Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Белы дом апублікаваў інфармацыю аб прыбытках супрацоўнікаў адміністрацыі


Дональд Трамп, ілюстрацыйнае фота

У справаздачы ўтрымліваецца інфармацыя аб пэрсанальных фінансавых дадзеных — актывах, даўгавых абавязацельствах і даходах — бліжэйшага атачэньня Трампа, але няма зьвестак аб актывах самога прэзыдэнта.

У публікацыі пазначаны пэрсанальныя фінансавыя зьвесткі на момант пачатку працы ў Белым доме ў студзені, яшчэ да таго, як яны пачалі прадаваць актывы, што могуць прадстаўляць канфлікт інтарэсаў на займаных імі пасадах, піша «Голас Амэрыкі».

У справаздачу ўвайшла інфармацыя аб фінансах дачкі прэзыдэнта Іванкі Трамп і яе мужа Джарэда Кушнера, чыя сямʼя займаецца дэвэлапэрскім бізнесам у Нью-Ёрку.

Муж і жонка валодаюць велізарнай бізнэс-імпэрыяй у сфэры нерухомасьці коштам, па інфармацыі выданьня The New York Times, 741 мільён даляраў ЗША.

Іванка Трамп таксама працягвае атрымліваць даход ад гатэлю Trump International Hotel ў Вашынгтоне, які знаходзіцца ў некалькіх кварталах ад Белага дома.

Паводле апублікаваных дакумэнтаў аб пэрсанальных фінансавых зьвестках, са студзеня Кушнер адышоў ад удзелу ў 260 структурах, карпарацыях, бізнэс-групах і некамэрцыйных арганізацыях. Дзеля магчымасьці працаваць у Белым доме яго жонцы давялося адмовіцца ад кіраваньня сваім фэшн-бізнэсам — кампаніяй Ivanka Trump.

Зьлева направа: Эрык, Іванка і Дональд-старшы і Дональд-малодшы Трамп

Зьлева направа: Эрык, Іванка і Дональд-старшы і Дональд-малодшы Трамп

Абнародаваньне пэрсанальных фінансавых дадзеных ёсьць абавязковым паводле закону. У справаздачу, аднак, ня ўключаная інфармацыя аб пагадненьнях паміж Упраўленнем па этыцы пры ўрадзе ЗША і супрацоўнікамі адміністрацыі пра тое, што ім неабходна зрабіць, каб пазьбегнуць патэнцыйных канфліктаў інтарэсаў.

Бізнэсмэн-мільярдэр Гэры Коўн — адзін з галоўных дарадцаў Трампа па пытаньнях эканомікі — адзін з самых багатых супрацоўнікаў Трампа. Да пачатку працы ў Белым доме Коўн займаў высокадаходную пасаду ў інвэстыцыйным банку Goldman Sachs, дзе зарабіў ня менш за 40 мільёнаў даляраў у выглядзе розных кампэнсацый, уключна з акцыямі.

Прэс-сакратар Белага дому Шон Спайсэр заявіў, што супрацоўнікі Белага дому вельмі пасьпяховыя людзі, і ім давялося шмат ад чаго адмовіцца, каб перайсьці на дзяржаўную службу.

Кіраўнік адміністрацыі Трампа Рэйнс Прыбус, які кіраваў Рэспубліканскай партыяй падчас пераможнай прэзыдэнцкай кампаніі, атрымаў за час працы старшынём Нацыянальнага камітэта партыі 500 тысяч даляраў у выглядзе зарплаты і бонусаў. Акрамя гэтага, Прыбус зарабіў як найменей 750 тысяч даляраў на продажы кантрольнага пакету акцыяў і кампэнсацыі, атрыманай пасьля зыходу зь юрыдычнай фірмы Michael Best and Friedrich, у якой ён быў партнэрам.
Капітал галоўнага дарадцы Трампа Стыва Бэнана да пачатку працы ў Белым доме па розных ацэнках складаў ад 3,3 да 12,6 мільёнаў даляраў ЗША.

Інфармацыя аб актывах прэзыдэнта Дональда Трампа не была апублікаваная ў справаздачы. У адрозьненьне ад сваіх папярэднікаў, Трамп упарта адмаўляецца публікаваць якую-небудзь інфармацыю аб сваіх прыбытках.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG