Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каб хоць гэты лес пасьпець высекчы! Новы Лясны кодэкс зьменшыць зялёную зону вакол гарадоў і ўскладніць экспарт лесу


Высечка лесу на месцы будаўніцтва кітайскага індустрыяльнага парку ў Смалявіцкім раёне

Высечка лесу на месцы будаўніцтва кітайскага індустрыяльнага парку ў Смалявіцкім раёне

Абарончыя лясныя палосы вакол гарадоў скароцяць у некалькі разоў, а ў лясах пад аховай дазволяць суцэльныя высечкі. Калі ў парлямэнце прымуць новую рэдакцыю Ляснога кодэксу, сустрэча з дрывасекам у лесе ўжо ня будзе для гараджан рэдкасьцю.

У той час як заканадаўцы хочуць павялічыць дазволеныя аб’ёмы высечкі, навукоўцы і лесьнікі зьдзіўляюцца: навошта?! Ужо пяць гадоў як нашы лясгасы сьпілоўваюць ня болей за 70% лесу ад пляну.

Патрэбна было пару зьменаў, а атрымалі новы кодэкс

«У нас было даволі неблагое заканадаўства, — расказаў Свабодзе Максім Ярмохін, вядучы навуковы супрацоўнік Інстытуту экспэрымэнтальнай батанікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. — Яно дасталася нам ад СССР, удасканальвалася. З пункту гледжаньня аховы прыроды і выкарыстаньня лесу яно было адэкватнае. Дастаткова было некаторых зьменаў».

Першы варыянт Ляснога кодэксу атрымаў вельмі добрую ацэнку ад міжнародных арганізацыяў. Напрыклад, Аляксей Ярашэнка, кіраўнік ляснога аддзелу Грынпіс Расеі, азнаёміўся з абодвума праектамі кодэксу. У сваёй ацэнцы ён піша, што калі б кодэкс быў прыняты ў першым варыянце, за беларускіх калегаў можна было б толькі парадавацца і парэкамэндаваць іх досьвед для выкарыстаньня ў Расеі.

«Бачна, што ягоная аснова рыхтавалася спэцыялістамі-практыкамі, якія разумеюць, як працуе лясная гаспадарка», — піша Ярашэнка.

Аднак пасьля таго, як гэты праект Ляснога кодэксу прынялі ў першым чытаньні ў Нацыянальнай палаце прадстаўнікоў, дакумэнт быў кардынальна перапісаны. Самыя галоўныя небясьпекі, на якія зьвяртаюць увагу эколягі й навукоўцы, — гэта павелічэньне долі эксплюатацыйных лясоў.

Белавеская пушча, архіўнае фота

Белавеская пушча, архіўнае фота

За кошт лясоў пад аховай хочуць атрымаць хуткі прыбытак

Паводле дзейнага кодэксу лясы падзяляюцца на дзьве групы. Першая група — пад аховай. Гэта ўсе нацпаркі і запаведнікі, асаблівыя тэрыторыі пад аховай, водаахоўныя, санітарна-гігіенічныя лясы. Такіх у нас 51% ад усяго лесу. Другая група — усе астатнія, або эксплюатацыйныя лясы.

Аднак нават калі лес аднесены да першай групы, гэта не азначае, што высечка там забаронена. Розьніца толькі ва ўзросьце дрэваў, зь якога можна пачынаць высечку. У другой групе — гэта 80 гадоў, у першай —100.

«Існавала вуснае распараджэньне — зьменшыць лясы першай групы з 51% да 35%, — кажа Ярмохін. — Чаму менавіта на столькі, ніяк не абгрунтоўвалася. Навуковых падстаў для такога рашэньня не было».

Падставы тут зусім іншыя — эканамічныя. Рэч у тым, што якасьць 100-гадовай драўніны, якую атрымліваюць зь першай групы, нашмат вышэйшая за якасьць 80-гадовай драўніны другой групы.

«Многія навукоўцы ўжо даўно кажуць пра тое, што ўзрост высечкі ў другой групе трэба павялічыць, — кажа Ярмохін. — Але ў нас вырашылі зрабіць прасьцей — перавесьці частку першай групы ў эксплюатацыйныя лясы. Фактычна гэта крок назад».

Лесавоз на пушчанскай дарозе

Лесавоз на пушчанскай дарозе

Лясгасы не пасьпяваюць усё пілаваць

Такім чынам Міністэрства лясной гаспадаркі ўмомант атрымае вялікія плошчы сьпялейшых, а значыць, і даражэйшых лясоў. Але ці змогуць нашы лясгасы справіцца з большымі плошчамі лясоў? Як расказаў Свабодзе дзейны лясьнік, шмат якія лясгасы ня могуць сёньня высекчы нават той лес, які ім даведзены плянам.

«Даволі складана пасьпяваць праводзіць высечку нават разьліковай лесасекі (плян па высечцы на сэзон. — РС), — расказаў Сяргей. — «У некаторых лясгасаў не хапае сіл нават на свае лесасекі. А калі іх яшчэ павялічыць, самі лясгасы не дадуць рады».

Словы лесьніка пацьвярджае й статыстыка. Прынамсі, апошнія пяць гадоў разьліковую лесасеку выпілоўваюць на 60–70%.

Складанасьць у тым, што раней лесанарыхтоўкай займаліся асобныя арганізацыі — леспрамгасы. Але паступова іхнія функцыі перакладвалі на лясгасы, якія раней займаліся толькі вырошчваньнем лесу і яго аховай.

Зь мінулага году ў лясгасах пачалі ствараць лесапункты — падразьдзяленьні ўнутры лясгасаў, якія займаюцца выключна высечкай. Некаторыя ўчасткі сасьпелага лесу бяруць у арэнду староньнія прадпрыемствы, рэшту лясгас мусіць высякаць самастойна.

«Сьпілаваць сасну і елку мы пасьпяваем, а вось зь мяккалісьцевымі пародамі — бярозай, алешынай, асінай — невядома што рабіць».

Па словах лесьніка, такая драўніна ідзе толькі на перапрацоўку — на вытворчасьць фанэры, ДВП і ДСП. Але нашы прадпрыемствы сёньня ня ў стане перапрацоўваць тую колькасьць драўніны, якую могуць паставіць ім лясгасы.

«Пакуль канцэрн „Беллеспаперапрам“ ня мае такой патрэбы. Калі скончыцца мадэрнізацыя дрэваперапрацоўчых прадпрыемстваў, можа, будзе попыт на бярозу і алешыну».

З такім кодэксам прадаваць драўніну за мяжу не атрымаецца

Падобна да таго, што падстаў, каб павялічваць плошчу эксплюатацыйных лясоў, сёньня няма: у Беларусі няма ані попыту на драўніну, ані магчымасьцяў высякаць болей. Абмежаваны й экспарт: ужо з наступнага году неапрацаваную драўніну вывозіць за мяжу будзе нельга. Аднак новы кодэкс можа нашкодзіць нават дазволенай катэгорыі экспарту.

Усе часьцей замежныя дрэваперапрацоўчыя кампаніі патрабуюць ад пастаўшчыкоў драўніны сэртыфікат Лясной апякунскай рады (Forest Stewardship Council, FSC) —. Сэртыфікат прадугледжвае даволі жорсткія патрабаваньні да вядзеньня лясной гаспадаркі. Толькі выканаўшы іх, лясгас можа займацца экспартам.

Па словах Ярмохіна, які каардынуе дзейнасьць групы па распрацоўцы стандартаў FSC для Беларусі, сёньня беларускае заканадаўства мае да вядзеньня лясной гаспадаркі яшчэ стражэйшыя патрабаваньні, а таму 70% лясгасаў атрымалі міжнародны сэртыфікат. Але калі новую вэрсію Ляснога кодэксу прымуць, то могуць узьнікнуць супярэчнасьці нашага заканадаўства і FSC.

Калі ў Беларусі прымуць новы варыянт Ляснога кодэксу, экспарт нашай прадукцыі можа быць заблякаваны, кажа Цімафей Піко, спэцыяліст па прыродаахоўных пытаньнях ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны».

«Цяперашняя рэдакцыя Ляснога кодэксу ніяк не арыентаваная на сэртыфікацыю, — кажа Піко. — Было ўжо некалькі выпадкаў у Расеі, калі IKEA вяртала купленую драўніну, пасьля таго як у пастаўшчыка адклікалі сэртыфікат FSC».

Чаму дрывасекі прыйдуць у зялёныя зоны каля гарадоў?

І калі адкліканьне міжнародных сэртыфікатаў і зьмяненьне працы лясгасаў — рэчы ня надта відавочныя для абывацеля, то прыход дрывасекаў у зялёныя зоны вакол гарадоў заўважаць паўсюль, дзе могуць дазволіць суцэльныя высечкi.

Сёньня сячы дрэвы забаронена ў 10–15 км зоне вакол Менску, а новы кодэкс зьмяншае ахоўную зону да 5 км. Вакол абласных гарадоў яна зьменшыцца да 2 км, вакол гарадоў абласнога падпарадкаваньня — да 500 м, вакол іншых населеных пунктаў — да 100 мэтраў.

Гэта можа прывесьці да таго, што высечкі будуць проста пад бокам гараджанаў. Хоць памер зялёных паясоў разьлічаны пад насельніцтва горада і адпаведныя выкіды вуглякіслага газу.

«Такім чынам пад высечку аддаюцца вельмі добрыя для лесанарыхтоўкі ўчасткі, — разважае Ярмохін. — Цяпер лесапаркавая зона вакол Менску даходзіць да Раўбічаў. А гэта 100-гадовыя сосны і яліны, якія прасьцей высекчы пры дарозе, чым лезьці ў цяжкадаступнае балота».

Пакуль праект не разгледжаны ў другім чытаньні, грамадзкія арганізацыі заклікаюць перагледзець яго з удзелам грамадзкасьці. Два месяцы таму была запушчана кампанія збору подпісаў супраць другога варыянту Ляснога кодэксу. На сайце change.org пад пэтыцыяй ужо падпісалася амаль 17 тысяч чалавек.

Таксама 19 грамадзкіх арганізацыяў падпісаліся супраць новага варыянту Ляснога кодэксу. Вольга Каскевіч, старшыня ГА «Багна», кажа: удзел грамадзкасьці ў абмеркаваньні дадзенай вэрсіі Ляснога кодэксу павінен быць абавязковым.

«Мы дамагаемся ў першую чаргу, каб улічылі нашы прапановы, якія мы выпрацавалі сумесна са спэцыялістамі», — кажа Каскевіч.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG