Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як дабіваюць прафэсіяналаў. Пад Менскам пахавалі заснавальніка апальнага «Аўтарадыё» Юрыя Базана


Разьвітаньне зь Юрыем Базанам адбылося ў Міханавічах. Яму было 53 гады, а памёр ён, паводле папярэдніх зьвестак, ад інсульту. На тутэйшых могілках пахаваныя ягоныя бацькі.

На сьціплую жалобную цырымонію прыйшлі нешматлікія сваякі, сябры, а таксама людзі, якія ў свой час былі голасам і тварам радыёстанцыі — Алег Хаменка, Зьміцер Вайцюшкевіч, Маша Яр, гукарэжысэры і тэхнікі.

Ілюзія Базанаўскіх пасек

Апошнія 5 гадоў Юры Базан вымушана заставаўся па-за справамі. У адзін момант ён страціў усё — бізнэс, калектыў, любімую справу. Моцна перажываў, прымаў блізка да сэрца, шмат курыў.

Да апошняга дня адасоблена жыў на хутары Мацькаўскія Пасекі блізу Ільлі, кантакты са зьнешнім сьветам зьвёў да мінімуму. У прыватных размовах казаў, што перайшоў на «натуральную гаспадарку»: грыбы — зь лесу, агуркі — з агароду. З жывых душ — два сабакі і чатыры каты. Жартаваў, што нарэшце згадаў пра асноўную адукацыю дыплямаванага біёляга (выпускнік біяфаку БДУ). І, як сказала сёньня ягоная пляменьніца Тацяна, меў мару — стаць гаспадаром крэатыўных Базанаўскіх пасек.

У студыі «Аўтарадыё» пасьля закрыцьця станцыі
У студыі «Аўтарадыё» пасьля закрыцьця станцыі

«Для мяне працы ў Менску няма. Ісьці мне, чалавеку, які два дзясяткі гадоў рабіў „Аўтарадыё“, у нейкія прыслужнікі — гэта значыць працаваць на сыстэму, якая, уласна кажучы, усё і растаптала, — казаў ён падчас нашай апошняй гутаркі. — Гэта для мяне ня выбар. Па-другое, 20 гадоў пры такой справе — гэта суцэльныя нэрвы. А мне ўжо за „палціньнік“: то галава баліць, то яшчэ нешта, трэба крыху супакоіцца».

Супакоіцца не ўдалося — несправядлівасьць забівала.

Юры Базан аказаўся адзіным у беларускай мэдыйнай прасторы, на каго «павесілі» калектыўную адказнасьць за «няправільнае» асьвятленьне кампаніі выбараў прэзыдэнта ў сьнежні 2010 году.

12 студзеня 2011 году Рэспубліканская камісія па тэлебачаньні і радыёвяшчаньні, кіраваньне якой сумяшчаў з пасадай міністра інфармацыі Алег Праляскоўскі, загадала калектыву «Аўтарадыё» згарнуць вяшчаньне. Фармальнай прычынай для закрыцьця хвалі 105,1 стаў «распаўсюд матэрыялаў, якія ўтрымліваюць публічныя заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці». Менавіта так былі ацэненыя выступы кандыдатаў у прэзыдэнты Ўладзімера Някляева і Андрэя Саньнікава. У прыватнасьці, лідэр «Эўрапейскай Беларусі» заклікаў выбарцаў вырашаць лёс краіны не на кухні, а на плошчы. «Настаў час памяняць лысую гуму», — сказаў палітык.

Як толькі скончыліся навагодне-калядныя сьвяты, у дзьверы «Аўтарадыё» пагрукаліся нязваныя госьці зь Беларускай дзяржаўнай інспэкцыі электрасувязі. З парога загадалі выключыць перадатчык. Што адметна, не з судовым рашэньнем, а на падставе аднаасобнага меркаваньня чыноўніка Праляскоўскага. Ніякія аргумэнты на рэвізораў ня ўзьдзейнічалі, знаёмыя пазыўныя ў FM-эфіры змоўклі. Памяшканьне ў будынку заводзкай адміністрацыі на вуліцы Прытыцкага ў Менску празь нейкі час апячаталі. Адзіная прыватная радыёстанцыя ў Беларусі, якая вяшчала не зь дзяржаўнага, а з уласнага перадатчыка, была пасьпяхова нэўтралізаваная.

Юры Базан пра візыт інспэктараў электрасувязі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:18 0:00
Наўпроставы лінк


У Алега Хаменкі, музыкі і вядучага праграмы «Брама існасьці», у эфіры «Аўтарадыё» выйшла больш за сто аўтарскіх перадач. Ён мяркуе, што сапраўднай падставай для ліквідацыі станцыі была занадта незалежная пазыцыя:

«Галоўнае ў тым, што гэта была самая незалежная радыёстанцыя ў краіне. Проста нагадаю, чаму асабіста я ганаруся „Аўтарадыё“. Калі адбывалася так званая прафіляктыка, не працавала ніводная FM-станцыя, акрамя нашай. І гэта ведалі ня толькі мы, зразумела, гэта ведалі і іншыя. Не выключаю, што „Аўтарадыё“ было зачынена нават не па тых фармальных прычынах, якія былі агучаныя. Насамрэч яно было абсалютна незалежнае і па камутацыі, і па абсталяваньні, і па шэрагу іншых парамэтраў. То бок магло існаваць, калі ўсе астатнія раптам замоўкнуць — усе без выключэньня канкурэнты так ці інакш залежаць ад дзяржавы. Гэта быў адзіны рэальны незалежны сродак інфармацыі ў FM-эфіры. Як на мой погляд, менавіта гэта паўплывала на лёс станцыі, а не якія іншыя рэчы».

Некаторыя калегі дапускаюць, што ліквідацыя «Аўтарадыё» стала асабістай помстай Алега Праляскоўскага свайму апанэнту. Падчас нарадаў у Міністэрстве інфармацыі Юры Базан жорстка і нават на мяжы фолу супрацьстаяў кіраўніку ведамства, калі эфір фактычна абклалі цэнзурай — у выпусках навінаў можна было спасылацца толькі на афіцыйныя агенцтвы, забаранялася казаць пра палітычныя акцыі дый увогуле ўслых згадваць апазыцыю. А ролік дэмакратычных кандыдатаў перад прэзыдэнцкімі выбарамі 2010 году стаў апошняй кропляй — нязгоднаму трэба было паказаць ягонае месца.

Пляцоўка для нефарматных

Бяз працы застаўся ня толькі нязручны рэдактар занадта незалежнага рэсурсу, але і высокакваліфікаваны калектыў аднадумцаў. Да таго часу гэта была рэдкая пляцоўка, дзе гучалі нефарматныя музыкі з «чорнага сьпісу» — Юры Базан першым з калегаў прыйшоў да разуменьня, што ў беларускім эфіры павінны гучаць беларускія аўтары і выканаўцы. Яшчэ да міністэрскіх інструкцыяў спачатку пра 50%, а потым і 75% беларускай прысутнасьці ў эфіры па драбочку сабраная музычная калекцыя «Аўтарадыё» была здольная выканаць прадпісаньне на 100%. Тут не баяліся абкатваць маладых і невядомых.

Маша Яр была аўтаркай і вядучай рэйтынгавай перадачы «Каля року» — першай рэгулярнай праграмы ў эфіры «Аўтарадыё». Яе гасьцямі перабывалі, бадай, усе знакавыя пэрсоны беларускай сцэны. Навіна пра закрыцьцё стала сапраўдным шокам:

«Магу сказаць, што Юры Мікалаевіч насамрэч быў чалавекам-экспэрымэнтатарам. Галоўная яго рыса ў тым, што ён даваў усім сваім супрацоўнікам свабоду дзеяньняў. Напрыклад, у мяне такая думка — а ці не паспрабаваць зрабіць перадачу такога кшталту — узьнікла досыць спантанна. І калі я прыйшла з прапановай, ён сказаў: рабіце, толькі „за“. У выніку мы яе зрабілі без аніякіх наказаў зь ягонага боку: маўляў, усё павінна быць так, так і так. Падрыхтавалі, зацьвердзілі і пачалі выпускаць. І гэта была першая сталая перадача на хвалях 105,1. Вельмі прыемныя ўспаміны пра працу. Юры Базан заўсёды жыў толькі сваім дзецішчам, гэта быў ягоны галоўны сэнс. На жаль, сёньня ўжо канчаткова завяршылася эпоха „Аўтарадыё“ дый увогуле экспэрымэнтальнага вяшчаньня».

Імітацыя дзейнасьці ў зачыненай рэдакцыі
Імітацыя дзейнасьці ў зачыненай рэдакцыі

Увесь 2011 год доўжыліся спробы апратэставаць забойчае рашэньне Рэспубліканскай камісіі па тэлебачаньні і радыёвяшчаньні. Першае ж паседжаньне дало падставы да аптымізму. 9 сакавіка 2011-га судзьдзя Вышэйшага гаспадарчага суду Валеры Шобік прызнаў несапраўдным папярэджаньне аб спыненьні вяшчаньня радыёстанцыі. То бок паставіў пад сумнеў загад Праляскоўскага, фактычна дазволіўшы калектыву аднавіць працу.

Аднак літаральна на другі дзень пасьля гэтага Праляскоўскі заявіў, што яму прысуд не падабаецца, і ўжо 17 сакавіка касацыйная калегія таго ж суду кардынальна зьмяніла пазыцыю, адмяніўшы ранейшы вырак. Справа пайшла на паўторны разгляд, быў прызначаны новы судзьдзя з «правільнай дзяржаўнай пазыцыяй».

Наступныя паседжаньні нічога суцяшальнага не прынесьлі — 10 траўня скарга аб прызнаньні рашэньня спыніць вяшчаньне несапраўдным была канчаткова адхіленая. Пазьнейшыя спробы легалізавацца празь ведамствы, якія, па сутнасьці, і былі ініцыятарамі ліквідацыі, ня мелі ніякіх шанцаў на посьпех.

«У Міністэрства інфармацыі зьвяртацца было бессэнсоўна, — казаў Юры Базан у інтэрвію Свабодзе. — Ну да каго там грукацца? Да Праляскоўскага, якога ўрэшце самога выкінулі? Ці да цяперашняй гаспадыні? Яны ўсе ў адной абойме, павязаныя аднымі ланцугамі. Міністэрства сувязі таксама нічога не вырашае, ня мае ні кроплі самастойнасьці. Усе — звычайныя марыянэткі. Калі нас зачынялі, прыехалі два супрацоўнікі інспэкцыі электрасувязі: позірк у падлогу, маўляў, прабач, мы тут ні пры чым. Адбываецца злачынства, а ніхто не вінаваты... Няма грамадзтва, чалавека з уласнай пазыцыяй. Можа, і набярэцца тысяч дзесяць, якія нечага вартыя, але ж гэта долі працэнта...»

Ліквідацыю радыёстанцыі Юры Базан называў палітычнай замовай: праграмы кандыдатаў у прэзыдэнты, уключна з Саньнікавым і Някляевым, разьмяшчалі ня толькі незалежныя, але і дзяржаўныя СМІ. І пры роўным падыходзе караць трэба было ня толькі «Аўтарадыё», а і шэраг афіцыйных выданьняў, якія надрукавалі «экстрэмісцкія заклікі». Аднак дзяржаўныя мэдыі і грошы з кандыдатаў узялі, і настрой Праляскоўскаму не сапсавалі.

Ахвяры прэзыдэнцкай кампаніі

«Наш калектыў рэальна аказаўся адзіным, хто пацярпеў у палітычнай кампаніі 2010 году, — згадваў сёлета Юры Базан. — Больш жа нікога не зачынілі? Тое, што некаторыя незалежныя СМІ палохалі, дык гэтым усё і скончылася, урэшце пакінулі ў спакоі. А нас зьнішчылі, прычым брудна, на закон увогуле наплявалі. Бо згодна з законам спачатку трэба было падаць у суд матываваны пазоў на закрыцьцё. Але ніякага пазову не было, проста прыйшлі і загадалі «вырубіць тумблер».

Некалькі гадоў таму ўдалося пабываць у «замарожаным» офісе «Аўтарадыё» — яшчэ да таго, як доступ туды быў забаронены, а дзьверы апячатаныя. У першай палове 2013-га таблічка на жалезных дзьвярах сьведчыла, што фармальна рэдакцыя існуе і гатовая вярнуцца да выкананьня прафэсійных абавязкаў. Чакалі свайго часу студыйнае абсталяваньне і рэжысэрскія пульты. Не хапала толькі каманды пстрыкнуць тумблерам. Юры Базан, каб прадэманстраваць баяздольнасьць, падключыў кампутар і запусьціў у студыйную цішыню ўжо падзабытыя пазыўныя. Потым яшчэ крыху пагаварылі і сышлі — як выявілася, назаўжды. Неўзабаве ключы ў галоўнага рэдактара забралі, таблічку дэмантавалі.

Дзьверы зачыняюцца, цяпер ужо назаўжды
Дзьверы зачыняюцца, цяпер ужо назаўжды

«Тым ня меней ужо тры гады спрабуюць прымусіць за нешта плаціць — аказваецца, я гэтай дзяржаве яшчэ нешта вінен, — абураўся сёлета Юры Базан. — Усё дапытваюцца, дзе наш новы юрыдычны адрас. Зь іхнай жа ласкі ўсё зачынена, зьнішчана, а да гэтага часу не супакояцца. Праўда, апошні раз не стрымаўся і так паслаў... Нейкая дама тэлефанавала, спыніў: вы, кажу, на якой вуліцы цяпер? Аказалася, дзесьці ў цэнтры. Дык вось на Прытыцкага домік стаіць квадратны, падыміцеся на апошні паверх і запытайце, на якім сьвеце „Аўтарадыё“. Што да мяне дакалупаліся? 20 гадоў працаваў, дык узялі і выкінулі з прафэсіі».

Паводле прыкідак Юрыя Базана, на момант ліквідацыі рынкавы кошт «Аўтарадыё» зь перадатчыкамі і складам аўдыторыі, на якую арыентуюцца рэклямадаўцы, вагаўся ў межах паўмільёна даляраў:

«Дык не, узялі растапталі, зьнішчылі, закапалі, разагналі. Добра хоць не забілі...» — казаў падчас апошняй размовы Юры Базан, цудоўна разумеючы, што забіваюць ня толькі стрэлам у галаву.

«Аўтарадыё» — першая альтэрнатыўная радыёстанцыя на тэрыторыі Беларусі, якая пачала вяшчаньне пасьля распаду СССР. Ад 1992 году і да пачатку 1995-га працавала толькі на частаце 67,7 на ультракароткіх хвалях. У 2001-м была афіцыйна запушчаная хваля 105,1 FM. Станцыя вядомая найперш сваім арыгінальным блёкавым фарматам вяшчаньня па 20 хвілін тэматычнай музыкі без удзелу дыджэяў. Цяпер на частаце «Аўтарадыё» працуе дзяржаўная станцыя «Сталіца».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG