Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З 14 красавіка пачынае дзейнічаць указ № 40, які зьмяняе правілы правозу тавараў з-за мяжы і ўводзіць абмежаваньні на кошт і вагу пасылак з-за мяжы для грамадзян Беларусі.

1. Вызначаны новыя абмежаваньні на ўвоз тавараў з-за мяжы.

Цяпер, калі вы ўвозіце з-за мяжы тавары для ўласнага карыстаньня часьцей як адзін раз у тры месяцы, то рэчы коштам больш за 300 эўра і вагой больш за 20 кіляграмаў ня будуць прызнавацца рэчамі для асабістага карыстаньня. Давядзецца плаціць мыта.

Раней дзейнічала абмежаваньне толькі на разавы ўвоз: 1500 эўра і 50 кіляграмаў на чалавека.

Гэтая норма таксама застаецца, калі вы езьдзіце за мяжу радзей як адзін раз на квартал.

Але вы ня зможаце раз на тры месяцы прывезьці, да прыкладу, тэлевізар. Нормы па ўвозу бытавой тэхнікі застаюцца ранейшыя. Тэлевізар, дзіцячы вазок можна прывезьці раз на тры гады, камплект з чатырох шынаў — раз на два гады.

Зусім ня важна, што вы езьдзіце за мяжу і нічога не прывозіце — нормы новага ўказу прымяняюцца па факце перасячэньня мяжы, а не па ўвозе тавараў. Таму ва ўказе няма выключэньняў для тых, хто часта выяжджае за мяжу ў камандзіроўкі.

Паездкі за мяжу да 14 красавіка ня ўлічваюцца. Калі чалавек едзе за мяжу пасьля 14 красавіка, пры вяртаньні назад у краіну ён можа прывезьці новых тавараў на суму 1,5 тысячы эўра вагой да 20 кіляграмаў. Гэта ніякім мытам і зборамі не абкладаецца. А вось калі больш — заплаці мыта.

Паводле ўказу, лічацца «каляндарныя» месяцы. Дакумэнт уступае ў сілу 14 красавіка. Але, да прыкладу, 30 чэрвеня і 1 ліпеня — гэта ўжо розныя месяцы. Нават калі чалавек вёз дарагую рэч 30 чэрвеня, то новы адлік пачынаецца 1 ліпеня, то бок пачынаючы з 1 чысла ўжо можна правозіць пакупкі коштам больш за 300 эўра і вагой больш за 20 кіляграмаў.

А вось калі вы першы раз пасьля 14 красавіка зьезьдзілі за мяжу і нічога каштоўнага не прывезьлі, а другі раз (да сканчэньня трох каляндарных месяцаў) вырашылі зьезьдзіць і атаварыцца, прывезьці, да прыкладу, ноўтбук за 500 эўра, вам давядзецца заплаціць мыта і падатак на дададзеную вартасьць.

Калі рэчаў некалькі, то ўладальнік сам вызначае сярод іх тавары, агульная мытная вартасьць і вага якіх не перавышае 300 эўра і 20 кіляграмаў. Пры гэтым іх трэба дэкляраваць. У нормы ўваходзяць і прадукты, тавары, алькаголь з крамаў «duty free».

Нельга «дзяліць» адну рэч на дваіх. Калі, да прыкладу, вы з жонкай купілі айфон за 600 эўра, заплаціць мыта, збор (50€) і ПДВ (20%) усё адно давядзецца.

Калі ў адным аўтамабілі едуць два чалавекі, зь якіх адзін перасякае мяжу ўпершыню за тры месяцы, а другі езьдзіў ужо ня раз — правілы прымяняюцца да кожнага паасобку.

Калі вы едзеце за мяжу з уласнай дарагой тэхнікай (фотаапаратам, ноўтбукам) ці ў дарагой вопратцы (кшталту норкавага футра), лепш гэтыя рэчы ўнесьці ў дэклярацыю пры выезьдзе. Каб на зваротным шляху ў мытнікаў не было да вас прэтэнзіяў.

Сытуацыі могуць узьнікаць розныя. Таму з 14 красавіка ў мытнях і Дзяржаўным мытным камітэце пачынаюць працаваць кол-цэнтры па новых правілах увозу тавараў для асабістага карыстаньня.

Як мытня будзе вызначаць кошт тавараў?

Грамадзяне самі могуць прадʼявіць дакумэнты (таварныя чэкі, квітанцыі аб аплаце, рахунак-фактуру, дамову ды іншыя). Пажадана іх мець, бо вельмі цяжка будзе даказаць, што вы, да прыкладу, купілі тавар на распродажы з сурʼёзнай зьніжкай.

Пры адсутнасьці дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць кошт тавару, цану вызначаць супрацоўнікі мытні самастойна.

Калі ў 7, які праходзіць празь зялёны калідор, знойдуць тавары звыш нормы ўвозу, яго могуць прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасьці (недэкляраваньне тавараў).

Ці ёсьць выключэньні з правілаў?

Новыя правілы ня тычацца супрацоўнікаў дыпляматычных прадстаўніцтваў і консульскіх установаў. Таксама калі вы ляціце самалётам, то на вашы закупы і асабістыя рэчы правілы не распаўсюджваюцца.

2. Пасылкі — не даражэй за 22 эўра ў месяц

Цяпер кошт тавараў, якія грамадзяне атрымліваюць у пасылках з-за мяжы, не павінен перавышаць 22 эўра ў месяц, а максымальная вага тавараў — ня больш за 10 кіляграмаў у месяц.

Дагэтуль можна было атрымліваць пасылкі на суму да 200 эўра ў месяц і вагой ня болей за 31 кіляграм.

За перавышэньне нормы давядзецца плаціць 30% ад кошту тавару, але ня менш як 4 эўра за кіляграм.

Дзяржаўны мытны камітэт тлумачыць гэта тым, што ў звычайных пасылках у Менск прыходзяць камэрцыйныя партыі тавараў. Паводле дадзеных Мытнага камітэту, больш за 250 тысяч беларусаў атрымалі з-за мяжы ад 10 да 100 і больш пасылак у год. Мытнікі параўналі паказчыкі па гадах: аказалася, абʼём пасылак з 2013 па 2015 гады вырас у 6 разоў (з 1,9 мільёна до 11,8 мільёна). Пры гэтым, паводле інфармацыі Мытнага камітэту, больш за 90% грамадзян Беларусі наагул не атрымлівалі міжнародных пасылак летась.

«Фактычна норма будзе тычыцца толькі тых, хто займаўся камэрцыйным увозам тавараў пад выглядам тавараў для асабістага карыстаньня празь міжнародныя пасылкі», — лічыць намесьнік старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэту Ўладзімер Арлоўскі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG