Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жанчыны-222: няма на каго разьлічваць, апроч сябе


Прадпрымальніца на рынку ў Менску

Прадпрымальніца на рынку ў Менску

У Міжнародны жаночы дзень Свабода апавядае пра беларускіх жанчын, якія маюць дробны бізнэс, статус ІП, кормяць сем’і і змагаюцца з наступствамі ўказу нумар 222.

Летась «Жаночы незалежны дэмакратычны рух» правёў сацыялягічнае дасьледаваньне сытуацыі ў беларускім жаночым бізнэсе, выявіўшы, што ў малым бізнэсе жанчын абсалютная большасьць — каля 80%.

Нават праз 20 зь лішкам гадоў ад моманту зьяўленьня жаночага бізнэсу ў Беларусі не існуе поўных статыстычных дадзеных, якія даюць аб’ектыўную карціну яго стану і дынамікі разьвіцьця. Таму дасьледчыкі ў сваёй працы абапіраліся на меркаваньні экспэртаў, якія даўно працуюць у гэтай галіне, а таксама на досьвед саміх прадпрымальніц.

Сацыяльны партрэт жаночага прадпрымальніцтва

Згодна з папярэднімі ацэнкамі, жаночая прысутнасьць у дзелавым сэктары складае каля 30% ад агульнай колькасьці бізнэс-арганізацыяў. Пры гэтым у розных сэктарах эканомікі яе доля розная:

  • у буйным бізнэсе колькасьць жанчын не перавышае 10–15%;
  • у сярэднім бізнэсе доля мужчын і жанчын прыкладна 50 на 50%;
  • у малым бізнэсе жанчын абсалютная большасьць — каля 80%.

Як вынікае з дасьледаваньня, жаночы бізнэс у Беларусі неаднастайны ня толькі з пункту гледжаньня маштабу (буйны сярэдні-дробны). У гэтай зьявы розныя і прычыны, і прыкметы.

Сёньняшняе прадпрымальніцтва ўключае некалькі пакаленьняў жанчын. Сацыёлягі ўмоўна падзяляюць іх на «старэйшае» і «малодшае». Першыя прыйшлі ў бізнэс у 1990-я і да гэтага, як правіла, мелі прафэсію, працавалі на дзяржпрадпрыемствах або ў арганізацыях. Але заводы пазачыняліся, людзі апынуліся на вуліцы. Заняцца прадпрымальніцтвам штурхала найперш імкненьне хоць неяк утрымацца на плыву, знайсьці спосаб зарабляць грошы, каб забясьпечваць сябе і дзяцей.

Іншы шлях — прыход у бізнэс з чыноўніцкай пасады (з гаркаму, абкаму партыі ці камсамолу, якія таксама ліквідоўваліся ў гады перабудовы). Асноўная матывацыя — адаптавацца да новых умоваў жыцьця, ня страціўшы таго, чаго ўжо ўдалося дасягнуць.

Для «малодшага» пакаленьня прадпрымальніц бізнэс стаў натуральнай і нармальнай сфэрай дзейнасьці, пра якую яны думалі і да якой рыхтавалі сябе яшчэ са школы.

Некаторыя расьлі ў сем’ях, дзе бізнэсам займаліся бацькі. Такім чынам яны не па чутках ведалі, што такое прадпрымальніцтва, змалку адчувалі сябе прадаўжальніцамі сямейнай справы. Іншыя ня мелі сямейнай «падрыхтоўкі», але прыйшлі ў бізнэс адразу па атрыманьні адукацыі.

Як высноўваюць дасьледчыкі, галоўнае, што задавальняе жанчын і «старэйшага», і «малодшага» пакаленьняў у прадпрымальніцтве, — гэта свабода дзеяньня і магчымасьць максымальнай самарэалізацыі. Сярод названых ім пунктаў — магчымасьць плянаваць працоўны дзень, тыдзень, вызначаць час адпачынку; матэрыяльная незалежнасьць, свабода ад кантролю з боку вышэйшага начальства; свабода ў вызначэньні мэтаў і прыняцьці рашэньняў; магчымасьць трымацца ўласнага разуменьня каштоўнасьцяў, нормаў і ідэалаў.

Самавыжываньне пры адсутнасьці надзейных тылоў

У той жа час занятак прадпрымальніцтвам ставіць перад жанчынамі шэраг пытаньняў. У фокус-групах рэспандэнткі назвалі больш за сем дзясяткаў праблемаў, зь якімі яны сутыкаюцца амаль штодзённа:

А) Агульныя праблемы беларускага бізнэсу, незалежна ад полу.

  • Недастатковая ўвага дзяржавы да разьвіцьця бізнэсу і пры гэтым жорсткі кантроль зь яе боку.
  • Слабая кампэтэнтнасьць спэцыялістаў, якія працуюць у дзяржаўных органах і паводле абавязку кантралююць бізнэс.
  • Недасканалая заканадаўчая база: законы і ўказы часта прымаюцца без уліку інтарэсаў прадпрымальнікаў, не спрыяюць, а перашкаджаюць разьвіцьцю бізнэсу (самы яскравы прыклад — прэзыдэнцкі ўказ № 222).
  • Недахоп фінансаваньня, складанасьці з атрыманьнем і пагашэньнем крэдытаў.

Б) Спэцыфічныя праблемы жаночага прадпрымальніцтва

  • Пагардлівыя адносіны да жанчын-прадпрымальніц з боку грамадзтва, дзяржавы, а ў шэрагу выпадкаў — і ўласнай сям’і.
  • Унутраныя сумневы, страхі, комплексы саміх жанчын, незадаволенасьць сабой і пачуцьцё віны перад сям’ёй.
  • Сумяшчэньне бізнэсу і сям’і як адна складаная і шматгранная праблема.

Бізнэс ня дзеля славы, а дзеля дабрабыту сям’і

У абсалютнай бальшыні выпадкаў занятак прадпрымальніцтвам становіцца «палачкай-ратавалачкай», асабліва калі гаворка пра малыя гарады і сельскую мясцовасьць.

Працоўных месцаў не хапае, мужчыны масава зьяжджаюць на заробкі, і жанчыны вымушаныя арганізоўваць свой бізнэс, каб стаць апорай сям’і, дзецям.

Пра звышпрыбыткі гаворкі няма, бо ў малых гарадах разьвіцьцё стрымліваецца нізкай пакупніцкай здольнасьцю насельніцтва, вымушанай абмежаванасьцю попыту.

З сацыялягічнага дасьледаваньня, праведзенага ў рамках праекту ПРААН «Садзейнічаньне пашырэньню грамадзкага ўплыву жанчын у Рэспубліцы Беларусь», вынікае наступнае. Калі для большасьці мужчын асноўная прыкмета посьпеху ў бізнэсе — матэрыяльны дабрабыт і яго спадарожнікі: грошы, уласнасьць, свабода, улада, слава, — то жанчыны большае значэньне надаюць сям’і, пачуцьцям, а таксама павазе і прызнаньню з боку іншых людзей.

Гэтыя высновы пацьвярджаюцца і дыскусіямі ў фокус-групах. Усім, каго апытвалі ў рамках дасьледаваньня «Жаночага незалежнага дэмакратычнага руху», задавалася адно пытаньне: «Што вы лічыце сваім жыцьцёвым посьпехам?». Адказы вельмі паказальныя. Практычна ніводная з рэспандэнтак не сказала, што яе мэта — высокія прыбыткі ці публічны статус. І хоць і даходы, і статус маюць немалаважнае значэньне, яны не ўспрымаюцца як самамэта, а адыгрываюць, хутчэй, інструмэнтальную ролю — гэта сродак, каб дасягаць мэтаў іншага парадку: гармоніі, згоды з сабой і сваімі блізкімі.

Як выжываюць жанчыны-прадпрымальніцы ва ўмовах дзеяньня прэзыдэнцкага ўказу № 222, які ня толькі робіць гандаль немэтазгодным, але і надае яму крымінальнае адценьне, — далей у партрэтах-замалёўках рэгіянальных карэспандэнтаў Свабоды.

Жанчыны-222

Горадня. Рынак даў незалежнасьць, а гэта самае дарагое

Баранавічы. Маці не жадае прадпрымальніцкага лёсу сваёй дачцэ

Бабруйск. Прадпрымальніца ідзе ў дэпутаты за мірныя перамены

Гомель. «Уладам я ня веру», — прадпрымальніца Натальля

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG