Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Трэба даць сыгнал Лукашэнку, што мы ня прымем такія дзеяньні зь яго боку», — эўрапарлямэнтар Пятрас Аўштравічус


Пятрас Аўштравічус
Пятрас Аўштравічус

Эўрапарлямэнтар ад Літвы Пятрас Аўштравічус адказаў на пытаньні карэспандэнта Свабоды ў сувязі з заявай 74 эўрадэпутатаў, якія заклікалі перагледзець палітыку Эўразьвязу адносна рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

— Вы ініцыявалі такую заяву. Чым гэта было выклікана?

— Мы ўсе сталі сьведкамі бойні супраць сяброў свабоднага грамадзтва ў Беларусі, супраць апазыцыі. Мы сталі сьведкамі рэпрэсій, якія былі ўчыненыя Лукашэнкам мэтанакіравана, зь веданьнем таго, каго і якім чынам трэба ізаляваць. Па-мойму, гэтыя працэсы, якія мы апошнім часам назіраем у Беларусі, выклікаюць многа розных абвастрэньняў, і я думаю, што гэта можа прывесьці да яшчэ больш расшыраных мэтадаў барацьбы супраць апазыцыі, іншадумцаў у Беларусі. Таксама мы бачым, што з боку Эўразьвязу назіраецца тэндэнцыя вытрымаць тую палітыку адносна Беларусі, якая вядзецца ад пачатку 2016 году. Я думаю, што гэта няправільна, трэба даць сыгнал Лукашэнку, што мы ня прымем такія дзеяньні зь яго боку. І на гэта накіравана наша заява, пад якой падпісаліся 74 сябры Эўрапарлямэнту.

— Ці дастаткова 74 подпісаў эўрапарлямэнтароў, каб да іх прыслухаліся і каб працэс пайшоў?

— Ведаеце, 74 — гэта 10% ад Эўрапарлямэнту. Па-мойму, гэта і колькасьць вялікая, і тэкст ліста вельмі выразны. Ён прапаноўвае зьмены, якія, я думаю, проста неабходныя. Як адрэагуюць спадарыня Магерыні, спадары Туск і Юнкер, — пабачым. Наколькі я ведаю, ужо на наступным тыдні плянуюцца сустрэчы паміж офісам Магерыні і беларускімі ўладамі. Я спадзяюся, што гэты ліст ужо паслужыць нагодай для выказваньня выразнай пазыцыі з боку Эўразьвязу. А мы таксама будзем мець у Страсбуры на пленарнай сэсіі дыскусію наконт падзеяў у Беларусі, і не даводзіцца нават думаць, што там будуць нейкія ўмераныя выказваньні. Я думаю, што мы пачуем вельмі крытычныя выказваньні адносна сытуацыі ў Беларусі. І калі спадарыня Магерыні не пачуе наш голас, дык мы будзем рабіць і іншыя захады, каб яна зьмяніла свой падыход адносна Беларусі.

— То бок магчыма, што будзе прынятая нейкая рэзалюцыя Эўрапарлямэнту?

— Так. Мы чакаем ня толькі дыскусіі, але і рэзалюцыі. І я спадзяюся, што яна паслужыць некатораму перагляду палітыкі адносна рэжыму Лукашэнкі.

— Ці магчыма, што паўстане пытаньне пра вяртаньне санкцый?

— Я пакуль ня ведаю, якія могуць быць зроблены дзеяньні, канкрэтныя рашэньні. Але я адразу прапанаваў бы, каб да тых асобаў, якія не павінны ўяжджаць у Эўразьвяз, былі дададзеныя тыя палітыкі і супрацоўнікі, якія прынялі рашэньне па разгону дэманстрацыі, па зьбіцьці людзей, утрыманьні апазыцыянэраў у турмах КДБ і гэтак далей. Па-мойму, мы маем ужо дастаткова кандыдатаў, каб дапоўніць гэты сьпіс.

— Вы спадзеяцеся, што вашы дзеяньні будуць садзейнічаць вызваленьню ўсіх затрыманых падчас сакавіцкіх пратэстаў у Беларусі?

— Я спадзяюся на гэта, бо гэта і гуманітарны аспэкт. Вельмі важна, каб усе затрыманыя былі адпушчаныя. Дарэчы, тое, што адбылося са Статкевічам, калі хлусілі ў твар ягонай жонцы, што ў КДБ яго няма, што ня ведаюць, дзе ён, і так далей. Вось такія мэтады нагадваюць мне 50–60-я гады ў былым СССР.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG