Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

13 лютага — Усясьветны дзень радыё. Рашэньнем ЮНЭСКО гэты дзень зацьверджаны з нагоды першай перадачы Радыё ААН у 1946 годзе і сёлета адзначаецца другі раз. У найноўшай гісторыі Беларусі былі закрытыя дзьве незалежныя радыёстанцыі. Аб’ектыўная інфармацыя ў беларускім радыёэфіры гучыць з-за межаў краіны.

Адна зь першых незалежных радыёстанцый у Беларусі — «Аўтарадыё», якая працавала на тэрыторыі краіны з 1992 году, спыніла эфірнае вяшчаньне ў 2011 годзе ў выніку шэрагу судовых працэсаў з ініцыятывы дзяржаўных структур. Дырэктар Юры Базан нагадаў, як гэта адбывалася:

«Закрылі яго паводле абвінавачваньня „аб распаўсюджваньні экстрэмісцкіх заклікаў“. У нас гучалі агітацыйныя ролікі Саньнікава, якія былі складзеныя зь ягонай перадвыбарчай праграмы. Гэтая перадвыбарчая праграма была апублікаваная ва ўсіх дзяржаўных газэтах. Але гэтыя фразы, у прыватнасьці — „Лёс краіны вырашаецца не на кухні, а на плошчы“, — былі расцэненыя як заклікі да экстрэмізму. Праляскоўскі заявіў, што ён будзе шукаць справядлівасьці. Справядлівасьць, на думку ўлады, — гэта зьнішчыць, закрыць, растаптаць. Людзей, якія стваралі радыё, раскідала: шмат хто зьехаў за межы Беларусі».

Незалежнае «Радыё 101,2» праіснавала ў беларускай мэдыйнай прасторы каля году і было зачыненае яшчэ ў сярэдзіне 90-х гадоў з фармальных прычынаў. Праўдзівай жа падставай сталася беларуская мова вяшчаньня, незалежная інфармацыя і высокі рэйтынг, асабліва сярод моладзі, кажа дырэктар тагачаснага «Радыё 101,2», а цяпер — дырэктар «Эўрарадыё» Зьміцер Новікаў:

«Фармальна прычына была сфармуляваная як тэхнічная перашкода спэцслужбам, бо нашая антэна разьмяшчалася ў цэнтры гораду. Ну, а ў сапраўднасьці дзяржава на той час пачала пільнаваць моладзь, а „Радыё 101,2“ было лідэрам сярод моладзі, і мы, пэўна, былі небясьпечныя. Пасьля закрыцьця многія людзі зьехалі: у Амэрыку, у Расею, некаторыя пачалі ствараць нешта іншае. І цяпер я як прадстаўнік „Эўрарадыё“ лічу, што яно зьяўляецца працягам тых пачынаньняў. На жаль, мы застаёмся па-за межамі краіны і марым вярнуцца назад, каб рабіць якаснае інфармацыйнае радыё для Беларусі».

Гэтаксама з тэрыторыі Польшчы працуе яшчэ адно незалежнае беларускае радыё — «Радыё Рацыя». Гаворыць дырэктар Яўген Вапа:

«Для таго і стваралася „Радыё Рацыя“, каб даваць незалежную інфармацыю пры той прапагандысцкай вайне, якую вядзе кіраўнік дзяржавы разам з усім сваім апаратам супраць незалежнага грамадзтва і журналістаў. Таму наш калектыў і стараецца рабіць свабодную і незалежную журналістыку».

Тым часам у беларускім FM-эфіры працуюць дзясяткі радыёстанцый, якія, аднак, нельга назваць незалежнымі інфармацыйнымі крыніцамі, кажа намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец:

«Перадусім гэтыя станцыі камэрцыйныя, і яны выбудоўваюць сваю рэдакцыйную палітыку ў адпаведнасьці з умовамі камэрцыйнай дзейнасьці ў Беларусі. Сярод іх мы бачылі адзіны прыклад — „Аўтарадыё“, якія спрабавалі трымацца больш незалежнай пазыцыі. На жаль, гэтае радыё было закрытае два гады таму. І якраз у гэтыя дні адбываўся працэс закрыцьця „Аўтарадыё“».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG