Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта дрэваапрацоўчыя прадпрыемствы аб’ядноўваюць у холдынг? Тры пытаньні для трох аналітыкаў — Юрыя Дракахруста, Валера Карбалевіча і Віталя Цыганкова.

Карбалевіч: Пастанова ўраду ад 5 сакавіка аб аб’яднаньні дзевяці беларускіх дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў ў холдынг сьведчыць пра тое, што сэрыял ці вытворчая драма пад назвай «Мадэрнізацыя дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў» працягваецца.

Нагадаю, што пачалася гісторыя яшчэ ў 2007 годзе. Тады было прынятае рашэньне аб мадэрнізацыі дзевяці дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў. На яе была зробленая вялікая стаўка. Гэта быў адказ беларускай мадэлі на крызысныя зьявы ў эканоміцы. Маўляў, без усялякіх рынкавых рэформаў мы ўсім пакажам, як трэба працаваць.

Экзыстэнцыйная каштоўнасьць гэтай сытуацыі ў тым, што вытрыманая чысьціня экспэрымэнту. Былі прынятыя якія толькі магчыма надзвычайныя меры. Прызначаныя самыя лепшыя кадры. Грошай атрымалі, колькі хацелі, у суме выйшла больш за 1 млрд. эўра. Нябачаная справа — прэзыдэнт сваім дэкрэтам забараніў звальняцца работнікам дрэваапрацоўчай галіны да завяршэньня мадэрнізацыі, што незалежныя СМІ назвалі ўвядзеньнем ў Беларусі «прыгоннага права».

За рэалізацыю праекту ў дрэваапрацоўчай галіне ўзяўся асабіста Лукашэнка. Ён кіраваў у ручным рэжыме, езьдзіў па прадпрыемствах, цікавіўся дробязямі, здымаў дырэктараў і іншых, больш высокіх начальнікаў, аддаваў пад суд. Тэрмін завяршэньня шмат разоў адкладваўся.

8 лістапада 2012 году А. Лукашэнка вынес прысуд свайму стварэньню: «Увесь праект мадэрнізацыі дрэваапрацоўкі правалены... Мы тут загубілі мільёны даляраў»

8 лістапада 2012 году А. Лукашэнка вынес прысуд свайму стварэньню: «Увесь праект мадэрнізацыі дрэваапрацоўкі правалены... Мы тут загубілі мільёны даляраў». Мінулым годам у Лукашэнкі адбываліся дзьве нарады, дзе абмяркоўвалася пытаньне з закрэдытаванасьцю дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў.

Хачу нагадаць, што дагэтуль існаваў вытворча-гандлёвы канцэрн лясной і цэлюлёзна-папяровай прамысловасьці, які аб’ядноўваў 46 прадпрыемстваў, у тым ліку і дрэваапрацоўчыя заводы. Вось цяпер апошнія аб’ядноўваюцца ў холдынг.

Стварэньне холдынгаў у іншых галінах эканомікі не далі ніякага эфэкту. Падаецца, што гэта такі чарговы бюракратычны «фінт вушамі». Маўляў, трэба ж нешта рабіць, вось і робім, стараемся. Гэта свайго роду імітацыя рэформаў. Простыя арганізацыйныя перабудовы ў межах існай неэфэктыўнай сыстэмы ня могуць даць эфэкту.

Дракахруст: Уся гэтая эпапэя з мадэрнізацыяй дрэваапрацоўкі паказвае абмежаваньні беларускай эканамічнай мадэлі. Мы памятаем, як савецкія эканамісты і прамыславікі ўсяляк ламалі галаву, прыдумлялі розныя арганізацыйныя формы, спосабы стымуляваньня для таго, каб ажывіць савецкую эканоміку. Па вялікім рахунку, гэта вялікіх вынікаў не прыносіла. Гэта давала пэўны эфэкт на стадыі экстэнсіўнага разьвіцьця, калі СССР быў аграрнай краінай і індустрыялізаваўся, але калі размова ішла пра тэхналёгіі для вытворчасьці шырспажыву, тут усё буксавала. Зараз тое самае ва ўскосным выглядзе мы бачым у лёгкай прамысловасьці, індыкатар чаго — канфлікт улады зь ІП. Калі прадпрымальнікам кажуць, прадавайце беларускае — яны адказваюць: а яно якой якасьці?

З дрэваапрацоўкай адбываецца тое самае — прыдумляюцца новыя арганізацыйныя формы. Магчыма, кіраўнік гэтага холдынгу будзе «царом» у дрэваапрацоўцы, будзе адна асоба, якая будзе займацца ўсімі гэтымі прадпрыемствамі. Гэта таксама нейкая мода, газэты таксама зьбіралі ў холдынг.

Неэфэктыўнасьць гэтага дэманструе тое, што Беларусь упершыню патрапіла ў сьпіс Forbes у асобе Віктара Кіслага, мільярдэра, вынаходніка ўсяму сьвету вядомых «танчыкаў». Без усякіх холдынгаў і мадэрнізацыяў з дзяржаўнай ласкі чалавек стварыў прадукт, які мае збыт па ўсей зямной кулі.

Цыганкоў: Правал мадэрнізацыі дрэваапрацоўкі як нішто іншае паказвае няздатнасьць рэфармаваць беларускую эканоміку адміністратыўнымі і фінансавымі мэтадамі. Прамантачылі столькі грошай, а вынікам сталі пасадкі дырэктараў дрэваапрацоўчых камбінатаў. Здаецца, гэтая гісторыя павінна была паказаць уладам, што бязь зьмены ўласнасьці, без таго, што эканамісты маюць на ўвазе пад словамі «структурныя эканамічныя рэформы», сытуацыю немагчыма паправіць.

Усе самыя славутыя і пасьпяховыя беларускія брэнды без выключэньня належаць прыватнаму капіталу — ад IT-тэхналёгіяў да харчовай прамысловасьці. А тое, што дзяржаўнае, ад Гарызонту да МАЗу, таксама без выключэньня сёньня ў структурным заняпадзе

Калі няма сапраўднай непасрэднай эканамічнай адказнасьці, калі няма ва ўласьнікаў матэрыяльнай зацікаўленасьці ў выніках працы, а ня толькі пагрозы, калі ім не належаць сродкі вытворчасьці, то і атрымліваецца, што дзясяткі мільёнаў даляраў, пазычаныя дзяржавай, пайшлі ў нікуды.

Усе самыя славутыя і пасьпяховыя беларускія брэнды без выключэньня належаць прыватнаму капіталу — ад IT-тэхналёгіяў да харчовай прамысловасьці. А тое, што дзяржаўнае, ад Гарызонту да МАЗу, таксама без выключэньня сёньня ў структурным заняпадзе.

Такое ўражаньне, што гэта бачаць усе, акрамя Аляксандра Лукашэнкі, кіраўніцтва дзяржавы. Ня раз мы казалі, чаму кіраўнік дзяржавы не ідзе на неабходныя рэформы — ідэалёгія зьяўляецца вышэйшай за эканоміку. Ідэалёгія сацыяльнай стабільнасьці, а таксама боязь за магчымыя наступствы эканамічных рэформаў. Але, як нядаўна казаў у маёй перадачы Арсень Сівіцкі, адсутнасьць рэформаў прыводзіць да яшчэ большых пагрозаў і рызыкаў. Пры сёньняшняй зьнешнеэканамічнай кан’юнктуры, калі Расея ўжо не купляе беларускія прадукты ў ранейшых маштабах, гэта сапраўды так.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG