Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Топ-10 указаў: Як Лукашэнка «паляпшаў» жыцьцё беларусаў


Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Большасьць указаў, зьвязаных з увядзеньнем новых падаткаў і выплат, беларускія ўлады абгрунтоўваюць прыкладамі з заходніх краін — маўляў, і там плоцяць за аўто, і там шмат «цягне» камуналка. Пры гэтым замоўчваюцца суадносіны заробкаў ды пэнсіяў у Беларусі, з аднаго боку, і ў Эўразьвязе — з другога.

Свабода сабрала дзясятку самых значных указаў і дэкрэтаў Аляксандра Лукашэнкі, якія адбіліся на кашальку беларусаў.

1. Пасылка каштуе больш за 22 эўра — плаці 30%

Указ прэзыдэнта № 40 зьмяніў велічыні лімітаў на пасылкі бяз мыта. У параўнаньні з ранейшымі нормамі, якія таксама былі зацьверджаныя прэзыдэнцкім указам паўтара года таму, сума пасылкі, якая ня будзе абкладацца падаткам, зьмяншаецца амаль у 10 разоў, а вага — утрая. Такім чынам, раз на месяц кожны чалавек мае права атрымаць пасылку коштам ня больш як 22 эўра і вагой ня больш за 10 кіляграмаў. Калі больш — трэба будзе плаціць 30% ад кошту пасылкі.

2. Ня маеш працы — плаці 20 базавых

Паводле дэкрэту № 2 грамадзяне Рэспублікі Беларусь, замежныя грамадзяне, якія стала пражываюць у Беларусі, і асобы без грамадзянства, якія ня ўдзельнічалі ў фінансаваньні дзяржвыдаткаў або ўдзельнічалі ў такім фінансаваньні менш як 183 каляндарныя дні ў мінулым годзе, абавязаныя выплаціць збор у 20 базавых велічынь.

3. Не заплаціў за дармаедзтва — штраф 2–4 базавыя

А тых, хто будзе ўхіляцца ад выплаты 20 базавых за дармаедзтва, чакае пакараньне: штраф ад 2 да 4 базавых велічынь або адміністрацыйны арышт.

4. Маеш аўто — плаці ад 3 да 11 базавых

Юрыдычна гэта было аформлена Законам Рэспублікі Беларусь № 96-З «Аб унясеньні зьмяненьняў і дапаўненьняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаньнях прадпрымальніцкай дзейнасьці і падаткаабкладаньня». У сувязі з гэтым у Беларусі зьявіўся новы абʼект абкладаньня дзяржпошлінай — аўтамабілі або іх уладальнікі.

Для фізычных асобаў такі падатак на легкавік цяпер складае ад 3 да 11 базавых велічынь у залежнасьці ад вагі машыны.

5. Рост платы за паслугі ЖКГ

Пасьля шквалу абурэньняў коштамі, які прайшоў на пачатку году, у сакавіку выйшаў указ № 107, пакліканы разабрацца з жыроўкамі, выпісанымі, паводле Лукашэнкі, «ад балды». У адпаведнасьці з указам тарыфы перагледзелі, а жыроўкі пералічылі. Але ў цэлым плата за шэраг паслуг усё ж павысілася. Гэта тычыцца найперш карыстаньня ліфтам і адлічэньняў на капітальны рамонт.

6. Прадпрымальнікі

Знакаміты ўказ № 222 быў дапоўнены, але яго сутнасьць для прадпрымальнікаў засталася тая самая — гандляваць без сэртыфікатаў нельга, у іншым выпадку — штрафы і канфіскацыя тавару. Церпяць праз гэты ўказ ня толькі самі дробныя гандляры, але і іх кліенты, якія страчваюць магчымасьць набываць якасныя тавары па прымальных коштах.

7. На пэнсію — у 58 і 63 гады

Указ яшчэ ня выйшаў, але прэзыдэнт абвясьціў, што беларускі цяпер будуць выходзіць на пэнсію ў 58 год, беларусы — у 63.

8. Падатак на сувязь вырас да 25%

Падатак на даданую вартасьць паслуг электрасувязі, якія аказваюцца абанэнтам у Беларусі, падвышаецца да 25%. Такая норма зьмяшчаецца ва ўказе № 111 «Аб падаткаабкладаньні і зацьвярджэньні бюджэту пражытковага мінімуму».

9. А на транспарт — на 20%

Указам № 111 таксама прадугледжана, што падаткам на даданую вартасьць у памеры 20% абкладаюцца ў Беларусі паслугі па перавозцы пасажыраў гарадзкім і прыгарадным аўтамабільным транспартам — у тым ліку электрычкамі, мэтро, параходамі, чыгункай.

10. Падатак на кароткатэрміновыя дэпазыты — 13%

Дэкрэтам № 7 замацаваная норма, якая тычыцца прыцягненьня грашовых сродкаў ва ўклады (дэпазыты). У адпаведнасьці з дэкрэтам на працэнты па кароткатэрміновых укладах фізычных асобаў уводзіцца падаходны падатак, які складае 13% і спаганяецца толькі з адсоткаў, налічаных на ўклад.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG