Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МНС: Лясны пажар у Хойніцкім раёне не паўплываў на радыяцыйны фон


Пажар у Хойніцкім раёне, фота МНС
Пажар у Хойніцкім раёне, фота МНС

На тэрыторыі Палескага радыяцыйна-экалягічнага запаведніка ў Хойніцкім раёне з 13 чэрвеня працягваецца лясны пажар. Паводле апошняй інфармацыі Міністэрства па надзвычайных сытуацыях, плошча пажару скарацілася да 20 гектараў.

Як паведамілі карэспандэнту Свабоды ў Гомельскім абласным цэнтры апэратыўнага кіраваньня, радыяцыйны фон застаецца бязь зьменаў, «у межах шматгадовых назіраньняў».

У МНС адзначылі, што пажар наўрад ці ўдасца пагасіць цягам 15 чэрвеня і гэтай ноччу, бо плошча яго даволі вялікая.

Доктар тэхнічных навук Георгі Лепін, удзельнік ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС лічыць, што пажары на забруджанай радыяцыяй тэрыторыі не такія ўжо бяскрыўдныя:

«Калі на гэтай тэрыторыі ёсьць брудная зямля, трава, дрэвы, то гэта ўсё паляціць у паветра, на навакольныя землі. Раней паспрабавалі спаліць хату ў забруджанай зоне. Але па ўсёй тэрыторыі разьнёсься такі паток радыенуклідаў, што гэта тут жа спынілі. І потым дамы закапвалі ў зямлю. А паліць больш не рашыліся, гэта вельмі небясьпечна. Бо радыенукліды не згараюць, а лятуць у атмасфэру. Падчас пажару з патокамі паветра яны могуць даволі далёка трапіць. Асноўныя радыенукліды распадаюцца цягам 30 гадоў на палову. Гэтыя 30 гадоў будуць у 2016 годзе. Але як што там запас быў вельмі вялікі, то гэта ўсё роўна вельмі небясьпечна і шкодна. У выніку пажар можа яшчэ і разьнесьці радыенукліды па ўсёй тэрыторыі, нават па той, якая была чыстай. Таму гэта трэба вельмі жорстка кантраляваць. А на тое, што цяпер могуць усё чэсна памераць, у мяне няма ніякай надзеі».

Лясны пажар у Хойніцкім раёне ўсчаўся 13 чэрвеня ў цяжкадаступнай мясцовасьці. Калі ратавальнікі прыступілі да працы, агнём было ахоплена амаль 60 гектараў лясных угодзьдзяў.

За мінулы тыдзень у Гомельскай вобласьці зафіксавана 67 пажараў у экасыстэмах, у тым ліку 17 лясных.

Цяпер практычна на ўсёй тэрыторыі Гомельскай вобласьці ўведзена забарона на наведваньне лясоў.

Сёлета ў траўні ўспыхнуў пажар на плошчы каля 320 гектараў у лясной гаспадарцы «Чарнобыльская пушча» ва Ўкраіне. Паведамлялася, што радыяцыйны фон застаўся у норме.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG