Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Пакупнік стаў граматны»: назапашанага ў крамах адзеньня хопіць на 5 месяцаў гандлю


Тым часам як аб’ёмы продажу трыкатажу і вопраткі ўпалі, продаж абутку, шкарпэтак і панчох вырас. Менш сталі завозіць адзеньня з-за мяжы.

У 2015 годзе ў Беларусі аб’ёмы продажаў насельніцтву трыкатажных вырабаў і вопраткі ўпалі — склалі толькі 96,3% і 84,3% ад аб’ёмаў 2014 году, перадае БЕЛТА словы намесьніцы начальніка ўпраўленьня спажывецкага рынку нехарчовых тавараў Мінгандлю Марыны Ліпніцкай. Тым часам крыху падрасьлі аб’ёмы продажаў абутку (105,4% у 2015-м ад 2014 году) і панчошна-шкарпэткавых вырабаў (101%).

Паводле словаў Ліпніцкай, таварныя запасы ў розьнічных сетках такія, што назапашанага адзеньня хопіць на 5 месяцаў гандлю, трыкатажу і абутку — на 4 месяцы, ніжняй бялізны — на 3,5 месяца, панчох і шкарпэтак — на 3 месяцы.

«Пакупнік стаў граматны, пераборлівы, патрабавальны», — патлумачыла Ліпніцкая агучаныя лічбы.

Тым часам у параўнаньні з 2014 годам у 2015-м на 30% упаў імпарт тавараў лёгкай прамысловасьці ў Беларусь — ён склаў 368 млн даляраў. Амаль 80% імпарт займае на рынку абутку, амаль 90% — трыкатажнага адзеньня.

Асноўнымі прычынамі такой сытуацыі Ліпніцкая назвала недастатковую канкурэнтаздольнасць і слабую рэкляму тавараў беларускага легпраму, а таксама нізкую маркетынгавую актыўнасьць вытворцаў.

Прадстаўнікі Мінгандлю не казалі, як на вышэйзгаданую статыстыку паўплываў указ № 222, згодна зь якім ад 1 студзеня 2016 году індывідуальныя прадпрымальнікі мусяць мець сэртыфікаты на свае тавары, у тым ліку на тавары лёгкай прамысловасьці. Тым часам «Беллегпрам» прапанаваў увесьці для ІП ільготныя ўмовы набыцьця сваіх тавараў. Як адзначылі ў канцэрне, толькі за студзень пагадненьняў з прадпрымальнікамі стала на 10% болей.

«Аддаць прадпрыемствы лёгкай прамысловасьці ў прыватныя рукі, каб там быў гаспадар»

Барыс Жаліба

Барыс Жаліба

«Ёсьць норма, што ў сярэднім на складзе прадпрыемства павінна быць ня больш за 50% штомесячнага выпуску прадукцыі. Сёньня ў сярэднім па Беларусі недзе 76%. Але былі і горшыя часы, калі адсотак дасягаў 83%», — згадвае эканаміст Барыс Жаліба.

На думку эканаміста, гэта сьведчыць пра недастатковую якасьць, недастаткова модныя вырабы і адносна высокія цэны беларускай прадукцыі, а на гэта накладаецца нізкі попыт насельніцтва, у якога падаюць заробкі. Відаць, мяркуе Жаліба, Лукашэнка нездарма крытыкаваў індывідуальных прадпрымальнікаў, якія завозяць «левыя» вырабы і прадаюць іх па ніжэйшых цэнах. Чаму ж якасьць беларускіх тавараў нізкая, а цэны высокія?

«Наколькі я памятаю, а чалавек я немалады, заўсёды нашыя савецкія вырабы лёгкай прамысловасьці былі страшна нямодныя, а цэны — ня вельмі прывабныя. Людзі ўсё жыцьцё ганяліся за імпартам. І ў канцы кожнага месяца ці квартала такія чэргі выстройваліся вакол ГУМа альбо ЦУМа — усе стараліся набыць імпарт, які „выкідвалі“ ў канец пэрыяду, каб гандляры атрымалі нейкія прэміі. Такая спадчына і засталася.

Вядомая рэч, найлепей на моду, на попыт насельніцтва рэагуюць прыватныя прадпрыемствы.

Думаю, трэба прадпрыемствы лёгкай прамысловасьці аддаваць у прыватныя рукі, каб там быў гаспадар.

І трэба іх мадэрнізаваць, бо састарэлая тэхналягічная база. Трэба пазбаўляцца савецкай спадчыны».

На думку Жалібы, і кітайскія, і турэцкія тавары лёгкай прамысловасьці лепшыя па якасьці і больш прывабныя па цэнах, беларусы езьдзяць па іх «на закупы». Але чакаць, пакуль беларуская лёгкая прамысловасьць проста абанкруціцца, ня варта — гэта сорамна, кажа ён. Прадпрыемствам і цэлай галіне патрэбная калі не прыватызацыя, то прынамсі іншая сыстэма кіраваньня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG