Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Аўтарадыё»: два гады без пазыўных


17 сакавіка 2011 году касацыйная калегія Вышэйшага гаспадарчага суду адмяніла сваё ж ранейшае рашэньне адносна аднаўленьня трансляцыі ў FM-эфіры «Аўтарадыё».

Гэты дзень калектыў рэдакцыі лічыць пачаткам канца існаваньня папулярнай радыёстанцыі — за два наступныя гады ўлады не зрабілі ні кроку насустрач. Дырэктар «Аўтарадыё» Юры Базан не сумняецца, што ягонае дзецішча зьліквідавалі з палітычных прычынаў.

Вось ужо больш за два гады ў FM-эфіры не чуваць пазыўных «Аўтарадыё», а некалі шматлюдны офіс у адміністрацыйным будынку на вуліцы Прытыцкага ў Менску пустуе. Зрэшты, таблічка на жалезных дзьвярах яшчэ сьведчыць, што фармальна рэдакцыя існуе і ў любы момант гатовая вярнуцца да выкананьня прафэсійных абавязкаў. Цікаўлюся ў дырэктара «Аўтарадыё» Юрыя Базана: ці сьняцца яму пазыўныя, якія цяпер засталіся толькі ў памяці кампутара?

«Я нават калі рабіў радыё, яно мне ня сьнілася. Таму што я на ім жыў. У мяне на радыё пайшло 20 гадоў жыцьця — столькі ж, колькі існуе гэтая краіна. Да таго ж, рэальна не мяне аднаго тут пакінулі без работы, бяз працы, якую ўмееш рабіць. Але ня сніцца. І ня сьнілася. Можа, таму, што я пастаянна знаходжуся на працы — у думках, у душы. Бо ўсё, што адбылося з „Аўтарадыё“, гэта не нармальна, не натуральна, гэта не па-дзяржаўнаму. Фактычна гэта зьнішчэньне любой альтэрнатывы. Але гэта шлях абсалютна тупіковы. У рэшце рэшт гэты шлях калі-небудзь скончыцца. Іншае пытаньне — на якіх руінах мы самі застанемся ў гэтым тупіку, хто потым усё гэта будзе разьбіраць і аднаўляць зноў? Хоць трэба спадзявацца, што нейкія сілы ўсё ж застануцца».

12 студзеня 2011 году Рэспубліканская камісія па тэлебачаньні і радыёвяшчаньні пад кіраўніцтвам міністра інфармацыі Алега Праляскоўскага паставіла калектыў «Аўтарадыё» перад фактам згортваньня вяшчаньня. Як згадвае Юрый Базан, у сярэдзіне таго студзеньскага дня да іх прыйшлі два прадстаўнікі Беларускай дзяржаўная інспэкцыі электрасувязі і, згодна з атрыманым прадпісаньнем, загадалі «вырубіць тумблеры». Што паказальна, не на падставе судовага рашэньня, як гэта робіцца ў цывілізаваных краінах, а на падставе асабістага меркаваньня чыноўніка.

Фармальнай прычынай для закрыцьця радыёстанцыі стаў «распаўсюд матэрыялаў, якія ўтрымліваюць публічныя заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці». Да «экстрэмісцкіх матэрыялаў», якія прагучалі ў эфіры напярэдадні выбараў 2010 году, былі аднесены перадвыбарчыя ролікі кандыдатаў у прэзыдэнты Ўладзімера Някляева і Андрэя Саньнікава.

Найперш, словы лідэра кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Андрэя Саньнікава, агучаныя ім жа самім: «Лёс краіны вырашаецца не на кухні, а на плошчы».

Спробы апратэставаць рашэньне напачатку складваліся для калектыву «Аўтарадыё» досыць аптымістычна. 9 сакавіка 2011 году Вышэйшы гаспадарчы суд прызнаў несапраўдным папярэджаньне дзяржаўных ведамстваў аб спыненьні вяшчаньня радыёстанцыі. Аднак ужо 17 сакавіка касацыйная калегія таго ж суду кардынальна зьмяніла пазыцыю і адмяніла ранейшае рашэньне, накіраваўшы справу на паўторны разгляд. Наступныя паседжаньні нічога добрага не прынесьлі — 10 траўня таго ж году скарга аб прызнаньні рашэньня спыніць вяшчаньне несапраўдным была канчаткова адхіленая:

«Судовы працэс вёўся па двух справах. Першая — гэта папярэджаньне „Аўтарадыё“, другая — парушэньне творчай канцэпцыі. Па выніках працэсу абодва рашэньні Міністэрства інфармацыі прызнаныя несапраўднымі. То бок, па вялікаму рахунку, можна было адразу ісьці і ўключаць перадатчык. Але паколькі нам прадпісаньне выносіла БелДІЭ, яно мусіла яго і адмяніць. Пайшлі ў інспэкцыю: з рашэньнем суду, зьверху напісана „імем Рэспублікі Беларусь“, прадстаўляем дакумэнты — давайце назад дазвол. На што нам заяўляюць: суд — гэта добра, але ёсьць яшчэ Мінінфармацыі. Бо літаральна на другі ці трэці дзень пасьля суду Праляскоўскі заявіў, што яму не падабаецца рашэньне суду. Напэўна, нідзе ў сьвеце няма такіх дзяржаў, дзе міністар вось так можа сказаць — а мне не падабаецца судовае рашэньне. Гэта тое самае, што скраў нешта чыноўнік, яго асудзілі, а ён кажа — мне не падабаецца такі вырак. І ўсё, назаўтра яго выпусьцілі. Як у дрэнным анэкдоце: „Падсудны, вы прызнаяце сябе вінаватым? Нэт. Ну, на „нэт“ і суда нэт“».

Фактычную ліквідацыю «Аўтарадыё» Юры Базан лічыць непрыхаванай палітычнай замовай. Ён нагадвае, што праграмы кандыдатаў у прэзыдэнты, уключна з Саньнікавым і Някляевым, разьмяшчалі ня толькі незалежныя, але й дзяржаўныя мэдыі. І пры роўным падыходзе да СМІ караць трэба было ня толькі «Аўтарадыё», а і цэлы шэраг афіцыйных выданьняў, якія надрукавалі «экстрэмісцкія заклікі». Аднак тыя газэты і грошы з кандыдатаў узялі, і выйшлі сухімі з вады:

«Дык што рабіць з тымі мэдыямі, якія дагэтуль існуюць у інтэрнэце; сярод іх, дарэчы, і шэсьць рэспубліканскіх газэт зь перадвыбарнымі плятформамі. Ніхто да іх ня мае ніякіх прэтэнзій, чамусьці прэтэнзіі толькі да „Аўтарадыё“. Зразумелая рэч — справа толькі ў тым, што яго трэба было зачыніць. Бо ў Беларусі на FM-хвалях „Аўтарадыё“ заставалася хіба што адзінай альтэрнатывай. Нават калі проста ўзгадаць на слых, што было ў эфіры, што за людзі зьяўляліся, што за музыка гучала, што за інфармацыя падавалася. Хоць у нас не было ніякай палітыкі, тым ня меней, мы заўсёды прадстаўлялі шырокія погляды — на культуру, на падзеі. Такой прэса ў прынцыпе і павінна быць. Але гэтая альтэрнатыва зьнішчаная. Рэальна сёньня ў краіне ні на тэлебачаньні, ні ў радыёвяшчаньні ўласнай альтэрнатывы няма. Ёсьць толькі нешта замежнае, што людзі слухаюць ці глядзяць, каналаў хапае. Але гэта чужы погляд, гэта погляд не беларусаў, не грамадзянаў Беларусі».

Цягам наступнага паўтара году пасьля ліквідацыі «Аўтарадыё» спраўна плаціла за выкарыстаньне эфірных частотаў, на якіх даўно не выходзіла. Агулам у дзяржаўную скарбонку, як падлічвае Юры Базан, было кінута больш за 5 тысяч даляраў:

«Распараджэньне Дзяржінспэкцыі электрасувязі аб спыненьні выпуску аўтаматычна не азначала, што гэтыя частоты ўжо нібыта ня нашы, паколькі яны нам былі афіцыйна выдзеленыя. Да таго ж, у нас заставалася ліцэнзія. У любым выпадку мы павінны былі плаціць за частату, таму што там вельмі просты пункт палажэньня што да частотнага рэсурсу: не заплаціў адзін квартал — адразу ж адбіраюцца частоты. То бок, мы на працягу паўтара году плацілі за частоты. Але не маглі імі карыстацца. Так што пасьля закрыцьця дзяржава яшчэ і атрымала прыстойную суму. Па тых грошах набегла, мабыць, мільёнаў на 15, дзесьці пад 5 тысяч даляраў».

Шчыра зьдзіўляе суразмоўцу і мэханізм перадачы былых частотаў «Аўтарадыё» дзяржаўнаму радыё «Сталіца»:

«Міністэрства інфармацыі ўвесь час падкрэсьлівала: гэтыя частоты — нібыта конкурсныя. Хоць, зноў жа, „Аўтарадыё“ ніколі нічога па конкурсе не атрымлівала, гэта было выдзяленьне пад працу частотнага рэсурсу. Потым раптам аказалася, што частата выдзелена радыёстанцыі „Сталіца“. Але калі ў ведамстве сьцьвярджаюць, што частата конкурсная, то, як мінімум, мусіў праводзіцца конкурс. Я мэтанакіравана шукаў зьвесткі на сайце Мінінфармацыі, але марна. Хоць па тым жа палажэньні, па якім нас зачынялі, апісаная працэдура, як павінен праводзіцца гэты конкурс: трэба, каб была абвестка ў друку (як мінімум, на сайце Мінінфарму) аб прызначэньні конкурсу, яго ўмовах, які рэсурс прадстаўляецца. Але нідзе ніякай інфармацыі. Конкурс праходзіў уціхую, пад ужо абазначаны суб’ект. Так што чыста заказная справа. Але ня думаю, што „Аўтарадыё“ зачынялі дзеля таго, каб на гэтай частаце выпусьціць радыё „Сталіца“. Прычыны іншыя. Проста ўзьніклую дзірку трэба было хутчэй хоць чымсьці заляпіць. Вось і заляпілі».

«Аўтарадыё» — першая альтэрнатыўная радыёстанцыя на тэрыторыі Беларусі, якая пачала вяшчаньне пасьля распаду СССР. Вядомая найперш сваім арыгінальным блёкавым фарматам вяшчаньня па 20 хвілінаў тэматычнай музыкі без удзелу дыджэяў.

Ад 2005 году, калі Міністэрствам інфармацыі была уведзеная абавязковая квотаў 75% беларускай музыкі ў эфіры, рэдакцыя зрабіла стаўку на беларускамоўных музыкаў. Зьявіліся адмысловыя праграмы, якія вялі беларускамоўныя Маша Яр, Алег Хаменка ды іншыя.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG