Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутаты Эўрапарлямэнту прапанавалі перанакіраваць грошы з падтрымкі беларускага ўраду на грамадзянскую супольнасьць, СМІ і апазыцыю


72 дэпутаты Эўрапейскага парлямэнту (амаль адна дзясятая ад яго складу) адаслалі ліст пра сытуацыю ў Беларусі прэзыдэнтам Рады Эўразьвязу і Эўрапарлямэнту, прэзыдэнту і віцэ-прэзыдэнту Эўракамісіі, а таксама Эўракамісару ў пытаньнях добрасуседзтва.

Тэкст ліста Свабодзе перадала асыстэнтка эўрадэпутата Пятраса Аўштравічуса.

Дэпутаты зьвяртаюць увагу на падзеі 25 сакавіка і 26 сакавіка, а таксама ранейшыя падзеі, калі ў Беларусі затрымалі, зьбілі або арыштавалі больш за тысячу мірных грамадзян, у тым ліку праваабаронцаў і журналістаў, жанчын і пэнсіянэраў, палітыкаў і лідэраў пратэстаў.

Падпісанты ліста заяўляюць, што арыштаваных мірных пратэстоўцаў трэба неадкладна выпусьціць з-за кратаў і зьняць зь іх абвінавачаньні.

Яны зьвяртаюць увагу на тое, што рэпрэсіўныя дзеяньні беларускіх уладаў прыпалі на першую гадавіну рашэньня Эўразьвязу пра «перазапуск» стасункаў зь Беларусьсю.

«На жаль, гэта яшчэ раз пацьвярджае неабходнасьць глыбейшай увагі да думак і пазыцыі беларускай грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычнай апазыцыі, якія выказвалі відавочны сумнеў у пытаньні шчырасьці намераў прэзыдэнта Лукашэнкі ў пытаньні забесьпячэньня дэмакратызацыі ўнутранай палітыкі і зьмякчэньня рэжыму», — гаворыцца ў лісьце.

Таксама аўтары ліста зьвяртаюць увагу на тое, што пасьля скасаваньня санкцыяў «адбыліся яшчэ адны сфальсыфікаваныя выбары» (у Палату прадстаўнікоў у верасьні 2016 году), быў вынесены шэраг сьмяротных прысудаў.

Таму падпісанты ліста «ўпэўненыя ў неабходнасьці кардынальнай зьмены палітыкі Эўрапейскага Зьвязу ў дачыненьні да рэжыму Лукашэнкі».

Яны пішуць, што Эўразьвяз павінен падвысіць аб’ёмы падтрымкі грамадзянскай супольнасьці, незалежных мэдыяў і дэмакратычных сілаў Беларусі шляхам поўнага прыпыненьня фінансавай падтрымкі беларускага ўраду і іншых дзяржаўных структураў, а таксама павінен «неадкладна ўвесьці адэкватныя абмежавальныя меры ў дачыненьні да тых прадстаўнікоў беларускіх уладаў, якія адказныя за гвалт, рэпрэсіі і фальсыфікацыю выбараў».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG