Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У вузкім калідоры


Мікалай Пятроў
Мікалай Пятроў

Маскоўскі палітоляг Мікалай Пятроў сьцьвярджае: занепакоенасьць расейскіх элітаў сытуацыяй у іх краіне расьце, а Ўладзімер Пуцін стаў закладнікам сваёй палітыкі.

Сёньня Ўладзімер Пуцін выступае са штогадовым пасланьнем перад дэпутатамі дзьвюх палат Фэдэральнага сходу. Яўка чальцоў Дзяржаўнай Думы і Савета Фэдэрацыі строга абавязковая. Да канца году прэзыдэнта чакае яшчэ адзін працяглы выступ — выніковая, на ўсю краіну, прэсавая канфэрэнцыя.

Аб сваіх чаканьнях ад выступаў Уладзімера Пуціна ў інтэрвію Радыё Свабода распавёў маскоўскі палітычны экспэрт, выкладчык Вышэйшай школы эканомікі Мікалай Пятроў:

— Мне здаецца, што выступы Пуціна толькі збольшага будуць прысьвечаныя вынікам году, а ў значнай меры будуць прысьвечаныя таму, што рабіць далей. Пуцін апынуўся ў досыць складаным, шмат у чым новым для яго становішчы. Ён ніколі раней не знаходзіўся ў сытуацыі настолькі вузкага калідору і, як мне здаецца, у сытуацыі незваротнасьці зробленага раней выбару. Пуцін павінен бегчы, каб заставацца на месцы, і ў яго выступах апошняга часу гэтыя абставіны праяўляюцца. Прэзыдэнт, апроч іншага, павінен прыдумаць і ўкараніць мэханізм пераразьмеркаваньня ўласнасьці для элітаў, ён не выпадкова казаў у інтэрвію ТАСС пра непразрыстую і жахлівую памылку прыватызацыі 1990-х гадоў. Я б з трывогай гэтыя словы ўспрыняў, як сыгнал аб магчымай рэвізіі вынікаў прыватызацыі.

Дык вось у гэтых вельмі вузкіх рамках Пуцін павінен зрабіць усё, каб падтрымліваць сваю высокую, ваенна-мабілізацыйную легітымнасьць. Утрымаць рэйтынг ваеннымі перамогамі ён ужо ня ў стане, адсюль неабходнасьць альбо разьвіваць канфрантацыйную рыторыку, дэманструючы, што мы ў абложанай крэпасьці, і ўсе вакол задумваюць злачынства супраць нас, альбо пачынаць нейкую яркую, скажам, антыкарупцыйную кампанію, каб людзям палепшыць ўражаньне ад узроўню жыцьця, які цяпер пагаршаецца, і прадэманстраваць суровасьць і справядлівасьць улады.

Я б ад сьнежаньскіх выступаў Пуціна чакаў аб’явы некаторай пэўнай праграмы, па сутнасьці справы, тлумачэньня таго, як улада зьбіраецца загойваць раны, якія, увогуле, яна сама сабе збольшага і нанесла дзеяньнямі апошніх месяцаў. Гэтыя страты ніяк не былі зьвязаныя з эканамічнымі меркаваньнямі, і ў гэтым сэнсе мне здаюцца дзіўнымі развагі пра магчымасьць абвяшчэньня лібэральнага курсу. Што Пуціну неабходна — урад як эфэктыўная каманда свайго роду крызісных мэнэджэраў, якой цяпер кабінэт міністраў не зьяўляецца.

— Вы згадалі пра тое, што Пуцін апынуўся ў вузкім калідоры магчымасьцяў і пэрспэктыў. Калідор, на Вашу думку, звузілі абставіны або сам Пуцін?

— Мне здаецца, тут ёсьць і тое, і іншае. Шмат у чым, вядома, мы назіраем сытуацыйна паводзіны Пуціна, яго рэакцыю на акалічнасьці. Але шмат у чым гэта, увогуле, яго стратэгічны выбар — паміж лібэралізацыйнай і мабілізацыйнай мадэлямі. На гэты выбар на карысьць мабілізацыйнай мадэлі паўплывалі, мне здаецца, два меркаваньні. Адно — палітычнае, зьвязанае з тым, што ўлада не змагла вырашыць звычайнымі мэтадамі ў рамках дэмакратычнай легітымнасьці крызіс, які пачаўся ў 2011 годзе і не спыніўся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2012 году. Таму паварот да ваенна-мабілізацыйнай легітымнасьці тут быў цалкам лягічным. А зь іншага боку, сыстэма пуцінскага алігархату ва ўмовах эканамічнага крызісу, які паглыбляецца, апынулася перад выбарам: альбо спрыяць выхаду з крызісу і эканамічнаму росту, адкрываючы краіну і рызыкуючы стратай манаполіі ў эканоміцы і ў палітыцы, альбо зачыняць краіну, ісьці на канфрантацыю з Захадам, але захоўваць пры гэтым манаполію на ўладу. Абраны другі варыянт, і мы цяпер маем справу з наступствамі гэтага рашэньня.

— Паводле Вашых адчуваньняў, ці здольны Ўладзімер Пуцін на рэзкае зьмяненьне абранага курсу? Або «рускія не здаюцца», і гэты курс на канфрантацыю з заходнім сьветам будзе ў любым выпадку працягнуты, пакуль пры ўладзе застаюцца тыя эліты, прадстаўніком якіх зьяўляецца Пуцін?

— Мне Пуцін здаецца закладнікам рашэньняў, якія ён сам прымаў раней, і тых крокаў, якія ён раней зрабіў. А рэжым — закладнік Пуціна. І ў гэтым сэнсе я ня бачу магчымасьці зьмены траекторыі руху. Мне гэтая траекторыя ўяўляецца рухам уніз па варонцы, якая звужаецца, прычым улада яшчэ неяк можа рэгуляваць хуткасьць падзеньня, але вырвацца з гэтай траекторыі яна ня ў стане.

— Падае курс рубля, што зьвязана з падзеньнем коштаў на нафту. На гэтым фоне міністры эканамічнага блёку робяць заявы пра тое, што расейцам трэба зацягнуць паясы, рыхтавацца да праблемаў, і мне гэта нагадвае рыторыку пачатку 1990-х гадоў. Дарэчныя такія паралелі?

— Дарэчныя. Падзеньне коштаў на нафту і памяншэньне фінансавых рэсурсаў улады ставіць дзьве вельмі сур’ёзныя праблемы. Адна зьвязаная з тым, што эканамічны пірог у ранейшыя гады ўвесь час павялічваўся, і ў Крамля была магчымасьць задавальняць апэтыты ўсё новых элітаў, не ўціскаючы эліты старыя. Цяпер такая магчымасьць адсутнічае, і канфлікты ўнутры элітаў, зьвязаныя з барацьбой за выжываньне і пераразьмеркаваньнем уласнасьці, абсалютна непазьбежныя. Калі ўлада ня ў стане прадумаць дакладны мэханізм, з дапамогай якога будзе ажыцьцяўляцца гэта пераразьмеркаваньне, то яна сутыкнецца з некіруемымі канфліктамі паміж элітнымі кланамі.

Другая праблема такая. Скарачэньне рэсурсаў, якія мае Крэмль, азначае і зьмяненьне мадэлі ўзаемаадносінаў з грамадзтвам, і ўвогуле, спыненьне папулісцкай палітыкі, якая, па сутнасьці, была асновай захаваньня ляяльнасьці грамадзянаў і папулярнасьці і легітымнасьці ўлады. Гэта ж азначае зьмяненьне — калі ня крах — цяперашняй мадэлі ўзаемаадносінаў цэнтра і рэгіёнаў. У гэтым сэнсе, вядома, паралелі з 1990-мі гадамі, калі цэнтар занепадаў, у выніку чаго расла самастойнасьць рэгіёнаў, цалкам лягічныя. Баюся толькі, што гэта супастаўленьне будзе не на карысьць цяперашняга пэрыяду. Цяпер рэгіянальныя эліты дэградавалі, у тым ліку ў выніку дзеяньняў цэнтра, і вось той, быццам бы цалкам пазытыўнай карціны, калі з аслаблых рук цэнтру ўлада шмат у чым перайшла ў моцныя і, увогуле, ўмелыя рукі рэгіянальных лідэраў, ужо ня будзе.

— Ці дакладна я разумею, што якраз адсюль і размовы пра тое, што прыватызацыя была няправільнай, несправядлівай? Бо цяпер можна за кошт менавіта гэтага рэсурсу нейкім чынам задаволіць інтарэсы тых ці іншых новых групаў уплыву ва ўладзе...

— Гэта ўжо адбываецца. Справа Уладзімера Еўтушэнкава і АФК «Сыстэма» — гэта вельмі характэрны прыклад. На жаль, баюся, не адзіны, і далей такія працэсы будуць працягвацца. Іншая справа, што эліта ў гэтых умовах мае патрэбу ў выразна вызначаных уладай правілах гульні. Правілы мяняюцца, і пакуль эліта знаходзіцца ў разгубленасьці, а такая сытуацыя для ўлады вельмі небясьпечная. Таму Пуцін цалкам можа (ці нават павінен) 4 сьнежня аб’явіць і элітам, як цяпер, уласна, будуць пабудаваны адносіны зь імі вярхоўнай улады. Дамова, якая існавала раней, цяпер рэвізуецца.

— Ці магчымы палацавы пераварот?

— Думаю, што цяпер малаверагодны. Але ў прынцыпе небясьпека такога кшталту ёсьць, і ўлада, мне здаецца, яе добра адчувае. Адсюль перасоўваньні і кадравыя рашэньні апошняга часу, калі, скажам, Віктара Золатава, бліжэйшага да Пуціна, былога кіраўніка ФСО, прызначаюць камандуючым унутранымі войскамі. Праблему я бачу галоўным чынам у патэнцыйным сур’ёзным канфлікце паміж верхавінай эліты, якая цалкам сьвядома ідзе на эканамічнае пагаршэньне, захоўваючы палітычную ўладу ў сваіх руках, і сярэднім пластом эліты, якая павінна і ўжо шмат у чым паступілася сваім звыклым ладам жыцьця — магчымасьцю валодаць і набываць ўласнасьць на Захадзе, трымаць там сем’і і гэтак далей, а наўзамен пакуль атрымала толькі павышэньне зарплаты, якое можна лічыць часовай кампэнсацыяй. Гэты новы варыянт пакта паміж верхавінай эліты і яе сярэднім пластом мае выразна часовы характар, і ад таго, ці знойдзе ўлада спосаб задавальненьня апэтытаў сярэдняга пласту эліты, шмат у чым залежыць стабільнасьць сытуацыі.

— У такіх няпростых унутрыпалітычных умовах, паводле Вашых ацэнак, Пуцін можа адважыцца на працяг такой наступальнай, агрэсіўнай палітыкі на Ўкраіне? Або той комплекс праблемаў, пра які Вы кажаце, прымусіць Крэмль спыніцца на той мяжы, на якой Расея стаіць цяпер?

— Мне здаецца, складанасьць становішча Пуціна заключаецца ў тым, што ён вымушаны балянсаваць паміж двума крайнасьцямі. З аднаго боку, гэта балянс паміж расейскім нацыяналізмам і антырасейскім нацыяналізмам. Пуцін выклікаў да жыцьця вельмі сур’ёзныя нацыяналістычныя сілы як ва ўласна рускіх рэгіёнах краіны, так і ў этнічных рэгіёнах. З паслабленьнем цэнтру — пра гэта сам Пуцін кажа ў інтэрвію ТАСС — рызыкі цэнтрабежнага руху шматкроць узрастаюць. Зь іншага боку, відавочна, што ісьці на ўзмацненьне канфрантацыі з Захадам Крэмль цяпер ня хоча, ён гэтага баіцца, і таму цяперашняя сытуацыя можа разглядацца толькі як часовая. Можна перажыць заходнія санкцыі год, можна іх перажыць паўтара, два гады, але далей яны пачынаюць вельмі нэгатыўна адбівацца на асноўных крыніцах даходу краіны. У гэтым сэнсе нешта павінна прынцыпова мяняцца.

Зь іншага боку, мне здаецца, Пуцін — закладнік. Ён ня можа цяпер стаць «голубам міру» на ўсходзе Ўкраіны. Па-першае, адтуль у Расею вернецца вялікая колькасьць людзей, якія навучыліся вырашаць праблемы са зброяй у руках, зусім не гатовых вярнуцца да сваёй ранейшай ролі ахоўнікаў у падземных пераходах. Што рабіць з гэтымі людзьмі — велізарная праблема для ўлады. Зь іншага боку, ёсьць рызыка ўзмацненьня канфрантацыі з Захадам. У будучыні мы ўбачым — калі сытуацыя не сарвецца ў сапраўды маштабнае ваеннае супрацьстаяньне — балянсаваньне паміж двума полюсамі, калі Пуцін робіць крокі і ў той, і ў іншы бок, але кардынальнага вырашэньня праблемаў не надыходзіць", — лічыць палітоляг Мікалай Пятроў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG