляцыя прагназуецца на ўзроўні 12%.

Леанід Злотнікаў зьвяртае ўвагу на вельмі нізкія паказчыкі тэмпаў росту, якія закладзены ў прагноз сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі, але і гэтыя паказчыкі наўрад ці будуць выкананы, мяркуе ён:

Леанід Злотнікаў

Леанід Злотнікаў

«Эканоміка трапіла ў стагнацыю. І гэтыя дзясятыя долі росту ВУП наагул не азначаюць, што будзе нават такі рост. Мы ўжо проста трапілі ў сытуацыю, калі павінна быць падзеньне, але 2015 год — год выбараў прэзыдэнта, і давялося складальнікам гэтага прагнозу хоць нейкія дзясятыя долі росту адзначыць, каб не перайсьці гэтую псыхалягічную мяжу, што мы пачалі падаць», — кажа эканаміст.

Такая сытуацыя абумоўленая ня толькі эканамічнай сытуацыяй унутры Беларусі, але і зьнешнімі абставінамі — напрыклад, падзеньнем коштаў на энэрганосьбіты.

«Уяўляеце сябе, які ўдар быў па нашых прагназістах, калі яшчэ ўлетку яны разьлічвалі, што ад экспартных пошлінаў Расеі беларускі бюджэт атрымае 3,5 мільярда даляраў, а потым падаткавы манэўр Расеі паменшыў гэтую суму на 1,5-2 мільярды. Было крыўдна, але чакалі яшчэ 1,5-2 мільярды рэшткаў экспартных пошлінаў. Але потым кошты на нафту паляцелі ўніз, і ўжо і гэта страцілі. То бок, за паўгоду зьнікла надзея, што наш бюджэт папоўніцца за кошт Расеі на 3,5 мільярда», — кажа эканаміст.

За паўгоду зьнікла надзея, што наш бюджэт папоўніцца за кошт Расеі на 3,5 мільярда

Беларуская эканамічная сыстэма сябе вычарпала

Таксама на беларускую эканоміку ўплывае адток капіталу з Расеі і санкцыі Захаду, што прыводзіць да звужэньня расейскага рынку. Працягвае нэгатыўна адбівацца на Беларусі фактар уступленьня Расеі ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю: паколькі Расея кожны год паніжае ўзровень імпартных пошлінаў для замежнай прадукцыі, беларускія тавары зьмяншаюць сваю канкурэнтаздольнасьць на расейскім рынку.

То бок, на прагнозе адбіліся шмат зьнешніх працэсаў, якія не залежаць ад волі беларускіх кіраўнікоў. Але акрамя зьнешніх фактараў, ёсьць і прынцыповы ўнутраны — глыбокі крызіс беларускай эканамічнай мадэлі.

«Трэба чакаць устойлівага зьніжэньня ўзроўню жыцьця. Якасна мы ідзем уніз, і спыніць гэта практычна немагчыма. Эканамічная сыстэма сябе вычарпала», — падкрэсьлівае Злотнікаў.

Сапраўды паказчыкі, закладзеныя ў прагноз на 2015 год, надзвычай нізкія. Для параўнаньня прагноз росту ВУП на 2013 год складаў 8,5%, на 2014 год — 3,3%. Хаця насамрэч гэтыя паказчыкі часьцей за ўсё ня дасягаюцца. Напрыклад, замест 8,5% у 2013 годзе ВУП вырас толькі на 0,9%. Чым скончыцца цяперашні год — невядома, але хутчэй за ўсё прагноз таксама ня будзе выкананы — за 10 месяцаў 2014 году ВУП вырас толькі на 1,5%.

Традыцыйна не выконваюцца і іншыя паказчыкі. Напрыклад, інфляцыя ў 2013 годзе склала 16,5% пры першапачатковым прагнозе ў 10-12%. За 10 месяцаў 2014 года інфляцыя склала 14,8% пры гадавым прагнозе 11%.

XS
SM
MD
LG